/ / Общественно-политические
03.12.2018

Новы законапраект спросціць для насельніцтва нарыхтоўку дроў і галін

На чарговым пасяджэнні пятай сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання дэпутаты ўхвалілі змяненні і дапаўненні ў Лясны кодэкс.

Лесной кодекс Республики Беларусь - 2017

У прыватнасці, прапануецца ўпарадкаваць выдзяленне ўчасткаў ляснога фонду для нарыхтоўкі драўніны на корані як фізічным, так і юрыдычным асобам пры правядзенні іншых высечак. «Зараз гэта досыць праблематычна ў сувязі з неабходнасцю ўнясення змяненняў у лесаўпарадкавальны праект, – растлумачыў журналістам першы намеснік Міністра лясной гаспадаркі Валянцін ШАТРАЎКА. – Пасля змянення заканадаўства гэта будзе не патрэбна, рашэнне будзе прымацца юрыдычнай асобай, каб насельніцтва магло нарыхтоўваць сабе дровы ў лесе больш проста».

Першы намеснік Міністра растлумачыў, што цяпер дзеля атрымання такога дазволу дастаткова будзе звярнуцца ў лясніцтва, і пытанне вырашыцца на працягу максімум двух дзён.

Таксама прапануюцца змяненні ў сувязі з адсутнасцю ў заканадаўстве азначэння «найважнейшыя інвестыцыйныя аб'екты». Гэта важна пры ажыцяўленні арэнды ляснога фонду дрэваперапрацоўчымі арганізацыямі. Прапануецца дэлегаваць Савету Міністраў права вызначаць крытэрыі выдзялення гэтых участкаў і дрэваапрацоўчыя прадпрыемствы, якія маюць права атрымаць іх у арэнду. Гэта таксама ўпарадкуе сітуацыю, бо апошнім часам назіраецца пэўная дыспрапорцыя ў выдзяленні такіх участкаў, заўважыў Валянцін Шатраўка.

Акрамя таго, праект закона ўзмацняе адказнасць юрыдычных асоб, якім участкі ляснога фонду даюцца ў арэнду. «Справа ў тым, што юрыдычныя асобы не ўвесь аб’ём драўніны нарыхтоўваюць на гэтых участках, – растлумачыў першы намеснік Міністра. – Прапануецца ўнесці таксавы кошт драўніны на корані за ўвесь аб'ём драўніны».

Яшчэ адна норма спрашчае для насельніцтва працэдуру доступу для нарыхтоўкі галін для выкарыстання ў рамесніцкай і прадпрымальніцкай дзейнасці.

Закон уступіць у сілу праз тры месяцы пасля падпісання кіраўніком дзяржавы. Чакаецца, што гэта адбудзецца ў сярэдзіне сакавіка.

Усяго на гэтым пасяджэнні сесіі члены Савета Рэспублікі разгледзелі восем законапраектаў, у тым ліку змяненні ў законы «Аб раслінным свеце», «Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці», змяненні ў некаторыя законы па пытаннях прававой аховы тапалогій інтэгральных мікрасхем і шэраг ратыфікацый міжнародных дакументаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, «Звязда», 1 снежня 2018 г.