/ / Общественно-политические
03.05.2017

Каму будынак нядорага? Адбылося абмеркаванне пытанняў увядзення ў гаспадарчы абарот камунальнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца

У мінулую пятніцу Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі правёў чарговае выязное пасяджэнне. На прыкладзе Мінскага і Дзяржынскага раёнаў члены Савета абмеркавалі ўвядзенне ў гаспадарчы абарот камунальнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца ці выкарыстоўваецца неэфектыўна. Адзінага рэцэпта, дарэчы, тут няма, а вось пытанняў у дэпутатаў усіх узроўняў накапілася даволі шмат.

Дзіцячы лагер

Па прыклад – у раён

Зранку члены Савета на чале са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснікам старшыні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Аляксандрам Папковым накіраваліся ў Заслаўе. Там размешчана прадпрыемства аднаго з вядомых беларускіх вытворцаў тэкстылю «Марк Фармэль». Кампанія даволі маладая – яшчэ няма і дзесяці гадоў, але ўжо заваявала сэрцы пакупнікоў якасцю і дызайнам сваёй прадукцыі. Але ўвагу членаў Савета яна прыцягнула не толькі з гэтай прычыны: вытворчасць размясцілі там, дзе раней была карданажная фабрыка. Тым самым выратавалі стратнае прадпрыемства, ды яшчэ як! Захавалі выраб кардону як адзін з кірункаў работы: летась яго вырабілі на суму ў 705 000 рублёў. У той дзень члены Савета па ўзаемадзеянні таксама наведалі Фаніпальскі завод вымяральных прыбораў «Энергамера», створаны на базе недабудаванага гандлёвага цэнтра, холдынг «САЛЕО» і прадпрыемства «Элезер» у Дзяржынскім раёне.

У выніку можна сказаць адно: гісторыі поспеху з пакупкай маёмасці, якая выкарыстоўвалася неэфектыўна, сапраўды існуюць. Пры якасных разліках, прыцягненні інвестыцый і добрым менеджменце зрабіць на месцы стратнай вытворчасці эканамічна перспектыўную фабрыку ці завод магчыма. Але знайсці пакупнікоў, у якіх ёсць усе гэтыя тры інгрэдыенты поспеху, даволі цяжка. Да таго ж, на практыцы існуюць пэўныя бар'еры, якія часам не даюць развівацца сельвыканкамам з баластам у выглядзе маёмасці, якая ўжо нікому не патрэбна.

Катэдж замест лагера

Насамрэч, пакуль пытанняў з продажам дзяржаўнай уласнасці, якая не выкарыстоўваецца, больш, чым адказаў. І гэта датычыцца амаль кожнай яе катэгорыі. Напрыклад, дзіцячыя лагеры. У свой час многія прадпрыемствы для дзяцей сваіх супрацоўнікаў будавалі такія месцы адпачынку. Гэта было папулярна і зручна, асабліва калі яны знаходзіліся непадалёку ад горада. Але разам з тым, калі заводы бяднелі, прыходзілі ў непрыдатнасць і гэтыя забудовы. Зараз сітуацыя амаль жахлівая. Скажам, у Мінскім раёне з 70 лагераў 44 не выкарыстоўваюцца ці выкарыстоўваюцца неэфектыўна.

Будынкі знаходзяцца ў лясным масіве, і некаторыя з іх былі прададзены ў прыватныя рукі. Але работа не ідзе. Чаму? Пакупнікі акуратна плацяць падаткі, але нічога не робяць на зямлі, таму што чакаюць указа Прэзідэнта, згодна з якім можна было б змяніць мэтавае прызначэнне зямлі. Тады будзе магчыма замест аздараўленчых лагераў пабудаваць катэджы, якія, вядома, можна прадаць за большую цану. Месца побач са сталіцай, ды яшчэ і ў лесе, цэніцца заўжды... Ведаючы сітуацыю, Мінскі абласны выканаўчы камітэт не так даўно вырашыў: такія пакупнікі, якія нічога не робяць на месцах, павінны плаціць падаткі на зямлю і на нерухомасць у дзесяцікратным памеры. Пасля гэтага работа пайшла хутчэй. З тымі ж, хто і цяпер ігнаруе стымулы да будаўніцтва, будуць размаўляць асобна. І калі райвыканкам не зможа знайсці кансэнсус з прыватнікамі на працягу гэтага года, магчыма, будуць шукаць шляхі, як знесці закінутыя забудовы і перадаць зямлю лясніцтву.

