/ / Общественно-политические
12.07.2018

Пратэрмінаваныя, памытыя і парваныя пашпарты: з якім дакументам пагранічнікі не выпускаюць грамадзян за мяжу

Лета-2018 ставіць рэкорды па колькасці паездак за мяжу, якія не адбыліся. У Дзяржаўным пагранічным камітэце паведамілі, што толькі ў чэрвені пагранічнікі выявілі ў грамадзян нашай краіны каля 200 несапраўдных пашпартоў – з вырванымі або размаляванымі старонкамі, з размытымі надпісамі, фатаграфіямі, нейкiмi пячаткамі. А яшчэ часта турысты забываюць праверыць тэрмін дзеяння дакумента, а маладыя муж і жонка не ўлічваюць, што з новым прозвішчам трэба атрымаць і новы пашпарт. І зрабіць гэта абавязкова на працягу месяца. Што яшчэ трэба ведаць, каб засцерагчы сябе ад непрыемнасцей на мяжы, і як працуюць нашы пагранічнікі ў разгар сезона адпачынкаў? Аб гэтым – у рэпартажы з пункта пропуску «Варшаўскі мост».

Пограничный контроль

Кантралёр аддзялення пагранічнага кантролю «Варшаўскі мост» Мікалай Верамчук аддае дакументы сям’і падарожнікаў. Робіць невялікую паўзу. Прычына – чарга на польскім баку. Машыны стаяць ажно да беларускага шлагбаума. Трэба пачакаць, пакуль польскія калегі хоць трохі разгрузяць мост паміж дзвюма краінамі:

– У гэтую пару людзей у пункце пропуску асабліва многа. Сезон адпускоў. У Заходнюю Еўропу едзе шмат турыстычных аўтобусаў, павялічваецца паток з Расіі. Сёння з дакументамі праблем ні ў каго не было. Але ж здараецца рознае. Напрыклад, трапіў чалавек пад дождж, фотаздымак у пашпарце размок, або пячатка расплылася. Відавочна, на граніцы яму давядзецца затрымацца.

У пункце пропуску я налічыў каля 30 аўтамабіляў. Яшчэ больш – перад уездам. Кіроўца старога «Форда» пан Лешэк ужо прайшоў беларускую граніцу, але за шлагбаум не выехаў – там усё забіта. Ёсць час пагаварыць:

– З Польшчы ў Беларусь і назад я езджу прыкладна два разы на тыдзень. Можна сказаць, бізнес у мяне такі. Да чэргаў прызвычаіўся, таму нават не нервуюся. Нічога ж не зменіш. На беларускім баку граніцы правёў больш за дзве гадзіны. У палякаў прастаю прыкладна столькі ж. А можа, нават і больш. Бачыш, чарга амаль што не рухаецца…

Побач з выездам на польскі бок чакаюць турысты з Расіі. Кіроўца «Лексуса» Андрэй Рубан ахвотна і эмацыянальна дзеліцца ўражаннямі:

– Мы едзем з Екацярынбурга ў Прагу. У дарозе ўжо чацвёрты дзень. Затрымаліся ў Брэсце. Тут вельмі смачныя персікі, вішні, а маласольныя гуркі яшчэ смачнейшыя! Цудоўны горад! Сёння зранку паехалі ў крэпасць, а адтуль – на граніцу. Нас палохалі неверагоднымі чэргамі, нават прапаноўвалі за 5 тысяч расiйскiх рублёў праводзіць да іншага перахода. Але ж мы адмовіліся. 40 хвілін правялі ў зоне чакання і паўтары гадзіны непасрэдна ў пункце пропуску. Улічваючы колькасць людзей, аўтобусаў і аўтамабіляў, гэта вельмі аператыўна. Так што перадайце беларускім пагранічнікам і мытнікам «рэспект».

«Рэспект» перадаў выконваючаму абавязкі начальніка аддзялення пагранічнага кантролю «Варшаўскі мост» Яўгену Семянюку. Ён расказаў, што зараз у пагранічнікаў ва ўсіх адносінах гарачыя дзянькі:

– Летам колькасць людзей, якія перасякаюць мяжу, узрастае на 20–30 працэнтаў. У буднія дні пасажырапаток складае, як мінімум, 2500 чалавек. А, напрыклад, падчас вялікіх выхадных напярэдадні 3 ліпеня мы штодня афармлялі па 10 тысяч чалавек. Да таго ж значна ўзрасла колькасць арганізаваных турыстычных груп, якія едуць з Польшчы, Славакіі, Нідэрландаў у Беларусь. Штодзень мы афармляем каля 200 аўтобусаў. Ну і зараз праходзіць чэмпіянат свету па футболе. Праз «Варшаўскі мост» едуць аматары з розных краін. Нават з Каморскіх астравоў, Гвінеі-Бісау i Сенегала…

Да гэтай падзеі пагранічнікі падрыхтаваліся. Павялічылі колькасць супрацоўнікаў, якія валодаюць англійскай, нямецкай і французскай мовамі, зрабілі спецыяльныя інфармацыйныя стэнды.

З парушэннямі заканадаўства на мяжы сустракаюцца кожны дзень. Як правіла, праблемы ўзнікаюць з дакументамі. Яўген Семянюк тлумачыць – перад паездкай трэба не толькі праверыць іх наяўнасць:

– Важна, каб фатаграфія была выразнай, не размытай. Каб не былі размытымі пячатка, подпісы ўладальніка дакумента і асобы, якая выдала пашпарт. Праверце, ці ўсе даныя добра чытаюцца. Таксама звярніце ўвагу на тэрмін дзеяння дакумента.

Важна праверыць наяўнасць усіх старонак у пашпарце, а таксама іх стан. Часта дзеці выкарыстоўваюць бацькоўскія дакументы ў якасці размалёвак. Калі дакумент пашкоджаны катом або сабакам, яго таксама варта замяніць.

Начальнік аддзела ўпраўлення пагранiчнага кантролю Брэсцкай пагранічнай групы Сяргей Васілец расказаў, што з пачатку летняга сезона ў грамадзян Беларусі ў зоне адказнасці пагрангрупы было канфіскавана каля 100 пашпартоў. Прычыны, як правіла, дзве: заканчэнне тэрміну дзеяння дакумента і яго пашкоджанне вадой або іншай вадкасцю.

Каб зрабіць перасячэнне мяжы больш хуткім і зручным, пагранічнікі рэкамендуюць перад паездкай наведаць сайт Дзяржаўнага пагранічнага камітэта і даведацца аб наяўнасці чэргаў у тым ці іншым пункце пропуску. Да таго ж на сайце нядаўна з’явілася інтэрактыўная карта з графікамі чэргаў за апошнія чатыры тыдні. Цяпер спланаваць паездку стала значна прасцей.

Павел Лосіч, «Рэспублiка», 12 ліпеня 2018 г.
(Фота – Павел Лосіч)