/ / Общественно-политические
28.09.2017

А што кажа працоўнае права: Не працягваць кантракт толькі таму, што вы дасягнулі пенсійнага ўзросту, – нельга

Што лічыцца зменай умоў працы і ці павінен работнік пры гэтым распісвацца ў дадатковым пагадненні? Як перайсці з кантрактнай формы найму на бестэрміновы працоўны дагавор? Які мінімальны тэрмін трэба адпрацаваць жанчыне да выхаду ў новы дэкрэт? Ці павінен работадаўца выплаціць выхадную дапамогу пры скарачэнні пенсіянера? Ці можна пасля дасягнення дзіцем трох гадоў заставацца з ім дома, але захаваць за сабой працоўнае месца?

Прямая линия по вопросам трудового законодательства

На гэтыя і іншыя пытанні адказваюць галоўны прававы інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Васільеўна Манюк і галоўны прававы інспектар працы Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сафія Васільеўна Грышуціна.

– Добры дзень! 8 верасня гэтага года настаўнік-пенсіянер, які працуе школьным вартаўніком, атрымаў апавяшчэнне ад дырэктара гэтай вясковай школы аб яго рашэнні спыніць працоўныя адносіны з вартаўніком-пенсіянерам у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракта 18 кастрычніка 2017 года. Настаўнік-пенсіянер хоча – і здароўе дазваляе – і далей працаваць у гэтай школе. Наколькі гэта магчыма і як дамагчыся згоды дырэктара, каб ён не звальняў вартаўніка толькі таму, што той з'яўляецца пенсіянерам? (Ліст дасланы па электроннай пошце.)

На пытанне нашага чытача адказвае галоўны прававы інспектар працы Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Манюк:

– Вы, напэўна, ведаеце, што ў адпаведнасці з нашым заканадаўствам нельга звольніць работніка, кіруючыся тым, што ён дасягнуў пенсійнага ўзросту. Працэдура і падставы звальнення работнікаў, якія дасягнулі пенсійнага ўзросту, – такія ж, як і для іншых катэгорый работнікаў.

Таксама хачу сказаць, што ў адпаведнасці з галіновымі пагадненнямі паміж Міністэрствам адукацыі і Беларускім прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі на 2016–2019 гады, з работнікамі, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі і не маюць дысцыплінарных спагнанняў на працягу года, што папярэднічае даце заканчэння кантракта, і якія маюць працяглы стаж работы па спецыяльнасці (у галіне), працягласць якога вызначаецца ў кожнай канкрэтнай арганізацыі самастойна ў калектыўным дагаворы, кантракты заключаюцца на тэрмін ад 3 да 5 гадоў (падпункт 31.13 пункта 31).

На тэрмін не менш як 5 гадоў кантракты заключаюцца з работнікамі галіны, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі і не маюць дысцыплінарных спагнанняў на працягу года, што папярэднічае даце заканчэння кантракта, і якія маюць высокі прафесійны ўзровень і кваліфікацыю (падпункт 31.14 пункта 31).

Кантракты працягваюцца з работнікамі, якія паспяхова і добрасумленна выконваюць службовыя абавязкі і не маюць дысцыплінарных спагнанняў на працягу года, што папярэднічае даце заканчэння кантракта, у межах максімальнага тэрміну дзеяння кантракта з іх згоды (падпункт 31.15 пункта 31).

Таму вы маеце права звярнуцца да наймальніка з пісьмовай заявай, каб наймальнік у пісьмовым выглядзе растлумачыў прычыну (прычыны) непрацягнення (незаключэння новага) кантракта з вамі (падпункт 31.20 пункта 31).

Але хачу звярнуць вашу ўвагу: гэтыя гарантыі дзейнічаюць толькі ў дачыненні да тых работнікаў, якія не парушалі працоўную дысцыпліну і не маюць дысцыплінарных спагнанняў.

Калі наймальнік па патрабаванні галіновага прафсаюза не працягне з вамі кантракт (ці не заключыць новы), то ў адпаведнасці са Статутам галіновага прафсаюза (падпункта 18.1, 18.2 пункта 18), галіновых пагадненняў (падпункт 26.3 пункта 26) вы маеце права звярнуцца ў раённую, гарадскую, абласную арганізацыю ці ў Цэнтральны камітэт галіновага прафсаюза па абарону сваіх працоўных правоў, і вам будзе аказана бясплатная прававая дапамога. Адрасы і тэлефоны гэтых структур знаходзяцца на прафсаюзным стэндзе ўстановы адукацыі.

Галіновы прафсаюз з вашай згоды падрыхтуе іскавую заяву і будзе прадстаўляць вашы інтарэсы ў судзе, калі наймальнік па патрабаванні галіновага прафсаюза не працягне з вамі кантракт (не заключыць новы) .

Святлана БУСЬКО, «Звязда»
(Фота –Яўген ПЯСЕЦКI)