/ / Общественно-политические
23.04.2018

Наколькі забяспечана роўнасць заканадаўства па-руску і па-беларуску абмеркавалі падчас круглага стала

Двухмоўе – гэта звыклая для сучасных пакаленняў беларусаў рэальнасць, у якой наша краіна знаходзіцца яшчэ з савецкіх часоў. Сітуацыя не ўнікальная, бо ў дзясятках іншых рэспублік па ўсім свеце афіцыйна замацавана больш чым адна дзяржаўная мова. Аднак галоўнае пытанне, якое ўзнікае, – наколькі ў прынцыпе магчыма абсалютная роўнасць моў не толькі ў побытавай сферы, але і, напрыклад, у прававой? Пра тое, якія праблемы існуюць у айчынным заканадаўстве на беларускай мове і як іх варта вырашаць, ішла гутарка падчас круглага стала, арганізаванага ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Ігар Марзалюк, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы,лічыць, што самая вялікая праблема – у тым, як забяспечыць роўнасць функцыянавання абедзвюх дзяржаўных моў. Руская і беларуская маюць аднолькавы прававы статус, таму чыноўнікі, лічыць парламентарый, могуць выкарыстоўваць любую з іх. Унясенне праектаў законаў у Палату прадстаўнікоў, іх разгляд і прыняцце могуць ажыццяўляцца таксама на любой з моў. Па словах дэпутата, мову падрыхтоўкі і ўнясення законапраектаў вызначае суб'ект права заканадаўчай ініцыятывы. Таму ніжняя палата Парламента разглядае праект закона на той мове, на якой ён унесены.

Старшыня Пастаяннай камісіі прапанаваў некалькі варыянтаў, як аптымальна можна выкарыстоўваць абедзве дзяржаўныя мовы, зыходзячы з замежнага вопыту. Па-першае, гэта можа быць унясенне, падрыхтоўка і прыняцце праектаў нарматыўных прававых актаў адначасова на дзвюх дзяржаўных мовах. Па-другое, прыняцце нарматыўнага прававога акта на адной дзяржаўнай мове з яго наступным афіцыйным перакладам і апублікаваннем на дзвюх мовах. «Абодва варыянты могуць быць рэалізаваны, але які з іх больш прадукцыйны і найменш затратны, – трэба высветліць. Тут у мяне няма адназначнага адказу. У любым выпадку прыняцце і апублікаванне нарматыўных прававых актаў на дзвюх дзяржаўных мовах будзе патрабаваць выдзялення адпаведных бюджэтных сродкаў, што можа адбыцца пры ўмове папярэдняга ўзгаднення пытання з кіраўніком дзяржавы», – адзначыў дэпутат.

«Калі наспеў час прымаць законы на рускай і беларускай мовах – калі ласка. Няма ніякіх перашкод. Рыхтуйце праекты законаў і іншых нарматыўных актаў на абедзвюх мовах», – выказаўся Рыгор Васілевіч, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, загадчык кафедры канстытуцыйнага права БДУ. На яго думку, тут больш пытанняў у менталітэце, у звыклых падыходах, чым у хібах у заканадаўстве. Напрыклад, першымі крокамі, каб забяспечыць выкарыстанне абедзвюх дзяржаўных моў, могуць стаць правядзенне адной сесіі Парламента на беларускай мове, другой – на рускай. І тады няхай усе законапраекты паступаюць на адпаведнай мове. «Калі атрымаецца адразу на дзвюх мовах – калі ласка», – кажа член-карэспандэнт.

«Я лічу, што прававых перашкод ніякіх няма. Трэба пачынаць з таго, што дзяржаўныя служачыя павінны выконваць тыя патрабаванні, якія ёсць у законе аб дзяржаўнай службе, – валодаць дзяржаўнымі мовамі Рэспублікі Беларусь. І рускай, і беларускай», – падкрэсліў вучоны. Акрамя таго, ён прапанаваў здаваць экзамен на веданне рускай і беларускай моў усім, хто збіраецца стаць дзяржаўным служачым. Пры атрыманні грамадзянства, лічыць навуковец, таксама было б няблага здаваць спрошчаны, але ўсё ж такі экзамен на веданне дзяржаўных моў.

