/ / Общественно-политические
13.04.2018

Сярэдняя стаўка па дэпазітах абароніць ад інфляцыі? Фінансісты ўпэўнены, што грошы павінны працаваць

Фінансісты любой краіны свету ўпэўнены, што грошы павінны працаваць нават тады (менавіта тады), калі поспехі ў эканоміцы не такія відавочныя... Зберажэннямі трэба проста правільна кіраваць. Як гэта рабіць – тут кожны выбірае свой алгарытм.

Деньги

Варыянтаў мноства, але яны залежаць ад сумы вашых накапленняў. Самы першы варыянт, які прыходзіць у галаву большасці і даступны ўсім, – адкрыць дэпазіт. Але не ўсё так проста, бо тэндэнцыі мяняюцца. Давайце разбяромся, якія бываюць банкаўскія ўклады і колькі можна на гэтым зарабіць.

Без эмоцый

Стабільная нацыянальная валюта – гэта тое, чаго мы чакалі, аднак... Днямі мне патэлефанавалі адразу трое сяброў, якія пыталіся наконт выкарыстання свабодных зберажэнняў. Ці мэтазгодна сёння ісці ў банк па замежную валюту або, наадварот, «скідваць» долары?

Бегчы ў абменнік я не параіў бы ў любым выпадку, бо прымаць сур'ёзныя рашэнні трэба з халоднай галавой. Аднак трымаць свабодныя грошы трэба абавязкова на рахунку або ў каштоўных паперах у банку, бо менавіта там яны не проста захоўваюцца, але і прыносяць даход. У далейшых падліках паспрабуем разабрацца ва ўзроўнях даходаў па розных схемах фінансавых укладанняў. І яшчэ. Ствараецца ўражанне, што, атрымаўшы магчымасць падняць стаўкі па ўкладах у рублях, банкі наўмысна зніжаюць прыбытковасць укладанняў у валюце...

Дакладны тэрмін захоўвання

Уклады дзеляцца на дзве асноўныя катэгорыі – адзыўныя і безадзыўныя. Адзыўны дэпазіт афармляецца на пэўны тэрмін, але пры жаданні вы можаце ў любы момант забраць свае грошы, цалкам ці часткова. Калі вы здымаеце грошы датэрмінова, то працэнты налічваюцца і выплачваюцца за фактычны час захоўвання сродкаў па стаўцы, ніжэйшай за асноўную.

Безадзыўныя ўклады, наадварот, чакаюць свайго часу. Вы ўносіце грошы на дэпазіт і забіраеце іх толькі па заканчэнні таго тэрміну, які пазначаны ў дагаворы. Сітуацыі бываюць розныя, і ў форс-мажорных абставінах банк можа пайсці вам насустрач і датэрмінова вярнуць грошы, але для гэтага патрэбны важкія падставы. Банк абавязкова разгледзіць ваша пажаданне, але дасць згоду толькі ў тым выпадку, калі палічыць вашыя аргументы вельмі сур'ёзнымі. Стаўкі па безадзыўных дэпазітах заўсёды прывабнейшыя і вышэйшыя. Давайце параўнаем: гадавая стаўка банка адзыўнага ўкладу на 5 месяцаў – 5 %, безадзыўнага – ужо 10 %. Адрозненні будуць заўсёды, незалежна ад тэрміну, на які вы кладзяце свае грошы ў банк.

Рублёвы лепшы, але ёсць нюансы

Традыцыйна ўклады дзеляцца і па тыпе валюты: можна адкрыць рублёвы або валютны дэпазіт, натуральна, стаўкі па першым заўсёды вышэйшыя. Напрыклад, максімальная стаўка, якую можна знайсці на ўклад у беларускіх рублях, – 10,5 % гадавых. Гэта безадзыўны дэпазіт тэрмінам на 12 месяцаў. Калі грошы вы збіраеце на працягу года для мэтавай куплі ў айчыннай валюце, то лепш аддаваць перавагу рублям.

Адразу выбраць дэпазіт з найбольшымі працэнтамі і на неабходны вам тэрмін бывае вельмі цяжка. Як толькі прыбытковасць вашага дэпазіту перавышае сярэдні працэнт, які дзейнічае па гэтых умовах, то тут жа ўключаецца механізм карэкціроўкі «ў часе». Дзейнічае ён вельмі проста. Над працэнтамі па дэпазіце ставіцца маленькая зноска, расшыфроўка якой прыводзіцца значна ніжэй у дагаворы. А на самай справе гэта значыць, што памер працэнтаў па ўкладзе ўстанаўліваецца ўпаўнаважаным органам банка і змяняецца банкам у аднабаковым парадку пасля папярэдняга паведамлення ўкладчыку. Вось так. Першапачаткова вам прапанавалі, скажам, 13 % гадавых, але пасля двух, трох месяцаў стаўка па дэпазіце значна памяншаецца. І ўсё законна. Трэба было цалкам чытаць дагавор і абавязкова тое, што пад зноскай. Стаўка выбрана вамі плаваючая.

