/ / Общественно-политические
05.10.2017

Без панікі, дапамога прыйдзе... Але простых правілаў бяспекі ў лесе ніхто не адмяняў

Лічбы, звязаныя з пошукам людзей, сёлета ўражваюць. Адыходзіць грыбны час, але наперадзе яшчэ збор журавін – гэта балоты, і блуканне людзей у такіх мясцінах – таксама вельмі вострая тэма. Між іншым, многіх праблем можна пазбегнуць, калі прытрымлівацца простых правілаў бяспекі.

Правила безопасности в лесу

Калі вы згубіліся...

Самае важнае правіла: не панікаваць. Гэта цяжка, але пастарайцеся: паніка, разгубленасць, неразуменне, куды бегчы, адымае самыя каштоўныя сілы, якія патрэбны чалавеку для таго, каб пратрымацца, пакуль яго знойдуць. Пасядзіце, падумайце пра іншае, абдыміце дрэва.

Калі спрабуеце выбрацца, выходзьце толькі ў светлы час сутак. Не ідзіце ўначы і ў прыцемках. Калі выйшлі да прасекі, трымайцеся яе, не вяртайцеся зноў у лес, таму што падобныя мясціны ратавальнікамі даследуюцца ў першую чаргу, так званыя лінейныя прачосы робяцца і па дарогах і рэках. Убачылі раку – ідзіце ўніз па цячэнні. Трымайцеся таксама лініі электраперадачы – яна абавязкова выведзе ці на дарогу, ці да населенага пункта. Вы ў лесе, нічога не знайшлі, а ўжо вечарэе? Пакуль светла, арганізуйце месца для начлегу з падручных сродкаў (напрыклад, галінак, калі ёсць дажджавік, накіньце зверху, гэта дапаможа захаваць цяпло).

Па магчымасці, развядзіце вогнішча, выкарыстоўвайце хвойныя галінкі, каб стварыць добры дымавы сігнал, ён бачны здалёк, вас лягчэй будзе знайсці.

Калі збіраецеся ў лес, заўсёды апранайце яркую вопратку. Цяпер папулярнае адзенне так званага колеру хакі, але падобная афарбоўка прыдумлялася вайскоўцамі для таго, каб хавацца. Пры сабе абавязкова трэба мець хоць бы якую ежу і ваду. Абавязкова паведамляйце сваякам аб месцы, дзе вы ўвайшлі ў лес, каб, калі вы заблукаеце, людзі ведалі, адкуль пачынаць пошукі. Важна мець пры сабе тэлефон і берагчы зараднік. Калі згубіліся, паведамляйце аб гэтым на нумары 101, 112.

Збіраецеся стаць валанцёрам?

Па-першае, вызначцеся, ці гатовы вы фізічна і псіхалагічна гэта рабіць, інакш пасля самі можаце стаць чалавекам, якому патрэбна дапамога. Па-другое, падрыхтуйце неабходныя рэчы: яркую вопратку, некалькі пар шкарпэтак ды нацельнай бялізны, адпаведны абутак.

Зразумела, з сабой трэба мець ліхтарык, ахоўныя акуляры, пальчаткі.

Калі вы прыбылі на месца, павінны цалкам падпарадкоўвацца камандам прафесіяналаў (немагчыма навічкам «у двух словах» расказаць, як вядзецца пошук, гэтаму вучаць на спецыялізаваных трэнінгах). Не праводзьце пошукі самастойна, не бярыцеся за справу ў цёмны час сутак, каб не давялося ратаваць яшчэ і вас. Абавязкова неабходна паведамляць аб сваім прыбыцці, і адзначацца, калі вы выходзіце. Важна сачыць за часам, каб самім не застацца ў лесе. Так, многія хочуць дапамагчы, але ў стрэсавай сітуацыі нярэдка страчваюць сувязь з рэальнасцю.

Гэтыя рэкамендацыі прадаставіла Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа – адна з арганізацый, якая выязджае на пошукі людзей.

Як шукалі Максіма

– Згубіўся блізкі чалавек. У якіх сітуацыях можна звяртацца ў Чырвоны Крыж, а калі – у іншыя інстанцыі?