На думку Алены Філімонавай, начальніка галоўнага ўпраўлення нарматворчай дзейнасці ў сферы дзяржаўнага будаўніцтва Міністэрства юстыцыі Беларусі, прамых перашкод у выкарыстанні і рускай, і беларускай моў у заканадаўчай сферы няма. «Але нешта ўсё роўна не дае тым суб'ектам, якія ўносяць законапраекты, ужываць беларускую мову больш часта», – кажа яна. Па словах Алены Філімонавай, з пункту гледжання літары закона ёсць магчымыя варыянты, як надалей развіваць выкарыстанне абедзвюх моў у прававой сферы: ці паспрыяць больш частаму ўжыванню беларускай мовы, ці пакінуць на тым узроўні, што ёсць зараз. «Перашкод няма – пытанне ў практыцы», – адзначае начальнік упраўлення Мінюста.

Мікалай Савановіч, намеснік начальніка ўпраўлення канстытуцыйнага і міжнароднага права, начальнік аддзела канстытуцыйнага права Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, кандыдат юрыдычных навук, лічыць, што на дадзены момант праблема заключаецца ў тым, што пакуль няма юрыдычнай працэдуры, па якой будуць параўноўваць тэксты рускай і беларускай версій законапраектаў, і паўстае пытанне, хто гэтым будзе займацца.

Па яго словах, для распрацоўшчыкаў законапраектаў вельмі складана будзе працаваць з імі на дзвюх мовах адначасова, асабліва калі яны буйныя па памерах і пастаянна змяняюцца. Да таго ж дакумент трапляе не да аднаго чалавека, а да шырокага кола зацікаўленых.

«Лічу, што трэба прымаць законапраект на адной з моў і рабіць яго пераклад перад другім чытаннем, – прапанаваў ён. – І тады два варыянты законапраектаў прымаюцца Палатай прадстаўнікоў. Гэта адзіны варыянт. Калі паглядзець на замежны вопыт, то ў краінах шматмоўных самым эфектыўным з'яўляецца менавіта такі. Напрыклад, у Ірландыі».

Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі (НЦПІ) можа забяспечыць прыняцце нарматыўных прававых актаў на абедзвюх мовах, лічыць Наталля Судзілоўская, начальнік упраўлення рэдакцыйна-выдавецкіх работ НЦПІ. Але тут узнікае адразу некалькі пытанняў. Напрыклад, дата афіцыйнага апублікавання, якая залежыць ад таго, калі закон уступае ў сілу. Атрымліваецца, версіі на дзвюх мовах павінны паступіць адначасова і ў адзін момант быць апублікаванымі. Гэта пацягне павелічэнне аб'ёмаў афіцыйнага апублікавання і можа паўплываць на яго тэрміны. Таксама пытанні ўзнікнуць і з рэгістрацыйным нумарам. Ёсць праблема і забяспечанасці аўтэнтычнасці перакладу законапраектаў.

Акадэмік Аляксандр Лукашанец, першы намеснік дырэктара Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, выказаўся па моўным пытанні перш за ўсё як грамадзянін. «Сапраўды ўзнікла патрэба ва ўнясенні ўдакладненняў у закон аб мовах», – лічыць ён. Зараз закон дапускае выкарыстанне ў заканадаўстве ці асобна кожнай мовы, ці дзвюх адначасова. На яго думку, варта адыходзіць ад першага і набліжацца да другога варыянта.

На думку мовазнаўца, кожны грамадзянін мае права карыстацца любой з дзвюх дзяржаўных моў і, адпаведна, атрымліваць інфармацыю на кожнай з ёй. У тым ліку і прававую. І дзяржава павінна забяспечыць яму такое права. Таму ўсе заканадаўчыя акты агульнадзяржаўнага значэння павінны быць даступныя і на рускай, і на беларускай мовах.

Вераніка ПУСТАВІТ, «Звязда», 23 красавика 2018 г.