/ / Общественно-политические
16.03.2017

Як у рэгіёнах тлумачаць людзям нюансы Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства»

Нашы ўласныя карэспандэнты – аб выкананні на месцах рашэнняў нарады ў Прэзідэнта па актуальных пытаннях.

За год на Гомельшчыне знайшлі працу каля дваццаці тысяч чалавек. Сёння варыянтаў працаўладкавання ў рэгіёне больш, чым афіцыйна беспрацоўных. На 6900 вакансій прэтэндуюць сем тысяч саіскальнікаў. Такім чынам, кожны беспрацоўны тэарэтычна можа знайсці, дзе зарабляць грошы. Іншая справа, што жаданні не заўсёды супадаюць з прадстаўленымі магчымасцямі. Як шукаць і знаходзіць кампраміс, хто можа ўсё ж быць вызвалены ад уплаты збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў, якім чынам дэпутаты розных узроўняў могуць дапамагчы ў рашэнні жыццёва важных пытанняў людзей. Пра гэта гутарым з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Гомельскай сельскай выбарчай акругі №37 Алай НАВУМЧЫК.

– Ала Аляксандраўна, якія катэгорыі грамадзян варта, на ваш погляд, вызваліць ад збору згодна з Дэкрэтам №3?

– У нас ёсць вялікая колькасць людзей, якія займаюцца ўласнай дапаможнай гаспадаркай, забяспечваюць сваю сям'ю сельгаспрадуктамі, а лішкі рэалізуюць на мясцовых рынках. Аднак яны не адносяцца да катэгорыі тых, хто вядзе ўласную дапаможную гаспадарку, бо іх участак зямлі аформлены пад пабудову і абслугоўванне жылога дома, а не для вядзення ўласнай гаспадаркі. Вось такая заканадаўчая асаблівасць. Дарэчы, Камітэт па дзяржмаёмасці настойвае на тым, што мы павінны захаваць менавіта такі статус падобных зямельных участкаў. Катэгорыя грамадзян, пра якую ідзе размова, вядома, актыўна ўдзельнічае ў працоўным працэсе і прыносіць карысць не толькі сваёй сям'і, але і грамадству ўвогуле. Таму, лічу, іх трэба вызваліць ад уплаты збору. Тут, мне здаецца, трэба ўдасканаліць адміністрацыйныя працэдуры па змяненні рэгламентуючых дакументаў. Дарэчы, людзей такіх дастаткова многа. Сітуацыя асабліва актуальная для раёнаў, якія спецыялізуюцца на вытворчасці агародніны ў закрытым грунце, кветак, ягад у сур'ёзных маштабах. Гэту катэгорыю грамадзян мы проста абавязаны адстаяць на ўсіх узроўнях. Таксама вызваліць ад уплаты збора трэба катэгорыю жанчын, якія сёння з'яўляюцца хатнімі гаспадынямі і даглядаюць дзяцей ва ўзросце да 7 гадоў. У грамадстве вядзецца дыскусія – магчыма, узрост дзяцей трэба павялічыць да 10 гадоў. Нават язык не паварочваецца, каб сказаць, што гэта дармаеды. На мой погляд, трэба даць магчымасць матулям спакойна даглядаць дзетак у выпадку, калі тата матэрыяльна забяспечвае сям'ю.

– Даволі часта здараецца, калі людзі 50–60 гадоў атрымалі цяжкія захворванні, прайшлі пэўную рэабілітацыю, але маюць вельмі абмежаваныя магчымасці для працаўладкавання. Пры гэтым групу інваліднасці ім не даюць...

– Гэта і ёсць складаная жыццёвая сітуацыя, і тут мы павінны прадумаць сістэму абаронных мер. У тым ліку гэта можа быць стварэнне банка месцаў працы – адносна лёгкай – для такой катэгорыі грамадзян. Калі такіх прыдатных месцаў сапраўды няма, трэба думаць пра тое, як чалавека вызваліць ад уплаты збору.

– Якім чынам дэпутаты розных узроўняў могуць дапамагчы ў працаўладкаванні грамадзян на месцах?

