/ / Общественно-политические
10.10.2017

Хто ходзіць у госці па начах. Як гараджане ўмацоўваюць на зіму свае дачы ад злодзеяў

Дачны сезон завяршаецца. Зачахляюць капаніцы і рыдлёўкі нават самыя апантаныя дачнікі. Брамы ўчасткаў зачыняць да вясны. На жаль, пакінутыя без нагляду домікі нярэдка прыцягваюць увагу зладзеяў.

Вор

Вялікія масівы садовых таварыстваў размешчаны пад Мінскам. Шмат тут шыкоўных катэджаў, у якіх жывуць пастаянна, але хапае і сціплых домікаў на шасці сотках. Менавіта іх гаспадары звычайна лічаць, што ў іх браць няма чаго, і абыходзяцца звычайнымі замкамі на драўляных дзвярах, ды ў лепшым выпадку аканіцамі. Але такое меркаванне памылковае. Толькі ў Мінскім раёне за перыяд апошняй «зімовай спячкі» дач зафіксавана 99 крадзяжоў.

– Пераважную большасць такіх злачынстваў здзяйсняюць грамадзяне без пэўнага месца жыхарства. Яны не столькі матэрыяльную шкоду наносяць, колькі псіхалагічную, – лічыць Вячаслаў Шумскі, начальнік Мінскага аддзела Дэпартамента аховы МВД. – Ну каму трэба, каб чужы чалавек спаў у яго ложку, карыстаўся яго вопраткай, няхай і рабочай, спажываў прадукты?

Валацугі не пакінуць без увагі і каштоўнасці, знойдзеныя на чужой дачы. Тэлевізар, садовы інструмент, насосы, металічныя прылады – знясуць усё, што можна прадаць за любыя грошы. Каб аднавіць страты, гаспадарам давядзецца панесці выдаткі.

Разам з супрацоўнікамі Мінскага аддзела аховы выпраўляюся ў аб’езд іх тэрыторыі абслугоўвання – Астрашыцка-Гарадоцкі, Каладзішчанскі і Бараўлянскі сельсаветы. Тут знаходзяцца 32 садовыя таварыствы, кожнае з якіх складаецца не менш як з сотні ўчасткаў. Уладзімір Гайшун, старшы інспектар аддзялення сродкаў і сістэм аховы, якраз едзе ў садовае таварыства «Оптык-Узбор’е» да дачнікаў, якія захацелі, каб іх дом ахоўвала міліцыя.

– Не, з нашай дачы пакуль нічога не кралі, але быў выпадак, калі зладзеі ўлезлі ў гарадскую кватэру. Ведаеце, так прыкра прыйсці дадому і ўбачыць раскіданай, прабачце, уласную споднюю бялізну, – да гэтай пары непрыемна ўспамінаць Таццяне Васільеўне. – Гэты домік належаў бацькам мужа, мы яго крыху пашырылі, збіраемся ўладкоўвацца. Людзей нядобранадзейных шмат. Хочацца спаць спакойна, не клапоцячыся аб пакінутым на дачы абсталяванні, інструментах. Таму і вырашылі здаць пад ахову.

А вось Эдуард і Анатоль, суседзі па садовым таварыстве «Бярозавы гай-1», што ля вёскі Чарцяж, лічаць, што праблемы бяспекі маёмасці для іх неактуальныя:

– Мы далёка ад населеных пунктаў, на электрычках сюды не даехаць, так што да нас крымінальныя асобы не дабіраюцца. Пра крадзяжы не чулі. Як будзем маёмасць зберагаць? Ды ў нас тут нічога каштоўнага няма. Ну вось брамы замкнём, а хто з нас прыедзе, той і суседскі ўчастак агледзіць.

Дачнік Генрых таксама пабудаваўся ля вёскі Чарцяж, але мае іншае меркаванне аб магчымасцях перамяшчэння крымінальных асоб:

– Неяк прачнуўся вельмі рана, гляджу – а па вуліцы нейкі дзіўны тып ходзіць. Дачы разглядае, за платы зазірае. «Шукаеш каго?» – спытаўся. Мігам толькі пяткі заблішчалі!

Ужо год, як дача Генрыха абсталявана сігналізацыяй.

– Усё нялёгка дастаецца, што ні купі – усё дорага, – лічыць ён. – А ў мяне тут шмат якасных электраінструментаў. Пад аховай жыць спакайней. Ці былі спробы крадзяжоў? Не было! З вуліцы бачны і вочка сігналізацыі, і равун. Каму непрыемнасці хочацца нажываць? У выпадку ж спрацоўкі сігналізыцыі з-за перападу напружання ў электрасетцы ўжо праз лічаныя хвіліны прыязджае група затрымання.

Дача пенсіянеркі Тамары Францаўны размешчана паблізу чыгункі. Гаспадыня расказвае, што ў домік зладзеі ні разу не залазілі, а вось крадзяжы гародніны з град ды мелкіх гаспадарчых прылад накшталт вядра ці грабель былі, аднойчы нават металічны мангал вывалаклі. Таму на зіму яна ўсё-ўсё схавае ў доміку і навесіць замок на брамку аж да красавіка.

Муж і жонка Генадзь і Юлія наведваюць сваю дачу рэгулярна, і летнімі, і зімовымі выхаднымі. Вельмі крыўдным для іх стаў крадзеж біятуалета, запёртага ў гаспадарчым хляве. Зараз прыдбалі маленькі перанасны варыянт і на дачы яго больш не пакідаюць – возяць з сабой, як і дастаткова дарагі каларыфер.

Ад звычайных валацуг могуць выратаваць металічныя дзверы і аканіцы – ламаць іх пабаяцца, каб не ўзнімаць шмат шуму.

Некаторыя гаспадары прадпрымаюць нетрывіяльныя спосабы абароны сваёй маёмасці: напрыклад, атручаная гарэлка ў халадзільніку або сірэна-равун на ўваходзе. Супрацоўнікі міліцыі нагадваюць, што такія радыкальныя меры могуць прывесці да крымінальнай адказнасці саміх гаспадароў.

Аксана Невмяржыцкая, «Рэспубліка», 10 кастрычніка 2017 г.