/ / Общественно-политические
05.07.2017

Асацыяцыя мясцовых Саветаў садзейнічае павышэнню аўтарытэта дэпутацкага корпуса ў Беларусі

Здаецца, недахопу ў дэпутатах у нас няма. Механізм мясцовых Саветаў працуе на ўсіх узроўнях – ад сельскіх да абласных. Але гродзенскія дэпутаты вырашылі стварыць новае фарміраванне – першую ў краіне абласную асацыяцыю мясцовых Саветаў. За два гады тут упэўніліся – новая арганізацыя сваімі захадамі садзейнічае аўтарытэту дэпутацкага корпуса.

Анатоль Нікіцін

Крок да самастойнасці

Выхад на міжнародны ўзровень – такую мэту ставяць перад сабой члены асацыяцыі. Іх зараз больш за 400 – амаль трэцяя частка ўсяго дэпутацкага корпуса Гродзеншчыны. У склад асацыяцыі ўваходзяць прадстаўнікі абласнога, гарадскога, 10 раённых і 38 сельскіх Саветаў. Любы член асацыяцыі можа прадстаўляць інтарэсы Саветаў усіх узроўняў на розных канферэнцыях і форумах, у тым ліку міжнародных. Праз асацыяцыю лягчэй знайсці кантакт з прадстаўніцтвам замежных краін, а таксама прыняць удзел у трансгранічных праграмах.

– Усе міжнародныя органы самакіравання лепш ідуць на кантакт менавіта з асацыяцыямі, бо тут прадстаўлены ўвесь дэпутацкі корпус, – падкрэслівае старшыня праўлення Гродзенскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў Анатоль НІКІЦІН. – Калі нейкі праект распачаўся ў сельскім Савеце, яго будзе «цягнуць» уся арганізацыя. Гэта значыць, што ёсць больш шанцаў на поспех.

Пакуль новы кірунак асвойваецца. Але ёсць добрыя перспектывы. Днямі гродзенская асацыяцыя зарэгістравана ў фондзе імя Л. Сапегі, які садзейнічае развіццю мясцовага самакіравання. У Гродне адбудзецца сустрэча з кіраўніком фонду па абмеркаванні сумесных праектаў. Анатоль Нікіцін настроены аптымістычна. На яго думку, асацыяцыя ўжо восенню можа стаць партнёрам міжнародных праектаў, якія накіраваны на ўзнаўленне гістарычных помнікаў, храмаў, сядзіб.

Эскізы падтрымалі

Гродзенцы супрацоўнічаюць з органамі самакіравання Расіі, Украіны, Арменіі. Вынікам гэтага сталі канкрэтныя праекты па ўзнаўленні помнікаў расійскіх генералаў, удзельнікаў вайны 1812 года, якія пахаваны на тэрыторыі вобласці. Так, у Гродне памёр ад ран малады генерал Ланской, якому было толькі 32 гады. Адметны помнік патрабуе рэканструкцыі. Члены асацыяцыі правялі работу па яго абследаванні і заказалі новы праект па аднаўленні агароджы, абліцоўкі, мемарыяльнай дошкі.

Другі праект таксама датычыцца героя вайны 1812 года, генерала Гальперына, які пахаваны ў Зэльве. Эскізы ўзноўленых помнікаў адпраўлены расійскаму боку.

Партнёрам гродзенскай асацыяцыі мясцовых Саветаў стаў маскоўскі музей-панарама «Барадзінская бітва». Менавіта яны выдзяляць сродкі для рэканструкцыі помнікаў, якія па манументальнасці можна паставіць у адзін рад з гістарычнымі аб'ектамі.

– Адзін праект каштуе 7 тыс. долараў, другі – 15 тыс., – паведаміў Анатоль Нікіцін. – Гэтыя грошы паступяць з бюджэту Саюзнай дзяржавы, а мы павінны арганізаваць падрадныя работы.

