/ / Общественно-политические
30.11.2017

Ці з'яўляецца дакумент панацэяй ад спрэчак? Шлюбны дагавор: што трэба ведаць пры заключэнні

Адвакат Пётр Вянглінскі: «Беларусы яшчэ не гатовыя да заключэння шлюбных дагавораў».

Раздел имущества

Калі жаніх з нявестай ідуць у ЗАГС, іх перапаўняе каханне. Але ніхто з маладых не думае аб тым, што праз гады некаторыя з іх могуць сустрэцца ў іншай дзяржаўнай установе – судзе. Як засцерагчы сябе ад магчымых спрэчак з-за раздзелу маёмасці? Аб гэтым можна падумаць загадзя і заключыць шлюбны дагавор. Пра тое, ці распаўсюджаны такія дагаворы ў Беларусі, якія «падводныя камяні» могуць узнікнуць пры іх падрыхтоўцы, як падзяліць лыжкі і відэльцы, нам расказаў адвакат Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Пётр ВЯНГЛІНСКІ.

Вяселле, развод і прававы нігілізм

– У сродках масавай інфармацыі часта можна ўбачыць матэрыялы пра тое, як на Захадзе зоркі прапісваюць сямейныя абавязкі і маёмасць у шлюбным дагаворы. Ці часта беларусы звяртаюцца да юрыста з просьбай скласці такі дагавор?

– Рэдка. Думаю, што гэта звязана з нашым менталітэтам. Ёсць у людзей такая перакананасць, што калі юрыдычна замацаваць нейкія правы і абавязкі, то ўсё: чакай бяды. Памятаю, як аднойчы да мяне прыйшла маладая пара. У хуткім часе пасля вяселля яны вырашылі заключыць шлюбны дагавор. Сям'я была забяспечаная, вядома, ім было што дзяліць. Я іх пракансультаваў, падрыхтаваў праект дагавора. Але праз некалькі дзён прыйшлі іх бацькі і пачалі ўдзельнічаць у абмеркаванні праекта. Потым бацька таго маладога чалавека раптам сказаў: «Калі шлюбны дагавор будзе заключаны, то нашых дзяцей чакае развод». Я не ведаю, ці зарэгістравалі маладыя людзі тое пагадненне ў натарыуса.

Безумоўна, ёсць ахвотныя заключыць такое пагадненне, але нельга сказаць, што з кожным годам шлюбных дагавораў становіцца больш, гэта адзінкавыя выпадкі. Напэўна таму, што нашым грамадзянам пакуль што ўласцівы прававы нігілізм. На Захадзе ў людзей ёсць, напрыклад, асабісты ўрач, адвакат, з якім яны кансультуюцца па важных сямейных пытаннях. У нас жа такога няма. Толькі калі нешта здарыцца, тады ўжо былыя сужэнцы наракаюць: «І чаму мы не заключылі шлюбны дагавор?».

– Хто прыходзіць з просьбай падрыхтаваць шлюбнае пагадненне? Колькі гадоў такім сужэнцам? Якое іх сацыяльнае становішча?

– На кансультацыю прыходзяць пары рознага ўзросту, часцей за ўсё гэта людзі ад дваццаці да сарака гадоў. Не скажу, што заўсёды яны маюць некалькі кватэр, пару аўтамабіляў і зямельны ўчастак. Візіт да юрыста не залежыць ад багацця.

Калі мы купім дом...

– Ці звяртаюцца да вас сужэнцы, якія пражылі разам шмат гадоў, але ўсё ж такі пажадалі заключыць такое юрыдычнае пагадненне?

– Бываюць такія выпадкі. Да мяне звярталіся муж з жонкай, абаім было дзесьці па пяцьдзясят гадоў. Адносіны ў іх не складваліся. Муж – індывідуальны прадпрымальнік, жонка таксама працавала. Яму ўдавалася ўтойваць ад другой паловы свае заробкі, магчыма, нейкая маёмасць была аформлена на трэціх асоб. І жонка хацела замацаваць свае правы на тое, што яны нажылі. Гэты выпадак запомніўся тым, што сужэнцы вырашылі не толькі тое, каму дастанецца кватэра, лецішча, аўтамабіль у выпадку разводу, але і падзялілі рэчы, якія юрысты называюць «лыжкі-відэльцы»: бытавую тэхніку, мэблю, асабістую маёмасць.

– Што можна прапісаць у шлюбным дагаворы?

