/ / Общественно-политические
12.10.2017

Сямёра з лыжкамі: Рамеснікі са стажам асцерагаюцца наплыву канкурэнтаў пасля прыняцця новага ўказа

Ганчары, скрапбукеры, разьбяры па дрэве, кавалі і iншыя майстры могуць уздыхнуць з палёгкай. І без таго спрыяльныя ўмовы для іх працы сталі больш прывабнымі. Падпісаны Прэзідэнтам Указ № 364 «Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці» прадугледжвае шэраг паслабленняў для тых, хто зарабляе на жыццё ручной працай ці яшчэ толькі задумваецца ператварыць сваё хобі ў крыніцу даходу. Але задаволенымі аказаліся не ўсе.

Ремесленничество

Фармулёўка, з якой Мінэканомікі анансавала новы дакумент, гучыць даволі абнадзейліва. Яго мэта – стварыць дадатковыя ўмовы для развіцця рамеснай дзейнасці і стымулявання самазанятасці насельніцтва, захаваць нацыянальныя традыцыі і задаволіць патрэбы грамадзян у недарагіх таварах. Для гэтага ў дакуменце прадугледжана некалькі прынцыповых новаўвядзенняў. Па-першае, спіс відаў рамеснай дзейнасці па факце дазваляе вырабляць неабмежаваны асартымент тавараў, выкарыстоўваючы пры гэтым новыя матэрыялы і любыя рамесныя тэхнікі. Па-другое, выпускаемая прадукцыя і паслугі не падлягаюць абавязковаму пацвярджэнню адпаведнасці. Па-трэцяе, майстры змогуць навучаць адначасова трох вучняў. Па-чацвёртае, прадаваць вырабы зараз можна з майстэрняў, выкарыстоўваючы рэкламу ў інтэрнэце, а таксама перасылаць iх у дробных паштовых адпраўленнях.

Здавалася б, такія меры павінны нарэшце развязаць рукі ўсім майстрам і ўмельцам. Аднак у творчым асяроддзі некаторая незадаволенасць засталася. Старшыня прафсаюза рамеснікаў Жан Васько з Брэста прызнае: прэферэнцыі для майстроў на заканадаўчым узроўні створаны велізарныя, але пытаннi засталiся. Па-першае, рамеснікі так і не змаглі дабіцца таго, каб у карыстанне ім аддалі пустыя памяшканні. Па-другое, яны не маюць магчымасці ўзяць крэдыт на развіццё сваёй справы. Аб’ём выручкі рамеснікаў паказваецца па заяўным прынцыпе, але банкi патрабуюць даведкі з месца працы з указаннем афіцыйнай зарплаты. Пры гэтым крэдытныя рэсурсы для многіх – гэта шанц купіць дарагія станкі і абсталяванне. Да таго ж, па назіранні Жана Васько, колькасць майстроў у апошнія гады істотна не расце, а вось лік тых, хто хоча пад выглядам заняткаў рамяством схавацца ад падаткаў, рэзка ўзрос.

У Мінэканомікі тлумачаць: інстытут рамеснікаў, можна сказаць, унікальны. У іншых краінах такой магчымасці не існуе. Займацца вытворчасцю, хай і саматужнай, і мець настолькі сур’ёзныя падатковыя льготы – аб гэтым у iншых краiнах i марыць не могуць. Бо ў нас рамесніку, калі памер яго гадавой выручкі не перавышае пэўнай сумы, дастаткова толькі заплаціць адну базавую велічыню. Што тычыцца магчымасці атрымаць пустуючае памяшканне бясплатна – сапраўды такога права рамеснікі не маюць. Не выключана, што апісаныя праблемы з крэдытамі на развіццё таксама існуюць, хоць пра гэта варта пытацца ў банкаў. Гэта ж менавiта iх праца – ацэньваць працаздольнасць клiентаў. Тым не менш ключавымі ў гэтых дзвюх прэтэнзіях рамеснiкаў з’яўляюцца словы «развіццё» і «свая справа».

З эканамічнага пункту гледжання, рамесная дзейнасць з’яўляецца варыянтам самазанятасці альбо магчымасцю дадатковага заробку без адкрыцця ўласнага бізнесу. Чалавек умее рабіць прыгожыя вырабы, але не ўмее ці не хоча займацца бізнесам – калі ласка, хай будзе рамеснікам. Крэдыты, памяшканне – гэта ўжо іншы ўзровень, прадпрымальніцтва ў чыстым выглядзе. Ніхто не забараняе сённяшняму рамесніку рэгістравацца ў якасці ІП і разгарнуцца па-сапраўднаму. Тым больш што ўмовы для гэтага ў краіне створаны спрыяльныя.

Пазіцыя

Таццяна АНТОНЧЫК, куратар выставы аўтарскіх вырабаў «Млын»:

– Новаўвядзенне мы ўспрынялі станоўча. Інтэрнэт, напрыклад, дазволіць майстрам прадставіць свае працы больш шырокай аўдыторыі, а павелічэнне відаў дзейнасці пашырыць асартымент прапанаваных вырабаў. Наогул, павелічэнне колькасці рамеснікаў залежыць ад павелічэння попыту на іх работы. Калі будзе развівацца турызм, будуць праводзіцца міжнародныя спартыўныя спаборніцтвы, выставы і канферэнцыі – усё гэта станоўча адаб’ецца на іх колькасці.

На маю думку, у нас пакуль не хапае месцаў, дзе майстры могуць паказаць і рэалізаваць свае вырабы па-за інтэрнэтам. Часта для таго, каб спадабаўся выраб майстра, яго трэба патрымаць у руках або ўбачыць ужывую.

Полина КОНОГА, «Рэспублiка», 12 кастрычніка 2017 г.