/ / Общественно-политические
07.08.2018

Якія правы і гарантыі маюць донары? На надзённае пытанне адказвае юрыст Сяргей Елісееў

– Я вырашыў стаць донарам і ўпершыню адправіўся здаваць кроў. На работу, вядома, не прыйшоў, бо чуў, што так можна рабіць. На наступны дзень начальнік прымусіў мяне пісаць тлумачальную запіску пра прычыну адсутнасці і паставіў за той дзень прагул. Ці меў ён на гэта права? І якія гарантыі ў такім выпадку маюць донары крыві, якія, як мне здаецца, робяць карысную для дзяржавы справу?
Міхаіл ЖВЫРКО, г. Лунінец

Донорство крови

На пытанне адказвае Сяргей ЕЛІСЕЕЎ, юрыст:

– Калі вы не папярэдзілі наймальніка пра свой намер не пазней чым за два рабочыя дні да моманту здачы крыві, то ў яго былі ўсе падставы так зрабіць. Аднак на практыцы выкананне донарскай функцыі адносіцца да ўважлівых прычын адсутнасці на працоўным месцы. Так што, калі вы не папярэдзілі наймальніка за два рабочыя дні і не выйшлі на работу, а пасля прад'явілі даведку з медыцынскай установы аб здачы крыві, мяркую, звольніць вас за прагул не змогуць. Падстава для гэтага – адсутнасць на рабоце без уважлівых прычын.

Донары маюць пэўныя правы і гарантыі. Перш за ўсё, гэта атрыманне грашовай кампенсацыі. Чалавек можа выконваць донарскую функцыю з атрыманнем за здачу крыві, яе кампанентаў (далей – кроў) грашовай кампенсацыі (на платнай аснове) або без яе атрымання (на бязвыплатнай аснове) [(абз. 4-5 ч.1 арт. 29 Закона Рэспублікі Беларусь ад 30 лістапада 2010 г. № 197-З «Аб донарстве крыві і яе кампанентаў» (далей – Закон аб донарстве)].

Донар самастойна вызначае, атрымліваць яму грошы за здачу крыві ці не. Грашовая кампенсацыя выплачваецца донарам, якія здаюць кроў на платнай аснове (ч. 9 арт. 31 Закона аб донарстве). Арганізацыя пералівання крыві выплачвае грошы донару ў дзень здачы крыві [(абз. 2 падп. 1.5 п. 1 пастановы Савета Міністраў Беларусі ад 2 чэрвеня 2011 г. № 693 «Аб некаторых пытаннях, звязаных з донарствам крыві і яе кампанентаў» (далей – пастанова № 693)].

Згодна з абз. 5 арт. 30, ч. 2 арт. 31, ч. 2 арт. 31-1 Закона аб донарстве, работнік вызваляецца ад работы ў дзень здачы крыві з захаваннем сярэдняга заробку. Пры гэтым ён павінен папярэдзіць наймальніка пра свой намер не пазней чым за два рабочыя дні. Выключэнне – толькі выкананне донарскай функцыі ў экстранным парадку ў мэтах захавання жыцця і здароўя рэцыпіента.

Больш за тое, донару даецца дадатковы дзень адпачынку. Такі дабавачны выхадны з захаваннем сярэдняга заробку належыць чалавеку пры выкананні донарскай функцыі на платнай аснове ў працоўны час (ч. 4 арт. 31 Закона аб донарстве). Калі кроў здаецца на бязвыплатнай аснове, то можна скарыстацца днём адпачынку без захавання сярэдняга заробку згодна ч. 5 арт. 31-1 Закона аб донарстве. Акрамя таго, дзень адпачынку можна далучыць да працоўнага водпуску (ч. 4 арт. 31, ч. 5 арт. 31-1 Закона аб донарстве).

Звяртаю вашу ўвагу, што ў выпадку выканання донарскай функцыі за грошы падчас працоўнага водпуску; у дзяржаўныя святы і святочныя дні, устаноўленыя і аб'яўленыя Прэзідэнтам Беларусі непрацоўнымі; у выхадныя дні або пасля працоўнага дня, работнік мае права выкарыстоўваць два дні адпачынку (ч. 3 арт. 31 Закона аб донарстве). Адзін з іх будзе без захавання сярэдняга заробку, другі – з захаваннем.

