/ / Общественно-политические
10.10.2017

Па слядах «вогненных экспертыз». Шмат пажараў у краіне суправаджаецца працай судовых экспертаў

Толькі судовыя эксперты могуць высветліць, з-за чаго адбылося ўзгаранне. Асабліва калі гаворка ідзе пра кампенсацыю нанесенага агнём урону. Пра тое, як жа гэта адбываецца, «Звяздзе» расказаў галоўны эксперт аддзела спецыяльных экспертыз упраўлення спецыяльных і тэхнічных экспертыз Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінску Аляксандр Балобан.

Агонь

– Істотная колькасць экспертыз звязана з пажарамі ў аўтамабілях. Яны большую частку года эксплуатуюцца ў агрэсіўным асяроддзі. Для злучэнняў і ізаляцыі дождж, снег і мароз – умовы некамфортныя. Здараліся і выпадкі серыйных пажараў. Скажам, гараць машыны пэўных марак, аб праблемах у якіх дылер абвясціў яшчэ некалькі гадоў назад і пачаў адклікаць аўтамабілі для рамонту. Вось толькі звяртаюцца да іх не ўсе. А пасля заканчваецца гэта пажарам.

Таксама праблемнае месца ў аўтамабілі – гэта сажавы фільтр. У сучасных аўтамабілях гэтая частка выхлапной сістэмы не прадугледжана для таго, каб яна абслугоўвалася карыстальнікам у гаражы. Аднак на станцыю тэхнічнага абслугоўвання ехаць таксама лянота, ды і рамонт будзе-такі каштаваць грошай. Што робяць саматужныя ўмельцы? Напрыклад, заліваюць у сістэму падачы дызельнага паліва крыху бензіну. І тлумачаць гэта тым, што калі рэзка націснуць на педаль газу, то фільтр тут жа прагарыць і будзе працаваць добра. Але часцей за ўсё забіты фільтр ад такой маніпуляцыі проста разрываецца. А выхлапныя газы маюць тэмпературу ў 800 градусаў...Прычым бывае і так, што пажар не ўзнікае, але цеплавое ўздзеянне аплаўляе абшыўку, днішча, каробку перадач... Глядзіш на машыну – здаецца, што яна цэлая. А там столькі работы, што трэба мяняць большую частку начыння.

– Наколькі актуальная праблема «кулібіншчыны»?

Была нядаўна ў нас адметная экспертыза параўнальна новага аўтамабіля, якому крыху больш за чатыры гады. Нам трэба было высветліць прычыну пажару ў ім. Падчас агляду я знайшоў у нетрах машыны... кавалак ізастужкі савецкага часу, якая не магла знаходзіцца ў машыне па зразумелых прычынах. У скрутак правадоў нехта ўнёс змены. Але што тут зрабілі, мы не высвятляем. Справа ў тым, што эксперт вызначае менавіта тэхнічную прычыну здарэння. Многія чакаюць, што пройдзе экспертыза, і спецыяліст напіша, што работнікі СТА нешта накруцілі, што ў рэшце рэшт і прывяло да пажару. Але мы можам напісаць датычна гэтага выпадку толькі тое, што адбылося цеплавое праяўленне электрычнага току ў выніку вялікага пераходнага супраціўлення з аднаго ўчастка на другі, што і выклікала далейшае ўзгаранне. А кваліфікацыю дзеянням пэўных асоб дае толькі орган, які вядзе следства, і суд.

– Якія электрычныя памочнікі ў побыце часцей за ўсё трапляюць на разгляд эксперту?

– Што да электрапрыбораў, то і дагэтуль мы сутыкаемся з пажарамі, якія справакавалі лямпавыя тэлевізары з электронна-прамянёвай трубкай. Летась у Мінску нават гарэў інкубатар для яек.

У групу рызыкі паступова ўваходзяць блокі радыётэлефонаў, якія пастаянна падключаны ў разетку. Катушка індуктыўнасці, якая ў ім знаходзіцца, пры падачы высокага напружання пераходзіць у рэжым нагрэву. Так і адбываецца ўзгаранне. Радыёгадзіннікі, якія імкліва распаўсюдзіліся апошнім часам, таксама станавіліся аб'ектамі пажару. Быў выпадак, калі ў кватэру, дзе быў уключаны такі апарат, было пададзена высокае напружанне. А гаспадароў дома не было. Радыёгадзіннік імкліва загарэўся і спаліў увесь пакой... А вось халадзільнікі больш баяцца напружання паніжанага.

Чаму ўвогуле ўзнікае праблема скачкоў напружання? На жылы дом зыходна прыходзіць ток у 380 вольт. Так званы нулявы дрот выраўноўвае яго да паказчыка ў 220–240 вольт. Але нулявы дрот можа парвацца ў шчытку. Вось так у разетку і прыходзяць тыя самыя 380 вольт.

– А калі пакінуць за дужкамі скачок напружання? Усё-такі, пэўна, ён не лідзіруе ў гэтым сумным спісе...

