/ / Общественно-политические и в области права
05.04.2018

Арганічны падыход: Акрамя закона аб арганічным земляробстве фермеры жадаюць атрымаць фінансавую падтрымку

На гэтым тыдні Палата прадстаўнікоў прыняла ў першым чытанні законапраект аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі. Днём пазней амаль такі ж дакумент прайшоў першае чытанне ў Дзяржаўнай думе Расіі. Расійскія эксперты, напрыклад, ужо падлічылі, што іх вытворцы змогуць у перспектыве заняць на сусветным рынку арганічных прадуктаў 10–25 працэнтаў. Нашы фермеры-энтузіясты так далёка пакуль не зазіраюць. Ім па-ранейшаму трэба будзе самастойна вырашаць надзённыя пытанні – дзе ўзяць грошы на дарагую тэхніку, колькі прадукцыі трэба выпусціць, каб акупіць выдаткі, і калі атрымаецца трапіць арганічнай моркве на еўрапейскія паліцы.

Органические продукты

Нягледзячы на тое, што гаспадарак, якія займаюцца вытворчасцю эка- і біяпрадукцыі, у краіне не так ужо і шмат, тэма гэта цікавая. Хоць не настолькі, як традыцыйная галіна АПК. Усё ж такі асноўную валюту казне прыносяць звычайныя мяса-малочныя вытворцы. У той жа час цікавасць да сегмента арганiчнага харчавання ўзрастае. Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарчу Таццяна Карбановіч прыводзіць такія лічбы: сёння ў рэспубліцы сертыфікавана 1,4 тысячы гектараў раллі, 20 арганізацый маюць сертыфікат на вытворчасць арганічнай прадукцыі. Дарэчы, вясной 2016-га абедзве гэтыя лічбы былі ўдвая меншыя. Зразумела, параўноўваць сітуацыю з еўрапейскім або амерыканскім рынкам біяежы, аб'ёмы якіх дасягаюць не адзін дзясятак мільярдаў долараў, сэнсу няма. Аднак факт застаецца фактам: колькасць фермераў, якія робяць стаўку на чыстыя земляробства і вытворчасць, расце.

Аднак у мясцовага рынку маса нюансаў. Арганічнае замляробства ў нас развіта слаба. У краінах – лідарах па вытворчасці біяежы чыстыя ўгоддзі складаюць ад 10 працэнтаў усіх ворных зямель. Вылучаюцца субсідыі і меры падтрымкі для фермераў (напрыклад, у Аўстрыі датацыі на вырошчванне біягародніны складаюць каля 800 еўра на гектар), шырока развіта тавараправодная сетка. Адным словам, укладзены ў арганічную градку еўра акупляецца шматразова. Нашаму фермеру пра гэта даводзіцца толькі марыць. Шлях да прыбытку яго доўгі і цярністы, як поле, якое доўга ніхто не даглядаў.

Па-першае, павялічыць аб'ёмы «чыстай» вытворчасці можна толькі з выкарыстаннем спецыяльнай тэхнікі, якая далёка не заўсёды па кішэні энтузіястам. Новы законапраект у гэтым сэнсе прэферэнцый і льгот не дае: ніякіх асаблівых зніжак не будзе, усё на агульных падставах з традыцыйным сектарам АПК. Па-другое, каб дастаткова зарабіць на арганічным земляробстве, аб'ёмы продажу павінны быць даволі вялікімі. Адзін з «зялёных» фермераў разводзіць рукамі: з 20 гектараў угоддзяў сертыфікат маюць толькі 4. З такімі плошчамі шмат не вырасцiшь. А сертыфiкаваць дадатковыя не хапае грошай.

Па-трэцяе, працэс сертыфікацыі пакуль займае нямала часу і каштуе грошай: спачатку неабходна атрымаць дакументы на тое, што зямля пэўны час не апрацоўвалася ніякай хіміяй, толькі пасля гэтага лабараторыя пачне правяраць гатовую прадукцыю раслінаводства. У выніку на атрыманне неабходных папер патрэбна 1–1,5 года і не адна тысяча долараў. Для прадуктаў жывёльнага паходжання гэты ланцужок яшчэ даўжэйшы. Дарэчы, сёння ў краіне працуе сем арганізацый, акрэдытаваных у ЕС, якія выдаюць «зялёныя» сертыфікаты. Новы законапраект прапануе спрасціць працу ў гэтым плане: тыя арганізацыі, якія прэтэндуюць на права выдачы такіх сертыфікатаў, павінны быць акрэдытаваны ў Нацыянальнай сістэме акрэдытацыі. Ці стане працэс праходжання ўсіх працэдур танней, ніхто пакуль меркаваць не бярэцца. Але мясцовыя гульцы разлічваюць на тое, што хаця б на гэтым моманце атрымаецца трохі зэканоміць.

Чацвёрты момант. Нягледзячы на тое, што рэтэйл развіваецца сямімільнымі крокамі і ў многіх кропках з'явіліся асобныя стэнды з арганічнымі прадуктамі, масава ісці насустрач «зялёным» фермерам шматлікія крамы пакуль яшчэ не жадаюць. Прычын некалькі: біягародніна, напрыклад, часцяком выглядае не занадта прывабна, доўга на захоўваецца, ды яшчэ і каштуе значна даражэй за капусту ці бульбу, вырашчаныя з прымяненнем хімічных угнаенняў. А значыць, прадаць яе трэба яшчэ пастарацца. Фермеры скардзяцца: каб патрапіць на паліцы супермаркетаў, трэба укласцi нямала грошай. У выніку рэалізацыя ў масавых крамах становіцца проста нерэнтабельнай.

Нягледзячы на вышэйпералічаныя нюансы, з якімі так ці інакш прыйдзецца сутыкнуцца ўсім «зялёным» фермерам, хочацца спадзявацца: з часам наша арганічная вытворчасць заявіць пра сябе на міжнародным рынку гэтак жа гучна, як і традыцыйная.

Полина Конога, «Рэспублiка», 5 апреля 2018 г.