У дзень здачы крыві донару выдаецца таксама бясплатнае харчаванне згодна з ч. 9 арт. 31, ч. 4 арт. 31-1 Закона аб донарстве; ч. 1 падп. 1.2 п. 1 пастановы № 693.

Перад здачай крыві донару прызначаецца правіянт на суму 2 % бюджэту пражытковага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (БПМ). Пасля здачы – талон на харчаванне на суму 10 % БМП, які выдаецца ў арганізацыі пералівання крыві. Донар мае права адмовіцца ад талона на харчаванне і атрымаць замест яго грашовую кампенсацыю ў тым жа памеры – 10 % БМП.

Дапамога па часовай непрацаздольнасці ў памеры 100 % прызначаецца донару з першага дня страты працаздольнасці. Для яе атрымання неабходна, каб донар здаваў кроў (мужчыны – не менш за чатыры данацыі, жанчыны – не менш за тры), яе кампаненты (не менш за 14 данацый) на працягу 12 месяцаў, якія папярэднічаюць дню надыходу часовай непрацаздольнасці (ч. 10 арт. 31, ч. 7 арт. 31-1 Закона аб донарстве).

Калі донар становіцца інвалідам праз выкананне сваіх функцый па здачы крыві, інваліднасць прызнаецца звязанай з няшчасным выпадкам на вытворчасці, прафесійным захворваннем або выкананнем абавязкаў ваеннай службы (службы) (ч. 2 арт. 29 Закона аб донарстве).

Нагрудным знакам адрознення Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» узнагароджваюцца донары, якія:

  • платна здалі кроў у памеры не менш за 40 данацый, а плазму, лейкацыты, трамбацыты – не менш за 80 (ч. 11 арт. 31 Закона аб донарстве);
  • бясплатна здалі кроў у памеры не менш за 20 данацый, а плазму, лейкацыты, трамбацыты – не менш за 40 данацый (ч. 6 арт. 31-1 Закона аб донарстве).

Узнагароджаныя знакам «Ганаровы донар Рэспублікі Беларусь» донары маюць дадатковыя гарантыі (ч. 1 арт. 31-2 Закона аб донарстве):

  • пазачарговае абслугоўванне ў дзяржаўных установах аховы здароўя;
  • аказанне медыцынскай дапамогі ў ведамасных арганізацыях аховы здароўя, дзе яны абслугоўваліся падчас работы і пасля выхаду на пенсію;
  • працоўны водпуск у летні або іншы зручны час;
  • першачарговае набыццё білетаў на чыгуначны, паветраны, водны, аўтамабільны транспарты;
  • павышэнне пенсіі па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсійнага ўзросту ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі аб пенсійным забеспячэнні.

Ад рэдакцыі

Зараз у краіне актыўна абмяркоўваецца пытанне па зменах у Закон аб донарстве, якія могуць зрабіць здачу крыві бязвыплатнай. За грошы, мяркуецца, будуць прымаць толькі яе кампаненты. Ужо летась кожная чацвёртая данацыя крыві ў Беларусі была бясплатнай. А да 2020 года плануюць зрабіць дармовымі ўсе такія данацыі.

Бязвыплатнае донарства – сусветная практыка. Лічыцца, што донары-альтруісты больш адказныя, яны шчыра гавораць пра стан свайго здароўя, і ў іх крыві менш інфекцый.

Першае грамадзянскае абмеркаванне законапраекта прайшло ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій.

Каб нейкім чынам кампенсаваць донарам здачу крыві, ім, напрыклад, плануецца выдаваць грошы на ежу або картку, сродкі з якой чалавек зможа патраціць толькі на прадукты.

Прадугледжваецца і шэраг дадатковых ільгот: зніжка ў 25 % на платныя медпаслугі, штогадовая выплата ў памеры трох базавых велічынь.

Па інфармацыі «Звязда»