/ / Общественно-политические
15.02.2018

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў тлумачыць, чым карыснае рэпетыцыйнае тэсціраванне для абітурыента

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў заўважылі, што ў абітурыентаў, якія прымаюць удзел ва ўсіх этапах рэпетыцыйнага тэсціравання, вынікі, як правіла, на 10–15 балаў вышэйшыя, чым у тых, хто ігнаруе такую магчымасць.

Поспех на экзамене залежыць ад многіх фактараў. Псіхалагічна да тэставай формы ўступных іспытаў усе ўжо даўно прызвычаіліся, а вось тэхнічная адаптацыя патрабуецца кожнаму новаму пакаленню абітурыентаў. Да рэпетыцыйнага тэсціравання трэба ставіцца ў першую чаргу як да выдатнага сродку самадыягностыкі і адпрацоўкі тэставых тэхналогій.

Для непадрыхтаванага чалавека гэта цэлая навука – як правільна ўносіць у клетачкі адзінкі вымярэння (градусы, працэнты, метры, тоны), лічбавыя адказы ў выглядзе дробу, сімвалы хімічных элементаў або адказ, які складаецца з двух слоў. Незразумела, у якім склоне даваць адказ на пастаўленае пытанне. А цяпер уявіце сабе, што рабіць гэта даводзіцца ў стрэсавай абстаноўцы сапраўднага экзамену, ад выніку якога залежыць, ні больш ні менш, ваша прафесійная будучыня. Задумвацца над «дробнымі» тэхнічнымі момантамі зусім няма часу, бо гадзіннік няўмольна адлічвае хвіліны, што засталіся да заканчэння выпрабавання...

У адрозненне ад цэнтралізаванага, на рэпетыцыйнае тэсціраванне могуць трапіць не толькі абітурыенты, але і дзесяцікласнікі, і бацькі школьнікаў, і настаўнікі, і рэпетытары. Яны могуць прыйсці ва ўніверсітэцкую аўдыторыю, каб на ўласным вопыце пераканацца, ці так проста згуляць ва «ўгадайку» і метадам выпадковага выбару адказаў набраць прыстойную суму балаў. Бо адна справа – разважаць у тэорыі, і зусім іншая – прайсці ўвесь тэст ад «А» да «Я» за строга лімітаваны час.

Зараз у краіне праходзіць другі этап платнага рэпетыцыйнага тэсціравання. А ў сакавіку стартуе трэці. Ён, як правіла, прыцягвае найбольшую ўвагу абітурыентаў, паколькі вясной засвоена ўжо ўся школьная праграма і гэта самы зручны час, каб здзейсніць «разведку боем». Між іншым, кожная новая «рэпетыцыя» экзамену – гэта спосаб яшчэ раз сябе праверыць. Можна спыніцца і на адной спробе, але толькі трапіўшы ў вузаўскую аўдыторыю, атрымліваеш шанц цалкам паглыбіцца ў атмасферу будучага выпрабавання...

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда», 15 лютага 2018 г.