– Найперш трэба звяртацца ў аддзелы Міністэрства ўнутраных спраў па месцы пражывання. Пры неабходнасці МУС прыцягвае да пошукаў нас. Калі прыбываем на месца, паступаем пад кіраўніцтва каардынуючага органа і выконваем пастаўленыя задачы, у тым ліку і прачосы пэўных квадратаў, – расказвае начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях і пошуку Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрый РУСАКОЎ. – Для нас найбольш цяжкімі сталі пошукі 10-гадовага Максіма Мархалюка, туды былі накіраваны два падраздзяленні – атрады хуткага рэагавання «Гродна» і «Іслач», разгорнуты палаткі Чырвонага Крыжа, праводзілася першапачатковая рэгістрацыя тых, хто прыбываў. У гэтай маштабнай аперацыі разам з прадстаўнікамі МУС і МНС удзельнічалі прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў. Ды і жыхары Новага Двара аказаліся настолькі адкрытымі і гатовымі падтрымаць ратавальнікаў, што людзі гатавалі ў сябе ежу на пліце і прыносілі да нашых палатак. У нас збіралася вялікая колькасць кансерваў, закатак. Давялося аказваць і першую дапамогу, прычым такія выпадкі былі неадзінкавыя. Так, мы два разы выклікалі хуткую дапамогу на поле, таму што пошукавікам станавілася дрэнна. Вялікую работу правялі па псіхасацыяльнай падтрымцы. Блізкія, сябры, аднавяскоўцы таксама знаходзяцца ў крызіснай сітуацыі, над імі лётаюць верталёты, ездзяць валанцёры на джыпах, працуюць ратавальнікі. І, зразумела, людзям трэба было дапамагчы спраўляцца са стрэсам. Нашы спецыялісты працавалі на базе Навадворскай школы, адпаведныя заняткі правялі з дзецьмі ад першага да адзінаццатага класа. Мы сустрэліся з педагагічным калектывам, таму шта маці Максіма працуе ў гэтай школе. Адпрацавалі з бацькамі класа, у якім вучыцца хлопчык, з бацькамі сяброў Максіма.

– Чаму такая важная дапамога грамадскасці?

– Абучаныя каардынатары пошуку могуць узяць сабе ў каманду некалькі непадрыхтаваных людзей і праводзіць мерапрыемствы па зададзеных квадратах. Можна паглядзець, што тэрыторыя пошуку тут вялікая і неаднастайная: ёсць палі, прылескі і пушча – лес у некранутым выглядзе. Тут і прайсці цяжка, а трэба яшчэ і шукаць. Таму і было прыцягнута столькі сіл і сродкаў. Пры дапамозе добраахвотнікаў закрылі больш дэталёва вялікія квадраты. Гэта датычыцца не толькі прачосаў, але і выстаўлення пікетаў, калі б, напрыклад, дзіця выйшла сюды, яны б яго ўбачылі. З боку валанцёраў, якія прыбывалі, часам ідуць нараканні, што іх выкарыстоўваюць неэфектыўна. Гэта не так, проста бываюць розныя задачы. За гэты час многія людзі вырашылі да нас далучыцца, прайсці навучанне і апрануць форму з чырвонымі крыжамі.

– Чым могуць нашкодзіць «стыхійныя» валанцёры?

– Па-першае, яны могуць згубіцца. Па-другое, парушыць следавы малюнак, убраць нейкія рэчы, якія для прафесіяналаў маюць вялікае значэнне. Напрыклад, паламаная галінка для валанцёра, які толькі ўвайшоў у лес, нічога не значыць, а для лесніка ці іншага спецыяліста – гэта вельмі многа.

– На пошукі Максіма выязджалі тысячы добраахвотнікаў з усёй Беларусі. Ці заўсёды вялікая колькасць людзей – гэта добра?

– Чырвоны Крыж зараз быў не гатовы да адначасовага прыняцця такой вялікай колькасці людзей і каардынацыі іх работы. Думаю, іншыя пошукавыя атрады таксама. Але для нас гэта ўжо атрыманы ўрок, мы будзем развіваць структуру кіравання спантаннымі валанцёрамі.

– Ці шкодзяць пошукам парады экстрасэнсаў, празорліўцаў, магаў?

– Яны, канешне, звяртаюцца, але з нашай практыкі не магу прывесці ніводнага прыкладу, калі гэта дапамагло. Ратавальнікам і так цяжка, яны рэагуюць на папрокі «чаму не шукаеце». А як сябе паводзіць валанцёру, якому заяўляюць, што нібыта чалавек ведае, што трэба шукаць нейкі шэры дом з падвалам? Гэта дэстабілізуе, парушае структуру работы па ўжо зададзеных кропках. Часам бывае, людзі кажуць, што бачылі прапаўшага. Гады тры-чатыры назад мы да гэтага рэзка адносіліся, цяпер прызвычаіліся, проста спакойна адпрацоўваем элемент. Многім людзям хочацца паўдзельнічаць у пошуках, быць карыснымі, часам ім можа і падацца, што яны бачылі некага падобнага. Калі столькі ўсюды паказвалі згубленага хлопчыка, міжволі ўзнікае адчуванне, што ты яго бачыў.

