/ / Общественно-политические
04.12.2018

Менеджмент садзіцца за парту: Як Мінэканомікі прапануе перагледзець сістэму бізнес-адукацыі ў краіне

Ці павінен паспяховы кіраўнік быць з чырвоным дыпломам? Пытанне, хутчэй, рытарычнае. Аднак факт застаецца фактам: спецыялізаваная адукацыя кіраўнікоў істотна павышае поспех і прыбытак любой кампаніі. У Міністэрстве эканомікі распрацавалі праект прафесійнага стандарту «Упраўленне камерцыйнай арганізацыяй» і прапануюць змены ў праект Кодэкса аб адукацыі, якія ствараюць умовы для развіцця ў нашай краіне паўнавартасных бізнес-школ. Чым гэта дапаможа эканоміцы.

МВА

Ліквідацыя непісьменнасці

У эканамічна развітых краінах даўно зацвердзіўся стандарт: фарміраванне прафесійнай кампетэнцыі кіраўнікоў і ўладальнікаў бізнесу, як прыватнага, так і дзяржаўнага, ажыццяўляецца па праграмах МВА. Так на Захадзе, але не ў нас. У нашай краіне за перыяд з 1996 па 2014 гады такія праграмы асвоілі толькі каля 1,2 тысячы слухачоў. Гэта прытым, што, мяркуючы па колькасці кампаній, у краіне працуюць 30–40 тысяч топ-менеджараў, кіраўнікоў сярэдняга і буйнога бізнесу. Гэтую праблему і шляхі яе рашэння абмеркавалі на экспертнай дыскусіі «Адукацыя для бізнесу: роля дзяржавы ў павышэнні ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці менеджменту суб'ектаў гаспадарання».

Начальнік упраўлення эканомікі інавацыйнай дзейнасці Мінэканомікі Дзмітрый Крупскі нагадвае глабальную і амбіцыйную задачу – дасягнуць да 2025 года аб'ёму ВУП у 100 млрд долараў. Дзейснымі інструментамі тут павінны стаць лічбавізацыя эканомікі, новая індустрыялізацыя рэгіёнаў і кластарызацыя бізнесу. Аднак для выкарыстання такіх інструментаў неабходны кіраўнікі новай фармацыі, што рэзка павышае патрабаванні да сферы бізнес-адукацыі.

– Ключавая яе задача ў надыходзячую лічбавую эпоху – ліквідацыя функцыянальнай непісьменнасці кіраўніцкага персаналу. Гэтае пытанне стаіць вельмі востра. Іншыя немалаважныя задачы – гэта распаўсюджанне перадавых кіраўніцкіх тэхналогій і практык у нацыянальнай эканоміцы, а таксама забеспячэнне бесперапыннага росту кампетэнтнасці кіраўнікоў на працягу ўсёй іх кар'еры. Для гэтага трэба стварыць механізм, які пастаянна арыентаваў бы сістэму бізнес-адукацыі на рашэнне дадзеных задач. Ён ужо пачаў фарміравацца. Яго сутнасць у тым, што спачатку ствараецца i зацвярджаецца прафесійны стандарт, дзе дэталёва прапісваюцца функцыі кіраўніка, а затым далей ідзе карэкціроўка адукацыйных стандартаў і праграм, па якіх вядзецца выкладанне дысцыплін, неабходных для фарміравання канкрэтных кіраўніцкіх кампетэнцый.

У гэтым годзе ў Мінэканомікі стварылі Сектаральны савет кваліфікацый, які распрацаваў праект прафстандарту «Упраўленне камерцыйнай арганізацыяй». Ён ужо прайшоў публічнае абмеркаванне на сайце Мінэканомікі, і ў бліжэйшы час яго разгледзяць на Рэспубліканскім савеце па развіцці сістэмы бізнес-адукацыі. Пасля адабрэння саветам праект прафстандарту накіруюць на зацвярджэнне ў Мінпрацы, а ўжо ў наступным годзе пачнецца карэкціроўка адукацыйных стандартаў і праграм.

Рэвалюцыя ад Мінэканомікі

Акрамя гэтага, Мінэканомікі прапанавала істотна дапоўніць дакумент, які ўносіць карэкціроўкі ў Кодэкс аб адукацыі. Перш за ўсё замацаваць правы камерцыйных арганізацый, якія атрымалі статус бізнес-школ, рэалізоўваць праграмы MBA ў фармаце праграм перападрыхтоўкі. Сёння такія правы маюць выключна ўстановы адукацыі, так што для нашай краіны такая карэкціроўка кодэкса будзе мець рэвалюцыйны характар. Таксама да 2021 года плануюць перагледзець усе адукацыйныя праграмы па спецыяльнасцях, звязаных з кіраўніцкай дзейнасцю ў эканоміцы. Усё гэта ў сукупнасці дасць магчымасць ужо з наступнай пяцігодкі забяспечыць масавую падрыхтоўку кіраўніцкіх кадраў новай фармацыі.

Начальнік упраўлення арганізацыі і матывацыі працы галоўнага ўпраўлення працы і заработнай платы Мінпрацы і сацабароны Юрый Гарбацэвіч падтрымлівае ініцыятыву Мінэканомікі і перакананы: новы прафесійны стандарт «Упраўленне камерцыйнай арганізацыяй» прыйдзе на змену звыклым характарыстыкам.

– Стандарт даводзіць зразумелыя патрабаванні: як трэба кіраваць, каб кампанія або гаспадарка працавалі з прыбыткам. Бізнес павінен развівацца, аднак не ўсе дзяржорганы разумеюць гэта. Нярэдка мы атрымліваем пытанні ад дзелавых колаў: «А ці можна браць на працу чалавека без вышэйшай адукацыі?» Калі гаворка ідзе аб кампаніі, дзе працуюць 3 чалавекі, то чаму б і не. Але калі мы вядзем гаворку аб буйным бізнесе, наўрад ці будуць даходы там, дзе непісьменны кіраўнік.

На думку начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Мінадукацыі Сяргея Каспяровіча, распрацоўка прафстандартаў немагчымая без удзелу заказчыка, у дадзеным выпадку – бізнесу. Пры гэтым эксперт звяртае ўвагу: гнуткасць адукацыйных праграм зараз даволі высокая, а таму неабавязкова чакаць уступлення ў сілу новага Кодэкса аб адукацыі. Працаваць можна ўжо сёння: актыўна ўкараняць новыя падыходы і патрабаванні ў праграмах бізнес-адукацыі, тут няма дакладнага кантролю з боку рэгулятара. Міністэрства гатова пачуць усе канкрэтныя прапановы.

Полина Конога, «Рэспублiка», 4 декабря 2018 г.