З асацыяцыяй Арменіі гродзенцы таксама знайшлі агульныя кропкі. Стала вядома, што ў вёсцы Парэчча Слонімскага раёна жылі армяне, якія з'яўляліся прыхаджанамі царквы вялікамучаніка святога Георгія Пабеданосца. У сувязі з гэтым вырашана сумеснымі сіламі правесці рэканструкцыю гэтага храма.

Як генерал-маёр запасу, Анатоль Нікіцін вялікую ўвагу ўдзяляе памяці загінулых у ваенных дзеяннях. У мінулым годзе асацыяцыяй арганізавана работа па добраўпарадкаванні вайсковых могілак – было заменена амаль 80 пліт. Ёсць намер узнавіць усе могілкі, дзе пахаваны і палякі, і немцы, і яўрэі. Да гэтай работы будуць прыцягнуты партнёры замежных краін.

Не наступаць на граблі

Акрамя міжнароднай дзейнасці, удзяляецца ўвага злабадзённым праблемам у грамадстве. Вопыт найлепшых вывучаецца і абагульняецца. Гэта дапамагае іншым не наступаць на адны і тыя ж граблі. Так, падчас выязнога семінара ў Шчучыне разгледзелі пытанне па ўключэнні ў абарот будынкаў, якія пустуюць, альбо тых, якія выкарыстоўваюцца неэфектыўна.

– Такіх аб'ектаў дастаткова ў кожным раёне, – кажа Анатоль Аляксеевіч, – амаль усе яны знаходзяцца на балансе мясцовых Саветаў. Таму мы разгледзелі, як іх рамантаваць, як змяняць іх прызначэнне, на вопыце найлепшых. Наступны семінар правядзём па тэме развіцця прадпрымальніцтва: як лепш задзейнічаць тэрыторыі, якія слаба выкарыстоўваюцца?

Сабраны матэрыял ляжа ў аснову спецыяльнага дапаможніка. Органы мясцовага самакіравання змогуць карыстацца вопытам адзін аднаго. Будзе зроблены аналіз работы Саветаў – членаў асацыяцыі. Дарэчы, уступіць у новае структурнае падраздзяленне могуць усе мясцовыя Саветы па жаданні. Узносы складаюць адну базавую велічыню ў год. Сельскія Саветы наогул вызвалены ад платы за членства. Таксама ёсць дапамога спонсараў. Напрыклад, зараз на рахунку асацыяцыі 9 тыс. рублёў. Зарабляць грошы ўласнымі сіламі арганізацыя не мае права, бо з'яўляецца некамерцыйнай структурай. Таму акцэнт тут робяць на міжнародныя праекты і гранты.

Значная частка фонду ідзе на дабрачынную дзейнасць. Напрыклад, кадэцкі каледж атрымаў нядаўна камплект аргтэхнікі. Аказваецца дапамога некалькім дзіцячым установам. Першыя вынікі работы асацыяцыі мясцовых Саветаў плануецца падвесці ў канцы года.

– Мы распрацавалі дакументы на званне найлепшага сельскага Савета, камітэта тэрытарыяльнага самакіравання, старасты, – зазначае Анатоль Нікіцін. – Нам зрабілі прызы, іх 20. Будуць граматы, а таксама грашовыя прэміі, да 20 базавых велічынь за тры першыя месцы.

Ігар ЖУК, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў:

– Асацыяцыя мясцовых Саветаў створана ў адпаведнасці з законам аб мясцовым кіраванні і самакіраванні. Падобныя фарміраванні ёсць у Польшчы, Літве, Расіі і многіх іншых краінах, у Беларусі гэта першы вопыт падобнай арганізацыі. Галоўная мэта – актыўна садзейнічаць станаўленню і развіццю мясцовага самакіравання.

Маргарыта УШКЕВІЧ, «Звязда» 5 ліпеня 2017 г.
(фота 
– «Звязда»)


Теги: депутат