– У ім можна агаварыць, як пасля разводу будзе дзяліцца сумесна нажытая падчас шлюбу маёмасць: нерухомасць, аўтамабілі, зямельныя ўчасткі. Таксама ў дакуменце можна прадугледзець парадак сустрэч з дзецьмі, унесці правы і абавязкі сужэнцаў па ўзаемным утрыманні пасля скасавання шлюбу. Таксама можна прапісаць, у каго застануцца каштоўныя падарункі, якія муж падарыў жонцы. Наогул, няма такога правіла, якія пункты абавязкова павінны быць у шлюбным дагаворы. Іх вызначаюць муж і жонка.

– Ці можна ў такім дакуменце прапісаць, як у выпадку разводу будзе дзяліцца сумесны бізнес?

– Калі я рыхтаваў праекты шлюбных дагавораў, мае кліенты бізнес не дзялілі. Са слоў сваіх калег ведаю, што звычайна гэты пункт не прапісваецца ў дагаворы, бізнес пасля разводу дзеліцца ўжо ў судзе. Як правіла, калі хтосьці з сужэнцаў, напрыклад муж, індывідуальны прадпрымальнік, то ён не захоча дзяліцца актывамі ці даходамі ад сваёй справы з ужо чужым чалавекам. У дагаворы ён будзе імкнуцца захаваць свой бізнес за сабой. Пра дзяцей у такіх сітуацыях думаюць, а пра былога сужэнца звычайна не. Але, калі муж і жонка пажадаюць, гэты пункт можна прапісаць у дагаворы. Напрыклад, у такім юрыдычным пагадненні можна вызначыць працэнт прыбытку ад бізнесу, які пасля шлюбу будзе атрымліваць былы муж ці жонка.

– Якія пункты нельга ўносіць у гэта юрыдычнае пагадненне?

– У такім дакуменце нельга прапісваць тую маёмасць, якой яшчэ няма. «Калі мы купім дом, то ён будзе належаць...» – такіх умоў у шлюбным дагаворы быць не можа. Калі потым сужэнцы нешта набудуць (прычым законным шляхам), то шлюбны дагавор можна памяняць.

Нельга ў шлюбным дагаворы забараніць аднаму з бацькоў бачыцца з дзецьмі пасля разводу, толькі калі былы муж ці жонка пазбаўлены бацькоўскіх правоў.

«Мерседэс», «лексус» і трэція асобы

– Ці ўзнікаюць спрэчкі паміж сужэнцамі падчас падрыхтоўкі шлюбнага дагавора?

– Так, бывае, што муж і жонка спрачаюцца з-за сваёй маёмасці, калі яна дарагая. Калі яны самі не могуць яе падзяліць, то я дапамагаю ім разабрацца, каму застанецца дом, каму – кватэра, каму – «мерседэс», каму – «лексус»... Каб было менш спрэчак, на кансультацыі па пытанні шлюбнага дагавора я прашу сужэнцаў, каб яны загадзя падрыхтавалі спіс, дзе будуць дзве калонкі: што пасля разводу дастанецца яму, а што — ёй. Але звычайна людзі дома рыхтуюцца да размовы з адвакатам, і абмеркаванне праекту гэтага юрыдычнага пагаднення абыходзіцца без сварак.

– Якія «падводныя камяні» могуць узнікнуць пры падрыхтоўцы дагавора?

– Самае галоўнае ў такой справе – уменне дамовіцца са сваёй другой паловай. Важна, каб маёмасць, якую збіраюцца дзяліць сужэнцы, была іх уласнасцю, а не належала трэцім асобам: сваякам, сябрам, знаёмым. Да мяне прыходзіла сямейная пара, у якой была свая вытворчасць. Сужэнцы захацелі гэты бізнес зарэгістраваць у шлюбным дагаворы. Муж з жонкай думалі, што ўсё ў памяшканні, якое было аформлена на кагосьці з іх, таксама належыць ім. Аказалася, што абсталяванне, якое там знаходзілася, было запісана на знаёмага. Таксама сужэнцы павінны мець дакументы, якія пацвярджаюць іх права ўласнасці. Тады заключэнне шлюбнага дагавора будзе законнай грамадзянска-прававой здзелкай і ніякіх падводных камянёў не ўзнікне.

– Ваша парада: заключаць ці не заключаць шлюбны дагавор?

– Я раю сужэнцам складаць такі дакумент, бо потым яны абое будуць юрыдычна абаронены.

Анастасія ПЕЦЬКО, «Звязда», 30 лістапада 2017 г.