/ / Общественно-политические
24.08.2018

Жывёльны інстынкт: Агароджа ад жывёл ужо з'явілася на сямi аўтадарогах. Хутка сетку усталююць яшчэ на дзвюх

Ласі, казулі, зайцы, дзікі... Дзікія насельнікі лесу нярэдка становяцца прычынамі аварый. Асаблiва ў апошнi час шмат паведамленняў аб тым, што на трасе чарговы аўтамабіль збіў жывёлу. На жаль, некаторыя «звярыныя» ДТЗ заканчваюцца для вадзіцеля і пасажыраў лятальна. Жывёла ў бітве з жалезам таксама рэдка выходзіць пераможцам. За год у нашай краіне адбываецца ў сярэднім каля 60 такіх аварый, i большасць з іх прыпадае на восень. Карэспандэнт даведалася, што рабіць, калі вашы шляхі з жывёльным светам перасекліся.

Лось

Разбірацца ў праблеме лепш на канкрэтных прыкладах. Адпраўляюся ў ДКСЭ, куды сцякаецца інфармацыя аб інцыдэнтах з жывёламі на дарогах. Гартаючы масіў здымкаў з месцаў здарэнняў з пашкоджанымі аўто, Віктар Касцюковіч, эксперт аддзела транспартнай трасалогіі ўпраў-лення аўтатэхнічных і трасалагічных экспертыз, вылучае адну заканамернасць:

– Часцей за ўсё выязджаем на такія ДТЗ восенню і ў пачатку зімы. У жывёл на гэты час прыпадае перыяд міграцыі, таму яны раз-пораз выскокваюць на дарогу. Прадбачыць іх паводзіны немагчыма. Звер можа быць раздражнёны, напалоханы ці нават дэзарыентаваны яркім святлом фар. Не выключана, што ён пачне кідацца па дарозе ці нават нападзе, калі злічыць пагрозай аўтамабіль, які праязджае міма.

Небяспечныя не толькі буйныя, але і дробныя жывёлы, накшталт зайца ці лісы. Справа не ў масе, а ў перашкодзе. Вадзіцель не паспявае абдумаць сваё рашэнне, ацаніць рызыкі, а інстынктыўна тузае руль убок, каб захаваць жыццё. Адзін з самых трагічных выпадкаў адбыўся ўзімку 2017 года пад Мінскам. Шматдзетная мама спрабавала аб'ехаць ката, вылецела з трасы і ўрэзалася ў дрэва. Загінула. Трое яе дзяцей пацярпелі.

Віктар Касцюковіч:

– З пункта гледжання людзей, што сядзяць у аўтамабілі, найбольш небяспечныя наезды на высокіх жывёл: лася, каня ці карову... Пры ўдары туша ў некалькі соцень кілаграмаў падае на капот. Часам улятае ў салон. Тут нават самыя наварочаныя сістэмы бяспекі не ўратуюць, бо ўдар адбываецца не ў корпус аўтамабіля, а ў шкло. Наезд на зайца ці дзіка не гэтакі небяспечны. Тут пашкоджваецца пярэдні бампер, радыятар, фары.

Што да пакрыцця шкоды, то з жывёлы нічога не возьмеш. Калі толькі гаворка не ідзе пра свойскую, якая апынулася на праезнай частцы з-за няўважлівасці пастуха. Рашэнне аб кампенсацыі шкоды страхавыя кампаніі прымаюць па кожным інцыдэнце інды-відуальна. Па словах Віктара Касцюковіча, калі справа даходзіць да суда, устанавіць карціну здарэння дапамагае следчы эксперымент:

– Выязджаем на месца, дзе адбылося сутыкненне, і максімальна аднаўляем умовы ў момант аварыі. Надвор'е, час сутак, тэхнічны стан аўтамабіля... Кожная дэталь мае значэнне. Нават колер поўсці жывёлы. Відавочна, што белую карову вадзіцель заўважыць ноччу з большай адлегласці, чым чорную. Замяраем адлегласць да перашкоды, устанаўліваем хуткасць, па формулах разлічваем шлях тармажэння. Так высвятляем, ці меў вадзіцель магчымасць пазбегнуць сутыкнення.

...Некалькі гадоў таму спецыялісты НПЦ Акадэміі навук па біярэсурсах вывучылі аварыі з жывёламі і вызначылі месцы іх найбольшай канцэнтрацыі. Улічылі таксама праходжанне міграцыйных калідораў і колькасць папуляцыі. Карту можна знайсці ў інтэрнэце. Яе даныя выкарыстоўваюцца пры праектаванні аўтамагістраляў.

Зараз дарогі абсталёўваюць спецыяльнымі сеткамі. Яны прадухіляюць выхад дзікіх жывёл на праезную частку. Аднак у сеткі ёсць недахоп. Там, дзе яна перарываецца, жывёла ўсё роўна можа выйсці на праезную частку. Яна трапляе ў калідор, з якога ўжо не можа выбрацца. Так і кідаецца па трасе, спрабуючы прарвацца назад у лес...

Віктар Касцюковіч:

– Пік актыўнасці жывёл на загарадных магістралях выпадае на вечар. Каб палепшыць бачнасць у цёмны час, разам з блізкім ці далёкім святлом уключайце супрацьтуманныя фары. Хаця б на ўчастках, дзе лес падыходзіць блізка да дарогі. У гэтых фар шырэйшы вугал асвятлення. Вам будзе лепш відаць не толькі дарогу, але і абочыну. Калі ўбачыце жывёлу – прымяняйце экстраннае тармажэнне. Не спрабуйце аб'ехаць. Па-першае, аўтамабіль можа занесці, па-другое, спалоханая жывёла ў паніцы можа кідацца па дарозе. Забудзьцеся пра сігнал. Спалохаўшыся гуку, яна можа і напасці.

Напрыканцы мы звярнуліся да камандзіра ўзвода ДПС АДАІ Цэнтральнага раёна Мінска Андрэя Капчана, які расказаў пра нюансы афармлення такіх аварый:

– Сутыкненне з жывёламі таксама адносіцца да ДТЗ. Адказнасць за пакіданне месца здарэння такая ж, як пры сутыкненні з пешаходамі. Вадзіцель павінен застацца на месцы, выставіць знак аварыйнага прыпынку і выклікаць ДАІ. Часта па такіх адміністрацыйных справах не бачыцца парушэнняў з боку вадзіцеля па прычыне непрадбачаных дзеянняў жывёл на дарозе. Інспектары паведамляюць пра здарэнне ў падраздзяленні Мінпрыроды. Не трэба спрабаваць аказаць дапамогу жывёле. Даручыце гэта ветэрынарам. Параненая, яна можа паводзіць сябе вельмі агрэсіўна.

Инна Горбатенко, «Рэспублiка», 24 августа 2018 г.