– Цяпер у нашай краіне створана нармальная база вакансій і рынак працы дастаткова празрысты. Асаблівасць Гомельскай сельскай выбарчай акругі, якую я прадстаўляю, у тым, што тут многа буйных сельгасарганізацый. Многія кіраўнікі з задавальненнем прымаюць на працу сезонных работнікаў. Акрамя таго, існуюць пэўныя, няхай і невялікія, бюджэты ў сельскіх і раённых саветах. На вёсцы актыўна займаюцца добраўпарадкаваннем. Можна прыцягваць да правядзення работ людзей, якія сёння маюць цяжкасці з працаўладкаваннем. На мой погляд, нядрэнная форма занятасці – арганізацыя збораў другаснай сыравіны. На гэтым рынку існуе многа камерцыйных арганізацый, якія купляюць па больш высокіх, чым дзяржаўныя, коштах шклабой, макулатуру, металалом. Таму тут у нас ёсць рэзервы. Дэпутаты рэспубліканскага ўзроўню павінны думаць пра стратэгію пашырэння рынку працы і пра стварэнне новых высокаэфектыўных рабочых месцаў з укараненнем інавацый. Трэба прыцягваць зацікаўленага інвестара, трэба развіваць ІТ-сферу. Сёння адбываецца змяненне структуры нашай эканомікі ад матэрыялаёмістай, энергаёмістай, працазатратнай да больш эфектыўнай. Усе развітыя краіны свету сыходзяць ужо ў шосты тэхналагічны ўклад, а мы пакуль застаёмся на чацвёртым. Сёння існуе вельмі многа рэзерваў для павышэння эфектыўнасці традыцыйных вытворчасцяў, але ж трэба думаць і пра стварэнне абсалютна новых. І гэта – стратэгічная задача. Мы часта гаворым пра празмерную колькасць на рынку працы эканамістаў і юрыстаў. Не раз вялася размова і пра стварэнне пры вышэйшых навучальных установах бізнес-інкубатараў. У іх выпускнікі маглі апрабаваць свае веды і набыць першапачатковыя навыкі вядзення бізнесу. Тут патрэбны крок дзяржавы насустрач. Магчыма, гэта можа быць выдзяленне пэўных пазык тым ВНУ, якія будуць ствараць такія рэальныя бізнес-інкубатары.

– Як сумясціць рынак прапанаваных вакансій з рынкам прэтэндэнтаў на пэўныя працоўныя месцы?

– Пэўныя перакосы ў нас ёсць. Калі мы кажам пра структуру рынку працы, то дзяржава можа яго нейкім чынам рэгуляваць толькі ў доўгатэрміновай вызначанай перспектыве. Разам з тым адкрыты рынак працы і стварэнне канкурэнцыі дае магчымасць прадпрыемствам знаходзіць самага кваліфікаванага спецыяліста. Сёння, пры нашым узроўні развіцця аграрнага сектара складана знайсці не толькі галоўнага агранома ці заатэхніка, але і аператара машыннага даення. Важна адладзіць сістэму стымулявання школьнікаў для паступлення ў ВНУ сельскагаспадарчага профіля. Другі варыянт – самім вырошчваць такія кадры, зыходзячы з тых працоўных рэсурсаў, якія ёсць. Тут важна спалучэнне макраэканамічнага дзяржаўнага рэгулявання і работы канкрэтных прадпрыемстваў.

***

У Свіслацкім райвыканкаме большасць зваротаў грамадзян па вызваленні ад уплаты збору ўжо разгледжана

«Да разгляду спраў прыцягнуты розныя службы, – паведаміў намеснік старшыні Свіслацкага райвыканкама Іван ВАРАНЕЦ. – У склад спецыяльнай камісіі ўваходзяць і зямельныя службы, і медыкі, і фінансісты, і падатковыя органы, і прадстаўнікі ўнутраных спраў, і медыкі, і старшыні сельскіх Саветаў. Сумесная работа накіравана на тое, каб даць аб'ектыўную ацэнку кожнай канкрэтнай сітуацыі».

Іван Варанец адзначыў, што зараз заяў паступае значна менш, асноўны наплыў назіраўся ў лютым, калі спецыяльныя камісіі збіраліся па два разы на тыдзень. Цяпер такой неабходнасці не ўзнікае, пасяджэнні праводзяцца згодна з паступленнем заяў. Спісы заяўнікаў удакладнены. Не ўсе грамадзяне вызваляюцца ад уплаты збору на фінансаванне дзяржрасходаў згодна з Дэкрэтам №3. Ёсць і такія, хто забраў свае звароты яшчэ да разгляду іх на камісіі.

«Просьбы большасці заяўнікаў камісія задаволіла і вызваліла іх ад уплаты збору. Сюды трапілі такія выпадкі, як напрыклад, хвароба, догляд састарэлых ці хворых, альбо калі да працоўнага тэрміну не хапае некалькі дзён, і іншыя выпадкі, – адзначыў Іван Варанец. – Разам з тым трэба падштурхнуць і тых, хто не хоча працаваць».

