/ / Общественно-политические
05.01.2018

Настаўнікаў збіраюцца вызваліць ад неўласцівай ім работы: спіс абавязковай дакументацыі абмежаваны чатырма пунктамі

Чарговую спробу супрацьстаяць папяровай бюракратыі ў школах і вызваліць педагогаў ад запаўнення вялікай колькасці незразумелых папер, дзённікаў, планаў і справаздач здзейсніла галоўнае адукацыйнае ведамства. Пастановай Міністэрства адукацыі № 164 ад 27 снежня 2017 года быў зацверджаны пералік дакументаў, абавязковых для вядзення асобнымі педагагічнымі работнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Настаўнік

Паводле пастановы, спіс дакументацыі, якую павінны запаўняць настаўнікі, абмежаваны чатырма пунктамі: класным журналам, каляндарна-тэматычным планаваннем, паўрочным планаваннем і дзённікамі навучэнцаў.

Настаўнік, які выконвае яшчэ і функцыі класнага кіраўніка, акрамя запаўнення класнага журнала і адсочвання дзённікаў навучэнцаў, павінен мець планаванне сваёй работы на паўгоддзе, падтрымліваць у актуальным стане на працягу года сацыяльна-педагагічную характарыстыку класа (карэктаваць яе па меры неабходнасці) і запаўняць асабістыя карткі навучэнцаў.

Выхавальнікі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі павінны ў абавязковым парадку весці журнал групы падоўжанага дня, мець каляндарна-тэматычнае планаванне на чвэрць і штодзённае планаванне. Для педагога-арганізатара абавязковым з'яўляецца планаванне работы на паўгоддзе. Для кіраўніка фізічнага выхавання – план фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў на паўгоддзе і план (сцэнарый) правядзення фізкультурна-аздараўленчага і спартыўна-масавага мерапрыемства. Для педагога дадатковай адукацыі – журнал планавання і ўліку работы аб'яднання па інтарэсах, праграма аб'яднання па інтарэсах і план-канспект заняткаў.

Для настаўніка-дэфектолага спецыяльнага класа і класа інтэграванага навучання і выхавання прадугледжаны наступны пералік: класны журнал, каляндарна-тэматычнае планаванне, паўрочнае планаванне, карты абследавання дзяцей і дзённікі навучэнцаў. Для настаўніка-дэфектолага пункта карэкцыйна-педагагічнай дапамогі – журнал уліку абследаваных і залічаных у пункт навучэнцаў, журнал уліку праведзеных заняткаў і наведвання іх навучэнцамі, гадавое планаванне работы, план-канспект заняткаў, карты абследавання дзяцей і планы карэкцыйна-педагагічнай дапамогі (на кожную групу, падгрупу, індывідуальныя).

Нагадаем, што папярэдняя спроба скарачэння дакументаабароту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і канкрэтызацыі пераліку дакументаў рабілася ў кастрычніку 2014 года. Адпаведны ліст за подпісам тагачаснага Міністра адукацыі Сяргея Маскевіча быў накіраваны ва ўпраўленні адукацыі аблвыканкамаў і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама. Але сітуацыя карэнным чынам не змянілася. На Рэспубліканскім педагагічным савеце ў жніўні 2017 года з удзелам кіраўніка дзяржавы гэта пытанне зноў узнімалася. Таму пастанова Міністэрства адукацыі прымалася ў мэтах выканання даручэння Прэзідэнта – вызваліць настаўнікаў ад непатрэбнай папяровай работы.

Міністэрства адукацыі патрабуе абмежаваць практыку, калі настаўнікаў прыцягваюць да выканання работ, якія не адносяцца да выканання іх працоўных функцый, і выключыць практыку выканання ўстановамі агульнай сярэдняй адукацыі без узгаднення з мясцовымі органамі кіравання адукацыяй і маладзёжнай палітыкі даручэнняў іншых дзяржаўных органаў і арганізацый. У выпадку прыцягнення навучэнцаў школ і гімназій да ўдзелу ў мерапрыемствах, якія праводзяцца іншымі дзяржаўнымі органамі (арганізацыямі), патрабуецца ўзгадняць гэта пытанне непасрэдна з Міністэрствам адукацыі.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда», 5 студзеня 2018 г.