У нас з Міністэрствам па надзвычайных сітуацыях ёсць сумесная распрацоўка – выкарыстоўвалі таксама і на гэтых пошуках – праграма «МНС Беларусі: дапамога побач». У ёй днямі з'явілася спецыяльная ўкладка: паведаміць аб тым, хто згубіўся. Любы, хто скачаў праграму на платформе Androіd, можа ўвайсці ў яе, і адразу будзе бачна, дзе ён знаходзіцца. Тут можна напісаць кароткі зварот, які ўбачаць ратавальнікі. Гэта распрацоўка цяпер актыўна тэсціруецца, будзем яе паляпшаць. Як бачыце, з дапамогай няхітрай рэчы людзі, якія згубіліся ў лесе, змогуць сабе дапамагчы.

Дамашні ўрок «АБЖ»

Каб дзіця не згубілася, мала заняткаў у садках і школах, ды і ад прафілактычнай гутаркі не будзе ніякай карысці. Над гэтым трэба працаваць карпатліва, ці не кожны дзень, прычым пачынаць з самага пяшчотнага ўзросту.

Малы ў горадзе

Зусім маленькія дзеткі заўсёды «хвосцікам» ходзяць за бацькамі, але гарантый, што вы іх не згубіце, напрыклад, у транспарце ці гандлёвым цэнтры, няма. Таму самае першае, чаму мы павінны навучыць малога – адказваць на пытанні, як завуць яго самога, маму, тату, якое прозвішча і адрас, а яшчэ лепш тэлефонны нумар бацькоў. Можна пакласці ў кішэню дзіцяці запіску з гэтай інфармацыяй, а можна зрабіць спецыяльную нашыўку на вопратку.

Калі выбіраецеся ў горад, прагаворвайце з малым назву вашай станцыі і той, на якую кіруецеся. Лічыце, колькі прыпынкаў праехалі, які нумар маршрута. Паспрабуйце прыкінуцца, што задрамалі, каб дзіця вас пабудзіла на патрэбным прыпынку. Паверце, праз некалькі гадоў у вас не будзе балець галава аб тым, што сын ці дачка недзе могуць згубіцца, бо яны будуць здольныя даехаць дадому самастойна. Цудоўна, калі дзіця пры гэтым яшчэ ўмее арыентавацца па карце і знаходзіць маршрут пры дапамозе гаджэтаў.

Асцярожна: незнаёмцы

Назірайце за людзьмі на вуліцы. Пакуль дзіця маленькае і цалкам вам давярае, можна вучыць правілам бяспекі. Звярніце ўвагу на таго, хто кінуў брудную паперку пад ногі, а не ў сметніку на людзей у нецвярозым стане, на тых, хто нешта ламае. Гэта добрая падстава пагаварыць аб тым, што бываюць кепскія ўчынкі, што ёсць людзі добрыя і дрэнныя, і што нельга давяраць усім дарослым. Адсюль пераходзім да знаёмства з простымі правіламі: «Калі ты адзін, не размаўляй з незнаёмымі людзьмі, не прымай падарункаў і не ідзі за чужакамі». Пагуляйце ў разведчыкаў, завядзіце пароль. Дамоўцеся, што калі незнаёмцы будуць угаворваць дзіця пайсці з імі, маўляў іх прыслала маці, не паддавацца, калі яны не ведаюць сакрэтных слоў. А ў выпадку небяспекі – крычаць!

Ёсць кантакт

Станьце свайму дзіцяці найлепшым сябрам. Завядзіце добрую звычку яшчэ з дзіцячага садка дзяліцца навінамі. Расказвайце, што з вамі адбылося за дзень і цікаўцеся, як яго правёў малы. Паспрабуйце наладзіць адкрытыя і даверлівыя адносіны з дзіцем, пакуль яно маленькае і праблемы яго «неглыбокія». Калі гэта ўпусціць цяпер, пазней магчыма наладзіць кантакт і не атрымаецца. А такое сяброўства дарагога каштуе. Вы будзеце ў курсе ўсіх перамяшчэнняў дзіцяці, і калі раптам яно недзе затрымалася, ведаць, з чаго пачынаць пошукі.

Ваша кватэра стала «гасцявым» пакоем для сяброў сына ці дачкі? Лішні шум можна пацярпець, затое вы можаце атрымаць масу дастатковай інфармацыі пра жыццё свайго дзіцяці, яго інтарэсы.

Запішыце сыноў і дачок у гурткі і спартыўныя секцыі — у плане бяспекі тут шмат плюсаў: ваша дзіця занята і пад наглядам, плюс вакол яго ствараецца кола з добрых сяброў, якіх аб'ядноўвае хобі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ, «Звязда»
(фота -
Анатоля КЛЕШЧУКА )