У гэтым кірунку ёсць пэўны рух, зазначылі у райвыканкаме. Колькасць зваротаў у службу занятасці павялічылася. «Мы трымаем на кантролі гэту сітуацыю, – паведаміў Варанец, – працоўныя месцы ёсць у сельгаскааператывах, сацыяльнай сферы».

Па словах намесніка старшыні райвыканкама, мясцовыя ўлады пастаянна інфармуюць насельніцтва аб вакансіях. У першую чаргу працу прапануюць тым, хто апынуўся ў цяжкім жыццёвым становішчы і падаў зварот з просьбай аб вызваленні ад уплаты збору.

У райвыканкаме ўдакладнілі, што чакаюць канкрэтных рашэнняў па дапрацоўцы дэкрэта. Важна, каб многія моманты, якія былі разгледжаны камісіямі на месцах, атрымалі адлюстраванне ў новым дакуменце, зазначыў Іван Варанец.

***

У Шумілінскім раёне робяць усё магчымае, каб растлумачыць людзям нюансы Дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Мясцовая ўлада ў большасці выпадкаў пайшла насустрач людзям пры разглядзе зваротаў аб вызваленні ад платы адпаведнага збору. А як жа інакш, калі насамрэч чалавек з сур'ёзных прычын не мог працаваць. Тым, хто мае ў гэтым патрэбу, дапамагаюць. Калі неабходна – і прафесію атрымаць.

– Безумоўна, вядзём работу па рэалізацыі дэкрэта. Наша галоўная задача – як мага больш людзей уладкаваць на працу, а іншых грамадзян стымуляваць перайсці на легальную. Каб усе працавалі сумленна і адкрыта...

У камісію па разглядзе заяў па вызваленні ад выплаты збору звярнуліся больш за 50 чалавек, з якіх 34 звароты былі задаволенымі. Па 19 заявах дадзена адмоўнае заключэнне, паколькі камісія не знайшла ніякіх падстаў для вызвалення, – распавядае намеснік старшыні Шумілінскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Ірына ШАЛАХАВА.

Сярод тых, каго вызвалілі, пераважна пенсіянеры, маладыя людзі, якія не паступілі ў навучальныя ўстановы і не знайшлі працу. Таксама вызвалялі людзей, якія даглядалі хворых сваякоў, але не мелі дакументаў для афармлення апякунства.

Пайшлі насустрач і тым, хто займаецца падсобнай гаспадаркай. Напрыклад, жанчына дапамагае свайму грамадзянскаму мужу, на якога аформлены зямельны ўчастак. Пры гэтым яны разам апрацоўваюць агарод, трымаюць кароў, іншую жывёлу...

Разуменне выклікаюць і людзі, якія доўга хварэлі, але афіцыйна не маюць інваліднасці.

– На сёння працягваецца работа па выкананні Дэкрэта №3. Нам перадалі спісы з падатковай інспекцыі, мы іх прааналізавалі. Цяпер паўторна працуем над выключэннем са спісаў грамадзян – у адпаведнасці з новымі патрабаваннямі дэкрэта.

Сёння ў райвыканкаме адбудзецца нарада. Мы ствараем аператыўныя групы з прыцягненнем работнікаў падатковай інспекцыі, органа ўнутраных спраў, дэпутатаў, прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый, членаў райвыканкама, – працягвае суразмоўца.

Яны будуць займацца не толькі выяўленнем тых, хто доўгі час не працаваў, але і ўстанаўленнем прычын – чаму так было. Калі чалавек сапраўды апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, будзе разглядацца магчымасць аказання дапамогі. І разам з тым трэба вызначацца з грамадзянамі, якія не працавалі і працаваць не збіраюцца.

– Задача, пастаўленая кіраўніцтвам краіны, будзе выконвацца. Гэта не проста. Вакансій для тых, хто не мае спецыяльнасці, няма. Але ёсць магчымасць таго, што яны дзесьці заменяць пенсіянераў. Сёння раёну патрэбны медыцынскія работнікі, бухгалтары, прадстаўнікі іншых прафесій, – падкрэсліла намеснік старшыні.

Цэнтр занятасці актыўна дапамагае людзям, якія жадаюць вучыцца, атрымаць спецыяльнасці, запатрабаваныя на рынку працы. Афіцыйны ўзровень беспрацоўя на Шуміліншчыне – 0,9%.

Ірына Асташкевіч, Аляксандр Пукшанскі, Маргарыта Ушкевіч, «Звязда», 16 сакавіка 2017 г.