/ / Общественно-политические и в области права
24.08.2018

Як вырашаецца праблема пустуючых дамоў на вёсцы. Вядзецца работа па карэкціроўцы сотага ўказа

Гнілы плот, праселы дах, пустыя вокны, пустазелле з кінутых участкаў распаўзаецца-рассяваецца па суседніх агародах. І добра, калі яшчэ безгаспадарныя хаткі не аблюбавалі бяздомныя ці алкаголікі...

Ветхий дом

Праблема забытых бацькоўскіх хат не новая. Праўда, сёння яе мала спісваць толькі на сумленне пасталелых дзяцей і ўнукаў, якія носу не сунуць на малую радзіму. Калі гаспадароў не знайсці, клопат пра «раскіданыя гнёзды» кладзецца на плечы дзяржавы. Вось толькі нягледзячы на прынятыя законы, справа з навядзеннем парадку на зямлі да гэтага часу не вырашана. Але сітуацыя павінна змяніцца.

– Дзеючым Указам Прэзідэнта № 100 «Аб мерах па ўдасканальванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці» ад 23 лютага 2012 года быў прапісаны алгарытм дзеянняў у дачыненні такога жылля. Але мясцовыя выканаўчыя камітэты недастаткова ўвагі ўдзялялі гэтай праблеме. Адна з перашкод для работы з пустуючымі дамамі – складанасць з пошукам уласнікаў. Дамы могуць быць незарэгістраваныя, звесткі пра іх у рэгістры нерухомасці адсутнічаюць, у сувязі з гэтым незразумела, куды слаць паведамленні. Шмат узнікала пытанняў з прэтэндэнтамі на такое жыллё, трэба было высвятляць, уступілі яны ў спадчыннасць ці не і якім чынам можна знайсці гэтых людзей. Згодна з указам, калі пасля паведамлення гаспадар не прыняў меры, то ён лічыцца чалавекам, які адмовіўся ад права ўласнасці на жылы дом. У гэтым выпадку мясцовы выканаўчы камітэт можа звяртацца ў суд для прызнання такой маёмасці без гаспадара камунальнай уласнасцю, – расказвае намеснік начальніка юрыдычнага ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Антаніна Торбіна. – Практыка паказвае, што мясцовыя выканаўчыя камітэты не ў поўным аб'ёме выкарыстоўваюць у рабоце са старымі і пустуючымі дамамі ўсе тыя заканадаўчыя рэсурсы, якія сёння існуюць. А гэта не толькі соты указ. Ёсць і другія нарматыўна-прававыя акты, якія дазваляюць сёння весці работу, вызначаць парушэнні, звязаныя з невыкарыстаннем пустуючых участкаў на працягу пэўнага тэрміну: Грамадзянскі кодэкс, Кодэкс аб зямлі. Таксама ёсць у нас і разбураныя дамы, па якіх заканадаўства дазваляе працаваць у зусім іншым кірунку. Ужо больш за два гады вядзецца работа па карэкціроўцы сотага ўказа, разглядалася праблематыка. Неаднаразова збіраліся прадстаўнікі мясцовых выканкамаў. У выніку выпрацавана ўзгодненая новая рэдакцыя ўказа, якая дазволіць вырашыць усе праблемы, якія абазначыла мясцовая ўлада.

Дзе вы, гаспадары?

Часам і ёсць у кінутых хатак патэнцыйныя гаспадары. Вось толькі некаторыя з іх тояцца і да пары да часу не заяўляюць пра свае правы. Адна з прычын – нежаданне плаціць падаткі і несці цяжар па ўтрыманні гэтай маёмасці. Хтосьці баіцца страціць ільготы, якія можа атрымаць ад дзяржавы. Так не афармляюць спадчыннасць, калі стаяць на ўліку асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, паколькі пры вырашэнні пытання аб выдачы льготнага крэдыту такая інфармацыя будзе ўлічвацца.

Але Антаніна Торбіна ўпэўнена, што такія безгаспадарчыя адносіны часта звязаны і з нізкай прававой культурай грамадзян. Маўляў, калі дом належаў дзядам, бацькам, ён аўтаматычна пераходзіць да іх, і яны не звязваюць гэта з неабходнасцю афармлення. Такія людзі не заўсёды разумеюць і ведаюць пра ўсе наступствы, якія можа пацягнуць за сабой адсутнасць належным чынам аформленых дакументаў на маёмасць.

– Калі ў патэнцыяльных гаспадароў проста няма грошай на афармленне, гэта ж не азначае, што яны могуць страціць сваю спадчыну?

– У дзяржавы няма мэты нічога забраць, трэба проста навесці парадак на зямлі. Закінутыя дамы часам садзейнічаюць крымінагеннай абстаноўцы. Усё, што патрабуецца ад уласнікаў – проста даглядаць свае дамы і зямельныя ўчасткі.

– А калі спадчыннік не жадае працаваць на зямлі, ці можа ён напісаць адмову на такі дом?

