/ / Общественно-политические
10.07.2018

Старшыня Гродзенскага аблвыканкама: Колькасць зваротаў на прамыя лінііі за паўгода знізілася на 30 %

Капітальны рамонт, якасць вады, заработная плата... Жыхары Гродзенскай вобласці чарговы раз мелі магчымасць напрамую звярнуцца да старшыні аблвыканкама Уладзіміра Краўцова падчас прамой тэлефоннай лініі.

Владимир Кравцов

Як паведаміў ён, палова зваротаў датычылася работы ЖКГ. Гэтыя пытанні паступова здымаюцца. У прыватнасці, вядзецца растлумачальная работа, напачатку года публікуецца праграма па капітальным рамонце дамоў. Некаторыя пытанні вырашаюцца, што называецца «ў ручным рэжыме». Напрыклад, па званку на прамую лінію аб працечцы водаправода, была накіравана аварыйная брыгада. Жыхарка абласнога цэнтра пацікавілася, ці будзе зроблена ўцяпленне тарцовых сцен дома па вуліцы Кляцкова, 44. Як патлумачыў галоўны інжынер Гродзенскай гарадской ЖКГ Андрэй Кахновіч, такая работа будзе праведзена, але для гэтага патрабуецца дапрацоўка праекта. Жанчыне растлумачылі, што зараз вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на ўцяпленне сцен. Будуць праведзены і іншыя работы – рамонт даху, уваходнай групы, вентыляцыі, ліфта, замена водасцёка.

Паступова здымаюцца і шматлікія пытанні па якасці вады. У вобласці распрацавана праграма, згодна з якой вядзецца будаўніцтва ачышчальных збудаванняў, станцый абезжалезвання і іншых аб'ектаў. Такая ж сітуацыя датычыцца і мясцовых дарог. Адпаведная праграма разлічана на 2018–2020 гады, інфармацыя аб ходзе работ і ўчастках рамонту публікуецца ў СМІ.

Аналіз паказвае, што колькасць зваротаў у абласныя структуры зніжаецца. Многія пытанні жыхары вырашаюць на месцах, у райвыканкамах. Прамыя лініі – гэта інструмент, які дае добры эфект, адзначыў Уладзімір Краўцоў. Такая сувязь працуе не адзін год і дазваляе ўладам трымаць руку на пульсе часу. Аналіз паквартальных зваротаў паказвае, дзе ёсць напружанасць, а дзе яна знята. Напрыклад, за першыя паўгода колькасць зваротаў у абласны выканаўчы камітэт знізілася на 30 %. Такая ж тэндэнцыя назіраецца і ў некаторых раёнах вобласці. Разам з тым не заўсёды на месцах пэўным чынам рэагуюць на звароты альбо жыхары жадаюць атрымаць адказ у вышэйшай інстанцыі. Так, жыхар Слоніма патэлефанаваў, каб паведаміць аб сітуацыі па выплаце зарплаты. Па яго словах, прадпрыемства ліквідавана, але работнікі не атрымалі канчатковы разлік. Уладзімір Краўцоў даў даручэнне раённым уладам дэтальна разабрацца ў сітуацыі і ўрэгуляваць гэтае пытанне.

– Узнікае сітуацыя, калі прадпрыемства пападае ў катэгорыю банкрутаў, узнікае праблема разлікаў з людзьмі, і званок са Слоніма – прыклад такой сітуацыі. Улады павінны ўрэгулёўваць такія спрэчкі.

Важна, каб прадпрыемствы сваечасова разлічваліся з людзьмі, выплачвалі зарплату, – падкрэсліў губернатар, – раней паступала шмат пытанняў па працаўладкаванні, цяпер градус напружанасці знізіўся. На сённяшні дзень на аднаго беспрацоўнага ёсць тры вакансіі. Задача ўлады – каб было больш прапаноў па тых спецыяльнасцях, якія запатрабаваны на рынку працы. Мы працягваем дзейнасць у гэтым кірунку. Ствараюцца новыя працоўныя месцы, аказваецца дапамога ў падрыхтоўцы і перападрыхтоўцы спецыялістаў.

Па словах Уладзіміра Краўцова, усё часцей з'яўляюцца звароты, калі людзі прапануюць свае ідэі і шукаюць з боку ўлады партнёраў. Ёсць прапановы па дабраўпарадкаванні тэрыторый і захаванні гісторыка-культурнай спадчыны. Нямала такіх прыкладаў у Навагрудскім раёне, дзе грамадскі фонд накіраваны на ўзнаўленне старажытнай сядзібы знакамітага роду Храбтовічаў, а прадпрымальнік вядзе работы па захаванні Любчанскага замка. Улады заўсёды ідуць насустрач такім зацікаўленым грамадзянам, падкрэсліў Уладзімір Краўцоў.

Маргарыта Ушкевіч, «Звязда», 10 ліпеня 2018 г.