/ / Общественно-политические
11.10.2017

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі абмеркавалі прыярытэты лічбавай трансфармацыі эканомікі

У Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі абмеркавалі прыярытэты лічбавай трансфармацыі эканомікі і прамысловай палітыкі з нямецкімі калегамі. У дыялогу ўдзельнічалі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, бізнесмены і прадстаўнікі Федэральнага міністэрства эканомікі і энергетыкі Германіі. Асобную ўвагу ўдзялілі пытанню падтрымкі экспарту і прыцягненню прамых замежных інвестыцый.

Рыбак Андрей Паводле слоў старшыні пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Андрэя Рыбака, наша краіна пачынае ўваходзіць у чацвёртую прамысловую рэвалюцыю Іndustrу 4.0. «Інтэрнэт рэчаў, дапоўненая рэальнасць – гэтымі паняццямі мы сёння толькі пачынаем апераваць. Калі мы спрабуем іх укараніць у заканадаўчую дзейнасць, нам неабходны вопыт, які атрымалі краіны з моцнай эканомікай і вялікай колькасцю рэсурсаў. Без разумення інавацый мы не атрымаем неабходнага эфекту для развіцця нашай эканомікі», – адзначыў у сваім вітальным слове Андрэй Рыбак.

На яго думку, укараненне інфармацыйных тэхналогій у прамысловасць дазволіць аптымізаваць работу шматлікіх працэсаў і скараціць шэраг выдаткаў. «Абмен думкамі з нашымі нямецкімі партнёрамі дазволіць нам зразумець, дзе беларуская прамысловасць сёння запатрабаваная і якую нішу яна зможа заняць у перспектыве. Сёння мы гаворым не пра высокія матэрыі, а пра канкрэтныя рэчы, якія дазволяць нам патрапіць у паток індустрыяльнай рэвалюцыі 4.0 і знайсці сваё месца ў гэтых працэсах», – рэзюмаваў Андрэй Рыбак.

Кіраўнік прадстаўніцтва нямецкай эканомікі ў Беларусі Уладзімір Аўгусцінскі лічыць, што лічбавая трансфармацыя эканомікі і гэта пытанне, якое востра стаіць перад многімі краінамі. «У Беларусі цяпер ідзе падрыхтоўка стратэгічнага дакумента ПВТ 2.0. У сваю чаргу Германія мае добры вопыт у гэтай сферы, і многія напрацоўкі з іх боку могуць быць цікавыя для Беларусі. Акрамя таго, у дзвюх краін шмат агульнага. Яны абедзве маюць падобныя структуры эканомікі – доля прамысловасці складае каля 25%. Для Беларусі таксама будзе цікавы вопыт Германіі па падтрымцы экспарту», – расказаў Уладзімір Аўгусцінскі.

Падчас сустрэчы прадстаўнікі Германіі падзяліліся сваім бачаннем праграмы лічбавай трансфармацыі, вопытам і напрацоўкамі ў гэтай сферы.

Ілья КРЫЖЭВІЧ, «Звязда», 11 кастрычніка 2017 г.
(фота – афіцыйны сайт Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь)