/ / Общественно-политические
14.12.2018

Якія змяненні хочуць унесці ў Закон «Аб турызме» у частцы экскурсійнай дзейнасці

У Мінспорту і турызму актыўна абмяркоўваюць варыянты змяненняў у Закон «Аб турызме». Разлік такі: унесці ў Парламент праект прынцыпова новага дакумента наступнай восенню. У ім хочуць не толькі ўрэгуляваць пытанні ўзаемадзеяння турагенцтваў і тураператараў, але і расставіць кропкі над «i» ў экскурсійнай дзейнасці. У гэтай сферы, мяркуючы па водгуках саміх экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў, даўно наспелі змяненнi.

Экскурсія

Нядобрасумленная канкурэнцыя

Асноўныя нараканні – на нелегалаў. У першую чаргу – прыезджых. Замежныя тургрупы часта едуць да нас са сваім апавядальнікам, які мала за тое, што не павінен працаваць на нашай тэрыторыі, дык яшчэ і вяшчае пра падзеі і славутасці са сваёй званіцы. Такім чынам, маем, настойваюць экскурсаводы, якія не раз падслухоўвалi такія гісторыі, не толькі падрыў іміджу краіны. Крыўдна яшчэ і за страчаную матэрыяльную выгаду: кожны такі расказчык – мінус адна заяўка на паслугі нашых профі.

Крыху менш экскурсаводы незадаволеныя нядобрасумленнай канкурэнцыяй з боку сваіх жа калег, якiя атэставаны ўсяго па пары маршрутаў, але працуюць па дзясятку. Каб вы разумелі: кожную тэму экскурсіі трэба абараніць падчас атэстацыі. Дарэчы, у самых запатрабаваных у запасе па 15-20 тэм. Усяго ж у галіне працуе амаль 1,1 тысячы атэставаных экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў.

Члены камісіі настойваюць: ім важна пераканацца не столькі ў веданні методыкі і тэхнікі правядзення экскурсii, колькi ў валоданні зместам. А то нават i зараз на абароне здараюцца неспадзяванкі: Віцебск блытаюць з Магілёвам, Герцэна з Грыцаўцом. Ці вось яшчэ гісторыя: у экскурсавода сеў навігатар, і ён банальна не зарыентаваўся ў Гомелі. Нягледзячы на такія праколы, нашы турысты скардзіцца не любяць. Але чуткамі профасяроддзе поўніцца. Як і назвамі турфірмаў, якія звяртаюцца па паслугi такіх сумнiўных спецыялістаў.

Справа за кантролем

Сігналы, зразумелая справа, паступаюць у Мінспорту і турызму. Дырэктар дэпартамента па турызме Андрэй Моўчан прызнае: цяперашняя рэдакцыя Закона «Аб турызме» ў большай ступені дэкларатыўная. Шэраг абмежаванняў быццам бы і прапісаны, але санкцый за парушэнне правіл работы няма. Як вынік – адсутнасць пакарання прыводзіць да таго, што рынак набывае бязладны і негатыўны выгляд і фармат. Хоць экскурсаводы – інтэлектуальная эліта турызму і твар краіны. Таму прапановы ведамства наступныя.

Па-першае, даць дакладнае вызначэнне экскурсійнай дзейнасці, прапісаўшы, што без атэстацыі і пацвярджальнага бэйджа працаваць нельга. Сачыць за гэтым будуць супрацоўнікі дэпартамента па турызме і абласных упраўленняў спорту і турызму. Менавіта іх, а не міліцыю плануецца надзяліць паўнамоцтвамі складаць пратаколы. Адразу ж паўстала пытанне: ці не мала будзе кадраў, каб прасачыць за парушальнікамі па ўсёй краіне? Намеснік дырэктара дэпартамента Віталь Грыцэвіч гаворыць, што патэнцыяльных «кантралёраў» не так ужо і шмат. Зрэшты, браць плануюць не колькасцю: пара-тройка такіх мерапрыемстваў з прыцягненнем СМІ – і пытанне адпадзе само па сабе. Экскурсаводы зарабляюць не такія вялікія грошы, каб плаціць штрафы. Тым больш яшчэ ёсць магчымасць канфіскацыі выручкі.

Пра якія штрафы ідзе гаворка? Суразмоўца адсылае да часткі першай артыкула 12.7 КаАП – аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Калі коратка, то за работу без спецдазволу або ліцэнзіі прадугледжаны штраф у 10-50 базавых велічынь, на ІП – у 10-200 базавых з канфіскацыяй незаконна атрыманага даходу цi без яе альбо з пазбаўленнем права займацца прадпрымальніцтвам. Юрыдычнай асобе пагражае ўсё тое ж самае, хіба што штраф большы – да 500 базавых.

Калі ж экскурсавод працуе не па сваіх тэмах, яго чакае некалькі папярэджанняў, а потым атэстацыю могуць прыпыніць на тэрмін да аднаго года. Магчыма, спатрэбіцца ўнясенне змяненняў у пастанову Саўміна № 895 – у само палажэнне аб атэстацыі, каб даць камісіі права збірацца часцей. А каб не было пытанняў пры правядзенні праверак, дадаткова прапісаць, што бэйдж у спецыяліста не толькі павінен быць пры сабе, але і знаходзіцца на бачным месцы. Праўда, экскурсаводы і гіды адразу ж папрасілі распрацаваць новы варыянт нагруднага знака, каб ён даўжэй служыў.

Адразу ж паўстала пытанне: а хто будзе кантраляваць нелегалаў на тэрыторыі музеяў? Паводле Кодэкса «Аб культуры», экскурсійная дзейнасць вядзецца там толькі па ўзгадненні з адміністрацыяй. Адпаведна, і бэйджы могуць выглядаць інакш. Як – ведаюць толькі мясцовыя работнікі. Можа, надзяліць паўнамоцтвамі кантролю яшчэ Мінкульт і аблвыканкамы? Гэтае пытанне яшчэ будзе абмяркоўвацца.

Усе ў рэестр

Пакуль жа высветліўся яшчэ адзін момант: iльготны рэжым працы па прынцыпе аграсядзіб, калі экскурсавод на перыферыі не адкрывае ІП, але падае заяву ў падатковую інспекцыю і выплачвае энную суму раз у год, здаецца, не атрымаецца. З такой ініцыятывай выступаў Рэспубліканскі саюз туріндустрыі. У Міністэрстве па падатках і зборах настойваюць: спіс фізічных асоб, якія маюць права працаваць без рэгістрацыі ІП, сфарміраваны. І ў бліжэйшыя гады ён наўрад ці будзе мяняцца. Ды і не так ужо складана сёння адкрыць ІП, як пра гэта гавораць.

Пакуль ідзе абмеркаванне варыянтаў рашэння праблемы, на сайце Нацагенцтва па турызме запусцілі рэестр, дзе заклікаюць зарэгістравацца, пажадана з прыкладаннем фота ўсіх атэставаных спецыялістаў. Туды змогуць зайсці кліенты, пазнаёміцца завочна з профі, пераканацца ў яго легальнасці, а пазней пакінуць водгук аб рабоце. Дарэчы, амаль дзевяць соцень гідаў і экскурсаводаў адгукнуліся на заклік.

Марыя Друк, «Рэспубліка», 14 снежня 2018 г.
(фота – Сяргей Лазюк)