/ / Общественно-политические
08.11.2017

Каго выбіраюць сваёй «мішэнню» няпрошаныя электрыкі? Заплаціць за іх работу прыйдзецца па максімуме

Услед за прадаўцамі фільтраў, замкоў і вокнаў на рынак паслуг у Гродне выйшлі... электрыкі. Яны тэлефануюць альбо звоняць адразу ў дамафон і прапануюць жыхарам тэрмінова прывесці ў парадак праводку. А не тое, кажуць яны, можа быць позна...

Махлярства

Што і казаць, алгарытм дзеяння выбраны дакладны. Спачатку кліенту трэба прапанаваць паслугу, а затым намаляваць жудасную карціну наступстваў, калі ён пачне сумнявацца ці наогул адмаўляцца. Дарэчы, такая схема вядома. Па ёй ужо нямала народу пацярпела ад рознага роду «спецыялістаў». Ёсць у гэтым спісе і прадаўцы цудадзейных фільтраў для вады, і майстры ўцяплення вокнаў, і так званыя замочнікі. А зараз гродзенцы сутыкнуліся яшчэ з адным тыпам спецыялістаў, якія дакучліва прапануюць свой сэрвіс, – з электрыкамі.

Так, за некалькі дзён у міліцыю Гродна звярнуліся каля двух дзясяткаў чалавек, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Максім Базыленка. Грамадзяне расказвалі, што ім званілі на дамашні тэлефон, а некаторым і ў дамафон невядомыя асобы, якія называліся работнікамі нейкай арганізацыі, што займаецца электраабсталяваннем. Так званыя майстры спачатку цікавіліся станам электраправодкі ў кватэры, а затым прапаноўвалі свае паслугі па замене кабелю, разетак, выключальнікаў. Калі кліент раздумваў ці адмаўляўся ад паслугі, яны палохалі жыхароў пажарамі і іншымі наступствамі.

– Увесь жылы фонд знаходзіцца на абслугоўванні ЖЭСаў, дзе ёсць кваліфікаваныя электрыкі. У іх абавязкі ўваходзіць у тым ліку і замена электраправодкі ўсім ахвотным. Любы жыхар можа выклікаць спецыяліста, які вызначыць, патрэбны рамонт ці не, – растлумачыў начальнік аддзела па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна Мікалай Галякевіч.

А вось тыя, хто вырашыў даверыцца «левым» электрыкам, могуць аказацца ў пройгрышы. Бо замена электраправодкі такой фірмай будзе каштаваць 200 рублёў, прычым работы выконваюцца па мінімуме, з прымяненнем самых танных матэрыялаў, але заплаціць за іх прыйдзецца па максімуме. Напрыклад, аўтаматычны выключальнік абыходзіцца кліенту прыблізна ў 70 рублёў за штуку (кошт аналагічнага ў рознічным гандлі – ад 4 да 7 рублёў). Прадстаўнікі арганізацыі заключаюць дагаворы з абавязковай перадаплатай, якая ў выпадку скасавання дагавора кліенту не вяртаецца.

– Дакументы ў такога роду фірмаў складаюцца вельмі дакладна, і аспрэчыць іх цяжка, – папярэджвае Мікалай Галякевіч. – Таму гаспадарам, асабліва сталага ўзросту, варта быць уважлівымі, калі ім пагражаюць пажарамі і выхадам са строю бытавой тэхнікі ў выпадку, калі людзі не скарыстаюцца паслугамі фірмы.

Мне ў сувязі з гэтым прыпомніўся адзін званок ад прадстаўнікоў «аконнай» фірмы. Тэлефанавала дзяўчына, якая настойліва пераконвала мяне ў тым, што ў кватэры неабходна праверыць шчыльнасць прылягання шкла на вокнах. Маўляў, можа, гумавыя пракладкі знасіліся ці яшчэ якія недарэчнасці ёсць. А гэта так небяспечна!

Праверыць якасць гэтых самых пракладак, можа, справа не лішняя. Але тон дзяўчыны выклікаў насцярожанасць і разам з гэтым пытанні: чаму самі тэлефануюць, чаму не называюць арганізацыю, чаму навязваюць паслугу? На гэта дзяўчына адказала, што даныя аб стане майго акна будуць перадавацца ў гарадскую адміністрацыю. А калі я адмоўлюся, іх там за гэта нават пакараюць. А мне толькі і патрэбна, што дзверы адчыніць і майстра ў кватэру пусціць, які ўжо амаль што за дзвярыма стаіць...

Думаю, што разлік быў у нейкай ступені і на спачуванне. Маўляў, мы дзеля сваіх кліентаў гатовы вымову атрымаць, а вы не хочаце пайсці насустрач! Прызнацца, я ведала і пра такія «разводы», і пра майстроў, якія спачатку прапануюць нешта замяніць за невялікі кошт, а потым аказваецца, што выканалі яны работу на 300-400 рублёў. Калі кліент разумее свой промах, адступаць ужо позна, бо пад дагаворам стаіць яго подпіс. Лаўцы лёгкай нажывы выбіраюць, як правіла, людзей сталых, адзінокіх, даверлівых. Каб яны адчулі клопат пра стан іх вокнаў ці той жа электраправодкі. Пры гэтым, вядома, не забываюць накруціць цану ў дзясяткі разоў.

А між іншым, можна заўважыць, якім чынам узнікаюць такія маштабныя «кампаніі». Як толькі паўсюдна загаварылі пра якасць пітной вады і сталі з'яўляцца скаргі ад насельніцтва, адразу на сцэну выйшлі сумнеўныя фільтры. Не самы лепшы тавар, затое за высокі кошт.

Здарыліся трагедыі з дзецьмі, якія выпалі з вокнаў, – тут жа пачалася кампанія «аконных» майстроў. Вядома, на гэтай хвалі лягчэй пераканаць гаспадароў кватэр у неабходнасці свайго тавару.

Выпадкі з пажарамі кватэр актывізавалі электрыкаў. Яны шырокім фронтам пачалі сваю, чарговую, кампанію паслуг. Дарэчы, такая ўвага магла б быць сапраўды патрэбнай насельніцтву, калі б не адна акалічнасць. Вельмі дорага цэняць майстры свае паслугі, а прапановы часцей за ўсё накіроўваюць на сталых людзей. Вядома, чаму – іх, даверлівых, лягчэй падмануць.

Маргарыта УШКЕВІЧ, «Звязда», 8 лістапада 2017 г.