/ / Общественно-политические
10.01.2018

За якія паслугі ЖКГ плануецца атрымліваць поўную кампенсацыю ад насельніцтва у 2018 годзе?

Прагназаваная з 1 студзеня стапрацэнтная аплата насельніцтвам жыллёва-камунальных паслуг (акрамя цеплаэнергіі) пакуль не здзейснілася. Зацверджаныя Указам Прэзідэнта максімальныя лічбы сёлетніх тарыфаў абяцаюць падняць узровень кампенсацыі жыхарамі ўсяго комплексу паслуг ЖКГ да больш як 70%. Пры агульным планавым павелічэнні з новага года «камуналкі» на 5 долараў некаторыя стаўкі засталіся на ранейшым узроўні, а адна нават патаннела.

Нагадаем, што апошняя індэксацыя тарыфаў на 8% адбылася ў верасні 2017-га, а запланаваная на снежань 10-працэнтная – не праводзілася. Праз гэта на поўнае пакрыццё кошту паслуг ЖКГ насельніцтвам пакуль разлічваць не прыходзіцца. Разам з тым, як мяркуюць у Міністэрстве антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі, з улікам работы па зніжэнні сабекошту камунальных паслуг, за большасць з іх сёлета плануецца атрымліваць поўную кампенсацыю ад жыхароў. Гэта датычыцца тэхабслугоўвання жылых памяшканняў і ліфтаў, водазабеспячэння і водаадвядзення, збору, вывазу і абясшкоджвання камунальных адходаў.

«Калі браць паказчык кампенсавання як сярэдні па краіне ў цэлым, то, магчыма, можна казаць пра 100%, аднак па асобных раёнах і дамах гэтая лічба ўсё роўна такой не будзе. Заўжды нехта будзе пераплачваць, а нехта недаплачваць, калі параўноўваць з фактычнымі затратамі», – пракаменціраваў гэта Генадзь Калёнаў, выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці ў Беларусі.

На ранейшым узроўні засталіся лічбы на ацяпленне і падагрэў вады – 16,9259 рубля за 1 Гкал і капітальны рамонт – 0,0953 рубля за 1 м2 агульнай плошчы жылля. А эканамічна абгрунтаваны тарыф на цеплазабеспячэнне нават зменшыўся да 81,42 рубля за 1 Гкал (было – 91,18 рубля).

Цана звадкаванага газу ў жыллі з індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі ў сезон ацяплення застанецца 5,7713 рубля за 1 м2 агульнай плошчы ў месяц, а летам падрасце да 0,8733 рубля ў параўнанні з былой лічбай 0,8216 рубля.

Кошт астатніх паслуг ЖКГ з 1 студзеня павялічыўся.

Жировка-2018

Як і раней, грамадзянам, якія маюць патрэбу, будуць выдзяляцца дзяржаўныя субсідыі для аплаты «камуналкі», калі яна перавышае 20% месячнага даходу сям'і ў горадзе і 15% – у вёсцы.

Дакладныя (а не максімальныя) лічбы тарыфаў на камунальныя паслугі стануць вядомыя пасля прыняцця адпаведных пастановы Савета Міністраў і рашэнняў аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама.

Ірына Сідарок, «Звязда», 10 студзеня 2018 г.
(інфаграфіка – БЕЛТА)