– Любы чалавек можа добраахвотна адмовіцца ад права ўласнасці на аб'ект, які яму належыць. Напрыклад, падаць пісьмовую заяву ў мясцовы выканаўчы камітэт. У той жа час асоба, якая на доўгі час выбыла ў іншы населены пункт ці нават іншую краіну і хоча захаваць за сабой такі дом, можа падаць паведамленне аб намеры па выкарыстанні маёмасці. Але такія ўласнікі павінны падтрымліваць участак і дом у належным стане. Магчыма, гаспадары (не толькі тыя, хто аформіў, але хто і не аформіў свае правы, у тым ліку спадчыннікі) не змаглі паклапаціцца пра дом з уважлівай прычыны. Зразумела, усё гэта павінна ўлічвацца.

Як не страціць «радавыя гнёзды»?

Каб дом не запісалі ў безгаспадарныя, дзеючым указам трэба было выканаць такі крытэрый: чалавек павінен пражываць у ім на працягу апошніх трох гадоў у сукупнасці не менш як 30 каляндарных дзён у год. Калі гэты тэрмін быў меншы і ўласнік не паведаміў пра свой намер выкарыстаць жыллё для пражывання, дом падпадае пад дзеянне Указа № 100. Але як падлічыць гэтыя дні? І як даказаць, што на працягу трох гадоў хата так і прастаяла без гаспадара? Часам спадчынікі аб'яўляюцца са спазненнем і заяўляюць, што 2-3 гады таму «засвяціліся» ў родных пенатах. І тут выканкамы могуць патрапіць у складанае становішча. Асабліва, калі ў судзе ўжо было прынята рашэнне перавесці кінутую хату ў камунальную ўласнасць, а далей выканаўчы камітэт пажадаў знесці непрыглядны будынак. Якім чынам пакрыць кампенсацыю за знесены дом?

Пошукам кінутых хат займаюцца спецыяльныя камісіі

Выяўляцца «закінутыя гнёзды» будуць у першую чаргу на падставе візуальнага агляду. Іншымі словамі, калі гаспадары элементарна «падлаталі» хату і пакасілі траву, такі ўчастак ўжо не трапіць у поле зроку камісіі.

Расказаць, ці аб'яўляліся гаспадары, могуць і суседзі. А яшчэ гісторыю дома можна прасачыць і па розных матэрыялах, звязаных з абслугоўваннем будынка (камунальных плацяжах, страхоўках, падатках).

Калі ж пацвярджаецца, што ў дом гадамі не ступала нага чалавека, распачынаецца работа па працэдуры, прадугледжанай указам. Прымаюцца меры па вышуку ўласнікаў.

Калі ўласнік памёр, а ад прэтэндэнтаў на жытло нічога не чуваць, у кампетэнцыі мясцовага выканаўчага камітэта звяртацца ў натарыяльную кантору з запытам, ці не аб'явіліся там спадчыннікі. Нагадаем, што тэрмін уступлення ў спадчыну – шэсць месяцаў з моманту смерці спадчынадаўца.

Перапіс будынкаў

– Праца над праектам вялася ўсебакова і не толькі датычыцца інтарэсаў дзяржавы, але і максімальна накіравана на забеспячэнне правоў і інтарэсаў уласнікаў такіх аб'ектаў, а таксама спадчыннікаў і іншых асоб, якія маюць права валодаць і карыстацца гэтай маёмасцю (напрыклад, членаў сям'і, сваякоў, гаспадароў па дагаворы найму) і заявяць пра свой намер заняцца домам, – заўважае Антаніна Торбіна.

Пра лёс пакінутай бацькоўскай хаты можна будзе даведацца нават знаходзячыся далёка ад сваёй малой радзімы. Мясцовыя выканаўчыя камітэты будуць весці рэестр пустуючых дамоў і размяшчаць звесткі на сваіх афіцыйных сайтах, а таксама друкаваць там паведамленні аб вышуку патэнцыяльных гаспадароў.

Нават калі дом патрапіў у рэестр, у спадчыннікаў яшчэ ёсць магчымасць заявіць пра свае правы. Але патэнцыяльным гаспадарам трэба парупіцца, пакуль справа не дайшла да суда, дзе будзе прымацца рашэнне аб прызнанні яго камунальнай уласнасцю.

Праектам прадугледжаны новыя падыходы і да дамоў, якія знаходзяцца ў аварыйным стане, пагражаюць абвалам. Кірунак работы з такімі дамамі будзе дэтальна рэгламентаваны. Лёс пустуючых дамоў можа вырашацца па-рознаму. Яны будуць адчужацца і могуць быць захаваныя ў камунальнай уласнасці, замацаваныя за камунальнымі юрыдычнымі асобамі, альбо калі трымаць такія будынкі немэтазгодна, мясцовы выканаўчы камітэт можа прыняць рашэнне аб іх зносе. Могуць быць розныя варыянты іх адчужэння.

Праект указа дазволіць максімальна скараціць выдаткі мясцовага бюджэту пры рабоце з такімі дамамі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, «Звязда», 24 жніўня 2018 г.