/ / Общественно-политические
03.12.2018

Як спецыялісты даследуюць зброю, расказалі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз

Нягледзячы на тое, што ў Беларусі няма вольнага абарачэння агнястрэльнай зброі, пісталеты, рэвальверы, даўгаствольныя стрэльбы перыядычна трапляюць на даследаванне да судовых экспертаў. Сумную «майку лідара» тут трымаюць справы, звязаныя з браканьерствам. Але які шлях праходзіць зброя падчас экспертызы? Пра гэта карэспандэнт «Звязды» распытаў намесніка начальніка аддзела даследавання зброі цэнтральнага апарату Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксея Пашкевіча.

Оружие

Рэха «маўзера»

У калекцыі экспертаў-балістаў ёсць унікальныя для Беларусі прадметы зброі. Адзін з самых рэдкіх экзэмпляраў – амерыканскі рэвальвер «Сміт-весан», які, як мяркуецца, быў зроблены ў 1875–1880 гадах. Зараз пабачыць гэтую зброю вагой паўтара кілаграма можна толькі ў вестэрнах. А апынуўся ён у калекцыі выпадкова. Дзесьці ў Мінску паступіла паведамленне па лініі 102, што ў адной з кватэр адбываецца вялікі сямейны скандал. Супакойваць мужа і жонку адправіўся мясцовы ўчастковы міліцыянер. Зайшоўшы ў кватэру, ён пабачыў рэвальвер. Папрасіў прад’явіць дакументы на яго, але неабходных папер у наяўнасці не аказалася.

Але гэта выпадак унікальны. Куды часцей да экспертаў паступаюць на разгляд вінтоўкі Мосіна і «Маўзер», наганы і маўзеры часоў Першай і Другой сусветных войнаў. Амаль усё гэта – рэха шматлікіх войнаў, якія каціліся ў першай палове мінулага стагоддзя праз Беларусь. Некаторыя экзэмпляры, дарэчы, прыносяць у заводскай змазцы. Праўда, датычыцца гэта болей нямецкай зброі. Падчас аперацыі «Баграціён» нацысты адступалі настолькі хутка, што не паспявалі вывозіць зброю з сабой. І закопвалі скрынкі з ёй у зямлю.

– Разам з тым трэба зазначыць, што вінтоўкі, аўтаматы і пісталеты тых часоў, якія захаваліся ў ідэальным стане, – хутчэй выключэнне з правіла, – кажа Аляксей Пашкевіч. – Часцей за ўсё яны дзесяцігоддзямі ляжалі ў зямлі, нічым не абароненыя. Дажджы, снег «здароўя» зброі не дадаюць. Моцная карозія металічных частак, і ў асаблівасці ствала, – гэта ледзь не стандарт. Некаторыя ўмельцы спрабуюць іх аднавіць. Аднак, як правіла, такія экзэмпляры страляць не здольныя. Ці могуць стрэліць толькі адзін раз: высокі ціск, які ўтвараецца ў ствале, проста разарве крохкі метал. А калі ўлічыць, што казённая частка, на якую ён прыходзіцца, размяшчаецца каля твару стралка, то наступствы могуць быць вельмі сумныя.

Самаробныя агнястрэлы

– Значная колькасць экспертыз у нас звязана з выкарыстаннем самаробнай агнястрэльнай зброі, – працягвае Аляксей Пашкевіч. – Прычым некаторыя экзэмпляры, здаецца, збіралі ледзь не «на каленцы». Дагэтуль робяцца «пугачы», якія былі папулярныя яшчэ ў савецкіх школьнікаў. Гэта жалезная трубка, чымсьці прыматаная да драўлянага корпуса. Канструкцыя прымітыўней няма куды, але адначасова з тым і страшная для таго, хто яе выкарыстоўвае. Асабліва калі трубка доўгі час недзе ржавела. І ў тым месцы, дзе падпальваецца порах, газы проста разрываюць крохкі метал.

Але самаробкі «пугачамі» не абмяжоўваюцца. Напрыклад, у 1970-я з узбраення пачалі масава здымаць наганы. Іх перараблялі ў газавыя або сігнальныя рэвальверы. Паколькі ўсё гэта ажыццяўлялася ва ўмовах фабрычнай вытворчасці, то тэхнічныя характарыстыкі такой зброі былі зменены незваротна. Сценкі сталі больш тонкія, змяніў форму баёк. Назад з такой зброі зрабіць агнястрэл ужо немагчыма. Але чамусьці распаўсюджана меркаванне, што дастаткова толькі выдаліць перагародкі – і сігнальны пісталет ператворыцца ў баявы. Першы ж стрэл – і такую пераробленую другі раз прыладу разарве.

