/ / Общественно-политические
30.03.2017

Сістэма адрасных субсідый дойдзе да кожнага чаргавіка, а аб'ём будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай павялічыцца больш чым удвая

Сістэма адрасных субсідый дойдзе да кожнага чаргавіка. А ўвогуле новы механізм крэдытавання дазволіць павялічыць аб'ём будаўніцтва жылля з дзяржаўнай падтрымкай у нашай краіне больш чым удвая, паведаміў першы намеснік Міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Кручанаў у час работы выстаўкі «Беларускі будаўнічы тыдзень – 2017».

У прыватнасці, ён паведаміў, што ў пастанове Урада № 1113, якая вызначае аб'ёмы будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай, закладзена ўзвесці 375 тысяч квадратных метраў жылых памяшканняў. Цяпер у міністэрстве плануюць, што з улікам прыцягнення крэдытаў камерцыйных банкаў магчыма выйсці на ўзвядзенне ўжо 840 тысяч «квадратаў». Сёння для гэтага неабходна інвеставаць у будаўніцтва 185 млн рублёў.

Першы намеснік Міністра адзначыў, што Беларусбанк адшукаў частку неабходных сродкаў у аб'ёме каля 100 млн рублёў. З іх 50 млн рублёў пайшло на напаўільготнае крэдытаванне, якое карыстаецца попытам у грамадзян, што маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. «Астатнія банкі прыглядаюцца. Усё ж такі гэта навіна, нарматыўна-прававая база толькі ствараецца», – сказаў Аляксандр Кручанаў. Пры гэтым ён выказаў упэўненасць, што вопыт Беларусбанка і Белаграпрамбанка надасць упэўненасці іншым банкаўскім установам для далучэння да працэсу. Падобныя крэдыты на жыллё з'яўляюцца зваротнымі і найменш праблемнымі.

Таксама ён дадаў, што праект указа, якім вызначаецца дадатковы механізм крэдытавання жылля з дзяржпадтрымкай, цяпер знаходзіцца на разглядзе ва ўрадзе. «У найбліжэйшы час ён будзе накіраваны кіраўніку краіны», – адзначыў Кручанаў.

Нагадаю, што, паводле новага механізма дзяржпадтрымкі, грамадзянін зможа атрымаць субсідыю, а потым накіруе яе на пагашэнне крэдыту, які атрымае на камерцыйных умовах. Сістэма стане працаваць так: камерцыйныя банкі прапануюць крэдытаатрымальнікам пазыковыя сродкі пад будаўніцтва жылля, а грамадзяніну будзе налічвацца субсідыя. Для некаторых катэгорый яна пойдзе на пагашэнне часткі працэнтаў і часткі асноўнага доўгу на крэдыт. Гэта дазволіць, па-першае, прыцягваць у будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай дадатковыя рэсурсы, якія ёсць у камерцыйных банкаў. Па-другое, пазбягаць дырэктыўнага крэдытавання, калі магчыма будзе адмовіцца ад прамога пералічэння банкам сродкаў з бюджэту.

Спецыялісты падлічылі, што працэнтныя стаўкі для слабаабароненых катэгорый у асноўным не зменяцца, а памеры субсідый будуць разлічвацца такім чынам, каб у грамадзян заставаліся прыкладна тыя ж аб'ёмы плацяжоў, што і раней пры льготным крэдытаванні. Пры гэтым будзе дзейнічаць і Указ №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў».

Сяргей КУРКАЧ, «Звязда», 30 сакавіка 2017 г.