– Для нас цяжкая пара – гэта восень. Звязана гэта з тым, што людзі вяртаюцца з адпачынкаў. І колькасць здарэнняў, а, як вынік, і экспертыз, павялічваецца шматкроць. Узяць хаця б тыя ж абагравальнікі. У нас іх чамусьці любяць выкарыстоўваць не толькі для стварэння цяпла, але і як сушылку. Але забываюць, што пры гэтым парушаецца цеплаадвод. І дайсці можа нават да таго, што ў апараце закіпіць масла. Падобная сітуацыя існуе і з аўтамабілістамі. Напрыклад, у халоднае надвор'е чалавек, які прыехаў увечары, хоча, каб рухавік да раніцы моцна не астыў. І закідвае яго старой вопраткай, коўдрамі, анучамі... Ідзе спаць, а ў гэты час пачынаецца тленне прадмета, які ў рэшце рэшт загараецца. Ноччу, як правіла, пакуль заўважаць пажар, можа прайсці даволі шмат часу. І пасля гаспадар аўто не разумее, як жа так здарылася: ён два гады так клаў рэчы, і ўсё было нармальна...

Між іншым, масавая аўтамабілізацыя мае яшчэ адзін нечаканы вынік: цяпер аўтамабілі гараць, так бы мовіць, комплексна. Раней жа было як: машын было мала, і гарэлі яны ў адзіночку. А цяпер жа ўсё шчыльна запаркавана. Вось 15 ліпеня ў мяне быў выезд на месца такога пажару. На платнай стаянцы гарэў мікрааўтобус, які таксама падпаліў пяць іншых аўтамабіляў. Прычына здарэння ўжо высветлена: у маторным адсеку адбылося кароткае замыканне. А пакуль пажар заўважылі, пластыкавы паліўны бак ужо прагарэў, і бікфордавыя вогненныя шнуры пацяклі ўніз па асфальце, падпальваючы ўсё на сваім шляху.

– Ці актуальная праблема пажараў у месцах агульнага карыстання шматпавярховікаў?

– Неяк на вуліцы Казінца ў пад'ездзе шматпавярховага дома загарэўся тамбур. Прычым пажар быў такі моцны, што чагосьці падобнага я да гэтага не сустракаў. Той тамбур на шэсць кватэр быў загрувашчаны самым разнастайным побытавым хламам. Чаго там толькі не было: і бытавая тэхніка, і нейкія скрынкі, каробкі, банкі з фарбай і нават ёмістасці з ацэтонам. Адным словам, агню было на чым разгуляцца. І разгуляўся: адна з кватэр стала цалкам непрыдатная. Справа ў тым, што там дзверы былі драўляныя, а гаспадары астатніх паставілі сабе металічныя. Вось дрэва і прагарэла, і ў кватэру ўварвалася паветра з тэмпературай градусаў так 500. Аплавілася там усё: дзверы ўнутры хаты, падвесная столь і нават выключальнікі на сценах. Самае цікавае высветлілася пасля. Аказалася, што больш за ўсіх руку да загрузкі калідора прыклаў гаспадар кватэры, якая і пацярпела больш за ўсе астатнія. Чаму ж кажуць, што не трэба загрувашчваць калідоры? Бо гэта месца агульнага карыстання, за якім ніхто не сочыць. І куды нярэдка доступ вольны...

– Як часта маскіруюць наўмысныя падпалы пад загаранне ад іншых прычын?

– Такое здараецца, але эпідэміяй назваць нельга. Матыў тут, як правіла, карыслівы. Жаданне атрымаць грошы па страхоўцы пераважае часам над пачуццём законнасці. Падчас чэмпіянату свету па хакеі 2014 года кампанія іншаземцаў заявіла пра тое, што ў іх скралі аўтамабіль. Машыну знайшлі літаральна праз некалькі гадзін у Валожынскім раёне. Заяву аб крадзяжы, канешне, прынялі, а пасля паказалі гасцям нашай краіны даволі цікавае кіно з кадраў, знятых вонкавымі відэакамерамі. Там было бачна, як заяўнікі селі ў аўтамабіль і паехалі за горад. А праз некалькі гадзін яны выйшлі з аўтамабіля таксі. Узнікла лагічнае пытанне: куды вы падзелі аўтамабіль?

– А ці ёсць у вас, так бы мовіць, рэкардсмены па экспертызах?

– А як жа. Толькі за ліпень мы правялі тры даследаванні па адной і той жа кватэры, якая гарэла на захадзе Мінска. Усе разы «адзначылася» адна і тая ж канапа. Людзей, якія там жывуць, дастаўлялі тройчы ў бальніцу з атручэннем чадным газам. Можна толькі ўявіць, як сябе там пачуваюць суседзі з-за таго, што гаспадар кватэры курыць у ложку...

Валяр'ян ШКЛЕННІК, «Звязда», 10 кастрычніка 2017 г.