– Ёсць у нас і непрызнаныя майстры збройнай справы, – згадвае эксперт. – Іх бы здольнасці ды ў карысны бок направіць... Згадваецца справа, якая адбылася ў Віцебскай вобласці. Неяк папаўся «чорны капальнік», які шукаў зброю часоў Вялікай Айчыннай. Падчас ператрусу ў яго знайшлі не толькі пісталеты і аўтаматы 40-х гадоў мінулага стагоддзя, але і прыкладна дзясятак вырабаў, якія чымсьці нагадвалі экзэмпляры з амерыканскіх фільмаў. Чаго былі вартыя толькі вінтоўкі-трансформеры, якія шляхам некалькіх простых маніпуляцый можна было скласці. Яшчэ праз нас праходзіла зброя з электрычным распальваннем ад акумулятара.

Таксама быў у нас агнястрэл, сабраны ў тым ліку з поліпрапіленавых труб, якія выкарыстоўваюцца цяпер пры сантэхнічных работах. Але пасля першага ж стрэлу гэтая зброя развалілася.

У ціры ў экспертаў-балістаў усталявана спецыяльная канструкцыя для выпрабавання зброі. Калі пісталет, вінтоўка або стрэльба выклікаюць хоць бы найменшыя падазрэнні – скажам, ёсць мікраскапічны скол на ствале, трэшчына ці нешта яшчэ – або з’яўляюцца самаробнымі, то ў ход ідзе аўтаматыка. Эксперты-балісты падчас выпрабаванняў працуюць у тандэме. Яны апранаюць абарончую экіпіроўку, выходзяць з памяшкання і прыводзяць механізм у дзеянне дыстанцыйна. Для атрымання максімальна падрабязнай карціны робяцца тры стрэлы. Але гэта ў ідэале. У рэальнасці ж можа адбыцца так, што пасля першага ж стрэлу які-небудзь самаробны «пугач» разляціцца на кавалкі. Але сваю місію ўстаноўка ўсё адно выканае. Узор кулі будзе атрыманы, а таксама прыборы вымераюць кінетычную энергію снарада, што і паслужыць падставай для экспертнага заключэння.

Партызанскі падарунак

– Які шлях праходзіць зброя ў руках эксперта?

– Гэта залежыць ад таго, на якія менавіта пытанні хоча атрымаць адказ следства. Напрыклад, вялікую колькасць зброі і патронаў мы даследуем па справах, звязаных з фактамі браканьерства. Спачатку мы ў такім выпадку шукаем адказы на пытанні, ці рабіўся стрэл з гэтай зброі і ці ўвогуле гэтая адзінка прыдатная для стральбы? Пасля ўстанаўліваем мадэль і калібр. І толькі пасля гэтага адбываецца кантрольны стрэл. Яго мэта – атрымаць сляды ад праходжання кулі праз канал ствала і ад затвора. Пасля таго як мы атрымалі гэтыя эксперыментальныя ўзоры, пераходзім ужо непасрэдна да куль і гільзаў, знойдзеных на месцы злачынства, і высвятляем супадзенне.

Але бывае і так, што куля ёсць, а «прывязаць» яе да канкрэтнага ствала немагчыма. У такім выпадку яна разам з гільзай трапляе ў рэспубліканскую кулегільзатэку. Там яна і будзе чакаць свайго моманту – пакуль у рукі экспертаў-балістаў не трапіць зброя, з якой яна вылецела.

А вось узнагародная зброя ў даследчыкаў – госць рэдкі. Часцей за ўсё яна паступае да нас пасля спецыяльнай майстэрні, дзе згубіла свае агнястрэльныя ўласцівасці і стала простым масагабарытным макетам. Эксперт, у сваю чаргу, выносіць заключэнне аб тым, што гэты пісталет больш страляць не здольны. І далей ён аддаецца заказчыку. Так праз нас, напрыклад, праходзіў сувенірны пісталет ад нашчадкаў лётчыка, на рукаятцы якога быў выгравіраваны дароўны надпіс ад беларускіх партызан, датаваны 1943 годам...

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 1 снежня 2018 г.