/ / Общественно-политические и в области права
22.11.2017

Найлепшы спосаб – збіраць подпісы: Больш падрабязна аб тым, як правільна запаўняць падпісныя лісты

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Падчас яго абмяркоўваўся не толькі каляндарны план выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, але і іх бюджэт, быў таксама зацверджаны метадалагічны дапаможнік.

Выборы

Падчас пасяджэння была агучана думка пра тое, што найбольш эфектыўным спосабам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў застаецца збор подпісаў. Так лічыць Галіна Мкртычан, загадчык аддзела прававой, аналітычнай і метадычнай работы ЦВК. На яе думку, у гэтым працэсе адначасова прысутнічае элемент перадвыбарчай агітацыі за кандыдата. Тым не менш пры вылучэнні менавіта такім спосабам, як правіла, дапускаецца вялікая колькасць памылак.

Галіна Мкртычан нагадала, што збор подпісаў можа ажыццяўляцца толькі членамі ініцыятыўных груп, якія павінны абавязкова мець пры сабе пасведчанне, выдадзенае адпаведнай выбарчай камісіяй, і дакумент, які пацвярджае іх асобу. У падтрымку асоб, прапанаваных да вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты, выбаршчыкі ставяць подпісы ў падпісных лістах, якія выраблены Цэнтрвыбаркамам ва ўсталяванай форме. Але пры неабходнасці дапускаецца і ксеракапіраванне бланкаў альбо раздрукоўка іх з сайта ЦВК. Пры гэтым павінны захоўвацца форма і памер падпіснога ліста.

Законам прадугледжаны патрабаванні да запаўнення падпісных лістоў. Перш за ўсё, у кожны падпісны ліст яшчэ да пачатку збору подпісаў павінны быць унесены без скарачэнняў звесткі аб асобах, якія вылучаюцца кандыдатамі: прозвішча, імя, дата нараджэння, месца працы альбо занятак, пасада, якую займае, месца жыхарства, партыйнасць. Збор подпісаў у лістах, у якіх гэтыя звесткі адсутнічаюць, не дапускаецца. Невыкананне патрабавання пацягне прававыя наступствы (да адміністрацыйнай адказнасці).

Ставіць у падпісных лістах свае подпісы ў падтрымку кандыдата маюць права грамадзяне Беларусі, якія дасягнулі 18 гадоў, а таксама грамадзяне Расіі, якія пастаянна пражываюць на тэрыторыі Беларусі і маюць від на жыхарства. У падпісным лісце павінны быць подпісы толькі тых выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі акругі, па якой вылучаецца кандыдат. Подпісы, сабраныя на тэрыторыі іншай акругі, улічвацца не будуць. Але пры гэтым адзін чалавек можа паставіць подпіс за вылучэнне некалькіх кандыдатаў у дэпутаты ў сваёй акрузе. Таксама важна памятаць, што нельга карыстацца алоўкам пры запаўненні ліста.

Нагадаем, што ў мясцовыя Саветы дэпутатаў плануецца абраць больш за 18 тысяч дэпутатаў. Адпаведна, будзе ўтворана аналагічная колькасць выбарчых акруг. Выбарная кампанія павінна пачацца за тры месяцы да асноўнага дня галасавання – 18 лютага, гэта значыць не пазней за 18 лістапада. Вылучэнне кандыдатаў праводзіцца традыцыйнымі спосабамі: ад палітычных партый, ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў.

Згодна з заканадаўствам на выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў няма парога яўкі, таму перамагае кандыдат, які набраў большасць галасоў. Замежныя назіральнікі для маніторынгу не запрашаюцца (выключэнне можа рабіцца для прадстаўнікоў акрэдытаванага дыпкорпуса). Але ў маніторынгу могуць браць удзел нацыянальныя назіральнікі.

Вераніка Пуставіт, «Звязда», 22 лістапада 2017 г.