/ / Общественно-политические
05.04.2018

Хто беражэ нас у век інфармацыйных тэхналогій і як не трапіць на вуду кіберзлачынцаў?

Упершыню аб высокатэхналагічным злачынстве ў Беларусі загаварылі ў лістападзе 1998 года. Тады зламыснік з дапамогай шкоднай праграмы «дабраўся» да сеткавых рэквізітаў інтэрнэт-карыстальнікаў найбуйнейшага ў краіне правайдара. Сёння навіны пра хакерскія атакі з'яўляюцца ледзьве не кожны дзень, а барацьба з кіберзлачыннасцю перайшла на іншы ўзровень. Карэспандэнт «Чырвонкі. Чырвонай змены» пагутарыла з тымі, хто беражэ нас у век інфармацыйных тэхналогій, і высветліла, як не трапіць на вуду «камп'ютарных геніяў».

Кибер-преступления

«Нюансы» лічбавага веку

– Я кожны дзень бачу прыклады небяспекі ў інтэрнэце, таму ведаю, як засцерагчыся і не стаць ахвярай віртуальных махляроў, – кажа Яўген Давідовіч, капітан міліцыі, старшы оперупаўнаважаны групы па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска. – А звычайным, як кажуць, «юзерам» трэба проста рабіць усё ўсвядомлена.

Усвядомлена – гэта значыць не адкрываць падазроныя лісты, якія прыходзяць на электронную пошту, не «весціся» на пранізлівыя просьбы аб дапамозе віртуальных знаёмых у сацыяльных сетках, не перадаваць персанальныя даныя трэцім асобам.

– Не разумею, чаго часам у людзях больш: даверлівасці або глупства? Але «раскідвацца» рэквізітамі банкаўскіх картак – гэта занадта. Ведаючы 16 лічбаў з аднаго боку карткі і 3 – з другога, махляр з лёгкасцю завалодае ўсімі вашымі фінансамі, – тлумачыць Яўген Давідовіч.

Аператыўнік расказвае, што сёння шмат выпадкаў, калі дзеці без дазволу распараджаюцца грашамі з картак бацькоў.

– Мамы і таты нават чуць пра такія «забавы» свайго дзіцяці не хочуць. Як вынік – банк вяртае ўсё да капейкі, людзі задаволеныя ідуць дадому і нават забываюць пра непрыемны выпадак. Але памятае банк, па заяве якога пачынаецца расследаванне наконт знікнення фінансаў. Высвятляецца, што «самы мілы на свеце сын» аплачваў бацькоўскай карткай гульнявыя сайты. Таму калі вас просяць пагаварыць са сваімі роднымі і праверыць хатнія камп'ютары – трэба гэта зрабіць, – раіць оперупаўнаважаны. – Крымінальная адказнасць тут наступае з 14 гадоў. За такія «жарты» смельчакоў чакае штраф або пазбаўленне волі. Вам гэта трэба?

– Ці бывае шкада тых, каго затрымліваеце?

– Часцей за ўсё на махлярства штурхае адчуванне беспакаранасці. Шкада, канешне, калі хлопцы і дзяўчаты такім чынам псуюць сабе жыццё. Маўляў, «гэта чыста па прыколе, давай аплацім». Быў выпадак, калі студэнты аднаго са сталічных каледжаў убачылі, як у таварыша выпала з кішэні картка. Юнакі забралі яе і накупілі ласункаў, паклалі грошы сабе на тэлефоны.

– А як жа пін-код?

– У нас хапае грамадзян, якія захоўваюць паролі разам з карткай. Пішуць іх на паперцы! А яшчэ запаветныя лічбы могуць на зваротным баку карткі алоўкам ці маркерам пазначыць. Рай для зламысніка, пагадзіцеся. Грэх не скарыстацца!