Абмеркаванне

Своечасовая дапамога

Па словах старшыні Мінскага райвыканкама Пятра Ярмаша, самі ўлады трапляюць у сітуацыі, калі існуючыя правілы ствараюць перашкоды для эканамічнага развіцця і ўвядзення ў абарот маёмасці, якая не выкарыстоўваецца. Напрыклад, памяшканні, што знаходзяцца пад арыштам. Калі суд прымае такое рашэнне па прадпрыемстве-даўжніку, апошні за аб'ект не плаціць падаткі, ды і прадаць будынак хутка, часцей за ўсё, не атрымліваецца. Іншы выпадак, калі аб'ект кансервуецца. Гэта рашэнне прымаецца ўласнікам без выканкама. За такія памяшканні зноў жа падаткі не плацяць. Адзінае – глядзяць, каб там усё не зарастала пустазеллем.

З боку ўлады, вядома ж, было б выгадна, калі б падаткі на такія памяшканні захоўваліся ці рашэнні прымаліся б разам з выканкамамі. Але гэты падыход да прыватнай уласнасці падаецца не зусім карэктным, таму сітуацыя застаецца такой, як сёння. Іншая справа, што хутчэй за ўсё мясцовыя ўлады ведаюць гаспадароў прадпрыемстваў на сваёй тэрыторыі, сочаць за іх актыўнасцю і самі зацікаўлены ў іх працвітанні, таму разумеюць, што трэба працаваць на апярэджанне. Выканкамы разам з кіраўнікамі вытворчасцяў могуць шукаць выйсце з цяжкіх сітуацый, калі вытворчасць рызыкуе стаць стратнай, – гэткая ўзаемадапамога. Толькі такім чынам абодва бакі застануцца ў плюсе.

Ці мэтазгодна?

Найбольш вострыя пытанні наконт маёмасці агучыў старшыня Мінаблвыканкама Сямён Шапіра. Яны характэрны для ўсіх абласцей. Што датычыцца аварыйных дамоў, сёлета ў Мінскай вобласці плануюць знесці каля 1300 такіх будынкаў. Але гэта можна зрабіць толькі пасля трох гадоў, як яны пустуюць без гаспадара. За гэты час выканкам правярае, каб ніхто там не жыў, шукае спадчыннікаў. Афармленне дакументаў і ўсе працэдуры – гэта выдаткі для бюджэту. Але ніхто не застрахаваны ад таго, што нават потым не з'явіцца сваяк, які праз суд можа запрасіць яшчэ, як той казаў, круглую суму за страчаны дом... Неабходна, каб працэдура перадачы маёмасці ва ўласнасць сельсавета была спрошчана, але ці не павялічыць гэта колькасць судовых спраў?

Другая праблема – продаж «аб'ектаў пад знос» не прадугледжвае льгот для пакупніка на гэту працэдуру. Часам разбурыць прадпрыемства даражэй, чым купіць зямлю, таму і ахвотнікаў на аўкцыёнах на такія будынкі няма. Як прапанова – прадаставіць пакупнікам ільготы ў выглядзе зніжаных падаткаў на суму зноса. Такая прэферэнцыя была б выгадна і пакупніку, і дзяржаве, якая нарэшце вызваліцца ад непатрэбных будынкаў. Да таго ж сама працэдура зносу даволі складаная. Для гэтага трэба мець праектна-каштарысную дакументацыю, а значыць вялікія выдаткі і грошай, і часу. Прычым не зусім зразумела, ці настолькі неабходны праект будынка, які плануюць знесці, каб з ім столькі марудзіцца? Ці мэтазгодна гэта?

Да таго ж для юрыдычных асоб падрыхтоўка пакета дакументаў абыдзецца даражэй, чым для фізічных. Выканкамы просяць знізіць цану на такія паслугі і зменшыць колькасць дакументацыі, якую неабходна афармляць перад перадачай уласніку. Абмежавацца можна тымі паперкамі, якія павінен зрабіць сам пакупнік, калі ўжо будзе мець на руках аб'ект.

Яшчэ адна праблема, характэрная для Любанскага і Дзяржынскага раёнаў, – былыя ваенныя гарадкі. Усяго ў Мінскай вобласці іх было каля 300. Цяпер уцягнута ў абарот – 165, закансервавана – 27, знеслі – 62, засталося – 46. Там у пакупнікоў існуюць праблемы з інжынернымі сеткамі, якія «звязваюць» участкі, і, калі ўласнікі розныя, ім цяжка вырашыць гэта пытанне. Па прапанове раздзел інжынерных сетак трэба рабіць яшчэ пры продажы, каб не ствараць дадатковых цяжкасцяў для пакупнікоў.

