/ / Общественно-политические
08.06.2017

Для каго праезд застанецца бясплатным? Растлумачаны парадак праезду школьнікаў і выпускнікоў у летні перыяд

Па-ранейшаму права бясплатнага праезду ў метро (і наземным пасажырскім транспарце) надаецца навучэнцам або выхаванцам устаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі горада на падставе электроннай карты навучэнца або даведкі з бягучым тэрмінам дзеяння. У сувязі з заканчэннем навучальнага года гэтыя дакументы патрабуюць абнаўлення.

Проверка документов

Акрамя таго, неабходна абнавіць даведкі для праезду на перыяд з 1 ліпеня да 31 жніўня тым навучэнцам (у тым ліку выпускнікам 9-х класаў), якія ў летні час будуць задзейнічаны ў гарадскіх праграмах дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, праграмах выхавання і аздараўлення, а таксама дзецям і падлеткам, якія прымаюць удзел у буйнамаштабных масавых мерапрыемствах.

Выпускнікі 11-х класаў змогуць карыстацца бясплатным праездам у сталічным пасажырскім транспарце да 11 чэрвеня ўключна (да заканчэння здачы выпускных экзаменаў і іх адлічэння з устаноў адукацыі).

Варта нагадаць таксама, што пастановай Міністэрства адукацыі нядаўна была зацверджана новая форма даведкі, якая дае школьнікам права бясплатнага праезду ў грамадскім транспарце, а таксама правілы рэгістрацыі такіх даведак. Цяпер у школьнай даведцы, акрамя інфармацыі пра месца жыхарства яе ўладальніка, у ніжнім левым куце даведкі павінен быць уклеены яшчэ і фотаздымак навучэнца памерам 40 на 30 мм. Гэта зроблена для таго, каб даведкай не маглі скарыстацца іншыя асобы.

Надзея НІКАЛАЕВА, «Звязда», 8 чэрвеня 2017 г.