/ / Общественно-политические
03.08.2018

Уладзімір Жаўняк: Чалавек сёння не хоча прымаць устаноўкі. Пытанні работы з людзьмі абмеркавалі на Міншчыне

Тэматычны семінар-практыкум ідэалагічных работнікаў Мінскай вобласці адбыўся на базе ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі». У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк, першы намеснік Міністра інфармацыі Павел Лёгкі, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая і ідэалагічны актыў рэгіёна.

Владимир Жевняк

Шмат увагі на семінары ўдзелена павышэнню якасці работы з людзьмі.

У прыватнасці, Уладзімір Жаўняк адзначыў, што чалавек сёння не хоча прымаць нейкія ўстаноўкі. Ён хоча ўплываць на прыняцце рашэнняў, атрымліваць інфармацыю аб тым, як яны рэалізуюцца.

– Неабходна пераходзіць ад уздзеяння на аўдыторыю да ўзаемадзеяння з ёй, – падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. – Сёння большасць беларусаў, як і ўвесь свет, жыве ў адзінай інфармацыйнай прасторы. Ідэалагічны актыў павінен авалодваць найноўшымі камунікацыямі, уменнем іх выкарыстоўваць у рабоце з рознымі катэгорыямі грамадзян, весці з імі дыялог, аргументавана спрачацца, купіраваць канфлікты. Людзі хочуць атрымліваць канкрэтны адказ на свае пытанні, ведаць, што іх праблему ўбачылі, удзельнічаць у планах сацыяльна-эканамічнага развіцця сваіх населеных пунктаў.

На думку Уладзіміра Жаўняка, усяго гэтага не могуць даць мясцовыя сродкі масавай інфармацыі ў тым выглядзе, у якім яны існуюць. Раённыя газеты, мясцовыя радыё, тэлебачанне, сайты, групы ў сацыяльных сетках павінны стаць паўнавартаснай пляцоўкай для абмеркавання тых ці іншых пытанняў, месцам сустрэчы нераўнадушных, ініцыятыўных людзей і ўлады. Задача медыяпрасторы – фарміраваць канструктыўную грамадскую думку шляхам своечасовай і аб'ектыўнай падачы матэрыялаў, шчырым і ўдумлівым дыялогам з аўдыторыяй.

– Работа з людзьмі павінна будавацца не па аднойчы і назаўсёды ўстаноўленых шаблонах. Тут неабходны творчы падыход, крэатыўнасць, зыходзячы з таго, што неабходна ў той ці іншы момант, з улікам рэалій дня і абставін, якія склаліся. Пры гэтым варта адзначыць, што задачы ідэалагічнай работы застаюцца ранейшыя. Гэта прыцягненне насельніцтва да актыўнай эканамічнай, сацыяльнай, грамадскай дзейнасці, пастаянныя зносіны з людзьмі, улік іх патрэб, умацаванне даверу грамадзян да ўлады, – лічыць Уладзімір Жаўняк.

– Беларусь – сацыяльна арыентаваная дзяржава і грамадзяне чакаюць ад нас забеспячэння сацыяльных гарантый. Нельга дапусціць разрыву паміж уладай і народам, – падкрэсліў Уладзімір Жаўняк.

На рабоце рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі спыніўся першы намеснік Міністра інфармацыі Павел Лёгкі. З яго слоў, мясцовыя СМІ маюць вялікі ўплыў у сваіх рэгіёнах. Таму яны не павінны саступаць у развіцці рэспубліканскім. Але ў рабоце рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ існуе пэўны дысбаланс. Рэспубліканскія заўсёды былі наперадзе, укаранялі новыя тэхналогіі, формы работы, сучасны менеджмент, лічыць Павел Лёгкі. Сёння на рэгіянальным медыярынку ўзмацняецца канкурэнцыя, і з такім дысбалансам нельга мірыцца, неабходна прымаць меры падтрымкі дзяржаўных СМІ на месцах. Па сваёй папулярнасці яны часам пераўзыходзяць рэспубліканскія. Ім неабходна ў першую чаргу развіваць інтэрнэт-журналістыку, паколькі з прыходам сучасных тэхналогій усё больш беларусаў карыстаюцца інфармацыяй з сетак.

Таццяна Лазоўская, «Звязда», 3 жніўня 2018 г.