Выязное пасяджэнне

Напрамкі руху

Гэтыя і іншыя праблемы знайшлі водгук сярод кіраўнікоў абласцей Беларусі. Але як іх вырашаць, пакуль да канца не вядома. Адказ на гэта чакалі ад Камітэта дзяржаўнай маёмасці, але ў межах існуючай сістэмы задаволіць усе патрэбы адразу немагчыма.

Па шчырасці, не ўсе кіраўнікі райвыканкамаў і ўласнікі дасканала ведаюць нюансы продажу такіх аб'ектаў, таму што механізм не празрысты і не вельмі зразумелы. Падчас продажу ўзнікае шмат пытанняў. Напрыклад, калі будынак прадаецца за адну базавую велічыню, аб'ект падаткаабкладання таксама будзе ацэньвацца як адна базавая ці трэба браць за аснову рэальны кошт прадпрыемства?.. Калі з усім гэтым разабрацца, то будзе прасцей абодвум бакам. Бо пакуль многія не звязваюцца з гэтымі працэдурамі, каб не марнаваць час і сродкі. Старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч даручыў разабрацца ў гэтым пытанні і папрасіў намесніка Міністра фінансаў Дзмітрыя Кійко падрыхтаваць адпаведную інструкцыю, якая паствіць усе кропкі над «і» і зробіць працэдуру продажу зразумелай.

Дзяржаўнаму камітэту па маёмасці даручана ў месячны тэрмін «пакласці» ўсе агучаныя праблемы на паперу ў выглядзе праектаў нарматыўна-прававых актаў. Стала зразумела, што адзін з асноўных недахопаў у сістэме заключаецца ў тым, што за дзяржаўную маёмасць нясуць адказнасць усе, у тым ліку і кантрольна-наглядныя органы. Гэта часам перашкаджае рабоце Саветаў. Таму на пасяджэнні было прапанавана істотна пашырыць паўнамоцтвы Саветаў дэпутатаў і выканкамаў, каб іх рашэнні былі канчатковымі.

Пакуль застаецца ўражанне, што пытанняў з дзяржмаёмасцю, якая неэфектыўна выкарыстоўваецца, амаль столькі ж, колькі адпаведных аб'ектаў у краіне. У спрашчэнні працэдуры ўвядзення яе ў гаспадарчы абарот перш за ўсё зацікаўлена сама дзяржава. Лагічнымі выглядаюць прапановы па аблягчэнні механізмаў продажу ці перадачы маёмасці. Але пакуль сістэма застаецца заблытанай. У Саветаў дэпутатаў накапілася да яе столькі пытанняў, што зразумела: яна не адпавядае сучаснай сітуацыі і яе трэба сур'ёзна ўдасканальваць.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, намеснік старшыні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі Аляксандр ПАПКОЎ:

– Абмеркаванне пытання аб увядзенні ў абарот камунальнай формы ўласнасці, якая не выкарыстоўваецца многія гады, я лічу эканамічна актуальным. Уявіце сабе, што тысячы былых прадпрыемстваў мелі нейкую ўласнасць, якая сёння пустуе. Гэта, перш за ўсё, працоўныя месцы, гэта эканоміка раёнаў. Мы сёння запрасілі ўсіх зацікаўленых асоб, у першую чаргу кіраўнікоў адпаведных міністэрстваў, і разам шукалі падыходы, як правесці арганізацыйныя меры, якія прыняць адпаведныя нарматыўныя дакументы, каб уключыць гэтую ўласнасць у абарот. Гэта мае вельмі сур'ёзнае значэнне. Мы пераканаліся, што пытанняў, на жаль, вельмі шмат. Патрабуецца каардынацыя на ўзроўні цэнтральных органаў дзяржаўнага кіравання, разам з аблвыканкамамі, абласнымі Саветамі. Напэўна, трэба прымаць дапаўненні, змяненні ў існуючую нарматыўную базу, якія дадуць магчымасць у найбліжэйшы час выпрацаваць адпаведную сістэму падыходаў па вырашэнні праблем, якія мы абмяркоўвалі.