Ірвануць насустрач будучыні

Яўген трапіў на службу ва ўнутраныя органы пасля заканчэння Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Будучы аператыўнік атрымаў адукацыю юрыста, але па спецыяльнасці працаваць не захацеў:

– Для мяне заўсёды было цікава паглядзець знутры і зразумець, што ж такое міліцыя. Год працаваў участковым інспектарам на малой радзіме, у Слуцку.

– Усё ўбачылі?

– Шмат чаго, – уздыхаючы, кажа Яўген. – Пасля перавёўся ў Мінск у аддзел крымінальнага вышуку. Адслужыў там чатыры гады.

Родныя Яўгена з «пагонамі» не звязаныя. Выбар хлопец рабіў сам.

– Чаму ў Слуцку не сядзелася? Жонка, а на той момант нявеста яшчэ, скончыла ўніверсітэт і ўзнікла пытанне, дзе знайсці добрую работу. У маленькім горадзе з гэтым складана. Вось і вырашылі пашукаць сваё шчасце ў сталіцы. Ірванулі! У той час нічога ў Слуцку не трымала. Вольга ўладкавалася ў банк.

– Зараз адчуваеце сябе на сваім месцы? Ці паспрабавалі б нешта яшчэ?

– Напэўна, затрымаюся тут. Але і як участковы, і супрацоўнік крымінальнага вышуку я адчуваў сябе карысным. Што датычыцца працоўнага графіка, то ён і там, і тут такі, што на сям'ю, на жаль, застаеца вельмі мала часу. Бывае, справа «зацягвае», забываешся нават на гадзіннік паглядзець! Але я вучуся ўсё сумяшчаць, – падсумоўвае суразмоўнік.

Цікава, але некаторыя знаёмыя Яўгена да гэтага часу дакладна не разумеюць, чым ён займаецца.

– А я і не спяшаюся тлумачыць. Працы мне хапае на службе. Па-за ёй на гэтыя тэмы не вельмі люблю размаўляць. Адзінае, магу сказаць, што экшэну дастаткова. І не сяджу я ўвесь час у кабінеце каля камп'ютара, як многім здаецца. Сабраць інфармацыю ад сведак, пацярпелых, банкаў або аператараў мабільнай сувязі – таксама мая работа.

Не магу прайсці міма «дзіўных» аб'яў у інтэрнэце. Напрыклад, калі прапануюць прадаць іPhone X за 500 долараў. Зразумела ж, што гэта нейкае махлярства. Перадаю інфармацыю калегам у крымінальны вышук. На гэтым мая «хатняя служба» заканчваецца, – жартуе міліцыянер.

Новы кавалер або хакер?

– Памятайце, старонкі ў сацыяльных сетках узломваюць не проста дзеля забавы, – папярэджвае аператыўнік. – Зараз у «модзе» шантажыраваць інтымнымі фотаздымкамі.

Нядаўна быў выпадак, калі хлопец з дзяўчынай шукалі кватэру праз інтэрнэт. Адзін з карыстальнікаў сеткі даслаў ім асабістае паведамленне накшталт «Ці актуальна яшчэ жыллё? У мяне ёсць варыянт. Падрабязнасці па спасылцы». Маладыя перайшлі па ўказаным адрасе і атрымалі паведамленне аб тым, што іх старонка заблакаваная, а ўсе асабістыя фота пары скапіраваныя. Для таго каб кадры не трапілі да знаёмых, у закаханых патрабавалі 50 долараў.

– Сума невялікая, скажаце вы. Дзеля спакою можна было б і не пашкадаваць? Але гарантыі, што пасля таго, як вы заплаціце, шантаж спыніцца – няма. Таму лепш напісаць заяву ў міліцыю, – раіць аператыўнік. – Папулярная некалькі гадоў таму схема з блакіроўкай мабільных тэлефонаў ужо, можна сказаць, «аджыла» сябе. Сёння зламыснікі ўзломваюць камп'ютары арганізацый, а затым шыфруюць усе файлы ўнікальнымі ключамі. І тут «за свабоду» таксама патрабуюць матэрыяльнае ўзнагароджанне. Гэта адзін з самых хадавых артыкулаў, справы па ім апошнім часам заводзяцца вельмі часта. Бываюць выпадкі, калі былыя супрацоўнікі-праграмісты выкарыстоўваюць у асабістых мэтах карпаратыўную інфармацыю з свайго папярэдняга месца працы.