Фіксаваныя стаўкі ёсць у сістэмных банкаў. Праўда, даход па іх значна ніжэйшы. Напрыклад, безадзыўны дэпазіт на адзін год мае на ўвазе толькі 7,5 % гадавых. Яшчэ пры выбары дэпазіту ёсць сэнс разабрацца, як банк будзе выплачваць працэнты па ўкладзе. Ёсць паняцце «капіталізацыя працэнтаў», яшчэ яго называюць «працэнты на працэнты». Калі ва ўмовах укладу значыцца, што існуе штомесячная капіталізацыя працэнтаў, то гэта значыць, што па заканчэнні месяца захоўвання налічаныя працэнты за адпаведны перыяд далучаюцца да сумы дэпазіту. А ў наступным месяцы працэнты налічваюцца ўжо на ўсю суму, якая ляжыць на вашым рахунку. Даход па дэпазіце з капіталізацыяй працэнтаў будзе вышэйшы, яшчэ большы ён будзе, калі працэнты выплачваюцца двойчы ў месяц.

Такі ж фокус і з валютай

Зусім іншы варыянт атрымліваецца, калі вы плануеце паехаць летам за мяжу або ўжо доўгі час збіраеце грошы на нерухомасць. У гэтым выпадку вам, мабыць, лепш выбраць валютны ўклад, тут ваш выбар залежыць ад актуальнай на сёння доларавай інфляцыі. Працэнты па валютным укладзе невялікія – да 2 %.

Дакладней, 2 % гадавых – гэта максімум. Сярэдняя стаўка па доўгатэрміновых укладах складае ад 1 % да 1,5 %. Усё, што больш гэтай прапановы, – таксама трапляе пад дзеянне зноскі. Фіксаваныя, як правіла, першыя тры месяцы дэпазіту. Ды і працэнты там невялікія (0,5 % гадавых).

Аблігацыі максімум 2,5 %

Знізілася даходнасць і па валютных аблігацыях. Яшчэ летась каштоўныя паперы ў валюце прыносілі іх уладальнікам нядрэнны даход. Уласныя валютныя аблігацыі сістэмных банкаў краіны прадугледжвалі спачатку 5,5 %, а потым 3,5 % гадавых. Сёння падобных каштоўных папер з такой даходнасцю ўжо няма.

Цяпер на фінансавым рынку з'явіліся бездакументарныя каштоўныя паперы і інтэрнэт-аблігацыі ў валюце пад 2,5 % гадавых. Аднак у насельніцтва яны пакуль вялікай папулярнасцю не карыстаюцца. Людзей сёння палохае той факт, што па гэтых каштоўных паперах у іх на руках ніякіх папяровых дакументаў не застаецца. А калі няма гэтай самай паперы, то і ў кліентаў часам узнікае ўражанне, што гарантыя вяртання іх грошай не зусім відавочная.

Інтэрнэт-аблігацыі – гэта аблігацыі для фізічных асоб, якія рэалізуюцца ў сістэме «Інтэрнэт-банкінг». Яны эмітаваныя ў бездакументарнай форме (гэта значыць, у выглядзе запісаў на рахунках аналагічна безнаяўным грашам) і з'яўляюцца «прасунутай версіяй» традыцыйных папяровых аблігацый.

У тэму

Дэпазіты ў валюце ў мінулым месяцы скараціліся на 66,1 мільёна долараў (для параўнання: за студзень гэтага года – на $14,1 мільёна, за снежань – на $36,2 мільёна, за лістапад мінулага года – на $17,1 мільёна, за кастрычнік – на $23,8 мільёна, за верасень – на $39,3 мільёна). На пачатак сакавіка ўклады ў валюце склалі 6 млрд 609,2 мільёна долараў.

Нагадаем, трэці год насельніцтва краіны застаецца чыстым прадаўцом наяўнай валюты. Беларусы ў лютым павялічылі чысты продаж наяўнай валюты больш чым у два разы ў параўнанні са студзенем да 217 мільёнаў долараў. Рост чыстага продажу адбыўся за кошт прыкметнага зніжэння цікавасці да куплі валюты. Калі продаж наяўнай валюты ў лютым знізіўся на 3,8 % у параўнанні з студзенем да 562,2 мільёна долараў, то купля валюты ўпала адразу на 37,5 %, да 345,2 мільёна долараў. За ўвесь мінулы год беларусы здалі 2,2 млрд долараў чыстымі наяўнымі. У 2016 годзе чысты продаж склаў больш за 2,4 млрд долараў, за два месяцы гэтага года – 249,3 мільёна долараў.

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», 13 красавіка 2018 г.