Нам неабходна сёння бачыць, распрацоўваць матрыцу развіцця рэгіёна з пункту гледжання эканомікі. Перш за ўсё, гэта эканамічны стан рэгіёна, сацыяльная абароненасць, працоўныя месцы, дэмаграфія, заработная плата і, вядома, глыбіня выкарыстання вытворчых магутнасцяў. Над гэтым трэба падумаць, і тады стане ясна, як працуе сёння Мінскі раён, як – Хоцімскі. Але ў той жа час нам трэба думаць аб адпаведных крытэрыях. Мы павінны браць пад увагу розныя фактары, не ўраўноўваць, а адпаведным чынам падымаць узровень. Мы не можам сёння параўнаць працу старшынь Крупскага і Мінскага райвыканкамаў. З улікам гэтага мы павінны прадумваць нашы падыходы ў будучыні. Трэба адыходзіць ад накатаных падыходаў і бачыць эканоміку, глыбіню самога працэсу. Як павышаць патрабавальнасць, калі мы не распрацавалі матрыцу, па якой павінны ацэньваць працу адпаведнага кіраўніка?

Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь Аляксей ВАСІЛЬЕЎ:

– Эканамічную аснову мясцовага кіравання складае камунальная ўласнасць, парадак кіравання і распараджэння вызначаецца адпаведнымі Саветамі дэпутатаў. У Мінскай вобласці рашэннем абласнога Савета дэпутатаў ад 2012 г. № 178 такі парадак вызначаны. І ў іншых абласцях існуюць падобныя рашэнні і аднолькавыя інструменты. Разам з тым спосабы выкарыстання гэтых інструментаў адрозніваюцца. Напрыклад, калі ў Мінскай вобласці аб'ект можна па рашэнні Савета дэпутатаў прадаць напрамую, то ў Магілёўскай вобласці, Бабруйскім раёне і горадзе Магілёве тое ж самае можна зрабіць толькі па рашэнні Кіраўніка дзяржавы. Як мы бачым, прымяняюцца розныя падыходы да выкарыстання такога інструмента, як прамы продаж. Маё меркаванне, калі Саветы дэпутатаў хочуць быць больш самастойнымі, трэба ўсё ж такі смялей браць на сябе адказнасці і не перакладаць вырашэнне пытання на Кіраўніка дзяржавы.

У Мінскай вобласці 244 000 кв. м, або 1,8%, нявыкарыстанай маёмасці. Гэта даныя 2017 года. ФАПы, школы, дзіцячыя сады, клубы – сацыяльныя аб'екты. Гэта маёмасць не мае выяўленага камерцыйнага характару, як вынік цікавасць да яе праяўляюць пераважна мясцовыя дробныя прадпрыемствы, прадпрымальнікі, якія, як правіла, не валодаюць значнымі ўласнымі фінансавымі рэсурсамі. Любую маёмасць трэба разглядаць не столькі як маёмасную адзінку, а як патэнцыял для стварэння новай вытворчасці, новых працоўных месцаў, вызвалення ад няпрофільных аб'ектаў прадпрыемстваў ЖКГ, атрымання сродкаў у бюджэт ад продажу маёмасці або ад перадачы ў арэнду, задзейнічання людзей пры аптымізацыі вытворчасцяў, недапушчэння росту беспрацоўных, уключэння інвестыцый...

Што датычыцца спецыфічных аб'ектаў былых ваенных гарадкоў, то пытанне з імі стаіць досыць востра. Гэтыя аб'екты – не толькі велізарная казарма, якая знаходзіцца ўдалечыні ад населеных пунктаў і інфраструктуры, але і аб'екты, якія выкарыстоўваліся для захоўвання боепрыпасаў. Іх у асноўным замацоўваюць за прадпрыемствамі ЖКГ, што з'яўляецца для іх няпрофільнымі актывамі. Раней у рэспубліканскім бюджэце – у 2009 годзе – планаваліся сродкі на знос такіх аб'ектаў. На жаль, з 2010 года такое планаванне скончылася, і рэгіёны сутыкнуліся з сур'ёзнай праблемай. Такую маёмасць не закапаеш, і яе не так проста ўтылізаваць. Знос такой маёмасці дастаткова затратны. Мяркую, што неабходна вярнуцца да пытання выдзялення сродкаў для гэтых мэтаў або знішчаць такія аб'екты за кошт дапамогі ваенных. Акрамя таго, мяркую, што патрэбен спрошчаны парадак працы па зносе і ўтылізацыі аб'ектаў, якія не прыдатны для выкарыстання.

Надзея АНІСОВІЧ, «Звязда», 3 мая 2017 г.
(фота – Сяргей НІКАНОВІЧ)