– Калі маляваць агульны партрэт кіберзлачынца, які ён?

– Гэта вельмі крэатыўныя людзі, – лічыць Яўген. – Тут не трэба быць таленавітым ад Бога праграмістам, галоўнае – жаданне і крыху фантазіі. Але гэтая фантазія караецца, не забывайцеся. Часта такія людзі ўваходзяць у злачынныя групы. Сярэдні ўзрост зламыснікаў – 14–30 гадоў. Пакаленне, якое развівалася разам з усімі гэтымі тэхналогіямі.

На жаль, катэгорыя такіх злачынстваў вельмі цяжка раскрываецца: большая іх частка здзяйсняецца з замежных ІP-адрасоў.

– А ахвяры, хто яны?

– Часцей за ўсё гэта дзяўчаты. Махляры пішуць у такі час, калі чалавек вельмі чымсьці заняты: збіраецца ранкам на работу або, наадварот, толькі зайшоў стомлены дадому. Хакеры аналізуюць, капіруюць ваш стыль стасункаў, робяць кампліменты.

– Як праверыць, піша мне злачынец або проста новы кавалер?

– А ўсё проста! Прапануйце патэлефанаваць свайму віртуальнаму суразмоўніку. Калі гэта не жаніх, то вы адразу пачуеце штосьці накшталт «Я заняты, я не ў краіне, мне нязручна гаварыць».

Служба – гэта стабільнасць

– За два гады на гэтай пасадзе так і не зразумеў, чаму людзі не берагуць свае персанальныя даныя. Я не кажу заклейваць пластырам камеры ноўтбукаў і не купляць «разумныя» тэлевізары, пыласосы. Ніхто за вамі адтуль не сочыць. Нічога жахлівага не адбудзецца, максімум яны збяруць інфармацыю аб вашым месцазнаходжанні і вашых інтарэсах. А вось над паролямі для старонак у сацсетках трэба задумацца. На жаль, карыстальнікі ігнаруюць верхні і ніжні рэгістр літар, лічбы, – кажа Яўген.

Хлопец смяецца, што некаторыя паролі для старонкі жонкі прыдумляў ён: «У сваіх ведах я ўпэўнены. Вольга мне таксама давярае».

– Да тэхнікі мяне заўсёды цягнула. Спачатку ўвогуле хацеў паступаць пасля 9 класа ў вышэйшы каледж сувязі, але неяк не складвалася з фізікай, – успамінае аператыўнік.

Сёння групе па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій крымінальнай міліцыі УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна сталіцы работы хапае. Яўген кажа, што аддзел можна смела пашыраць.

З кіберзлачыннасцю паспяхова змагаюцца і дзяўчыны. Спецыялісты пераходзяць у гэты аддзел з крымінальнага вышуку, з інспекцый па справах непаўналетніх.

– А вось жонка, напэўна, не справілася б тут, – разважае аператыўнік. – Вельмі эмацыянальная яна ў мяне. Можа расчуліцца падчас прагляду фільмаў і мульцікаў. А ў міліцыі трэба мець цвярозую галаву, нават калі гаворка ідзе пра дзяцей, – лічыць Яўген.

Увесь вольны час, якога вельмі мала, супрацоўнік праводзіць з сынам. На пытанне, а як жа шумныя кампаніі і клубы, хлопец адказвае проста: «Сваё я ўжо адтанцаваў».

– Жадання пайсці ў ІT-сферу ніколі не было?

– Вядома, ні для кога не сакрэт, што праграміст зарабляе больш за міліцыянера. Але служба – гэта стабільнасць, а там – невядомасць, – упэўнены оперупаўнаважаны.

Кацярына АСМЫКОВІЧ, «Звязда», 5 красавіка 2018 г.