/ / Общественно-политические
18.01.2017

Дэпутаты мясцовых Саветаў павінны працаваць на апярэджанне

Мясцовае самакіраванне з’яўляецца адным з найважнейшых складнікаў у сістэме беларускай дзяржаўнасці. Яно прайшло вызначаны этап фарміравання, паказала сваю эфектыўнасць і неабходнасць перш за ўсё для нашых людзей. Менавіта мясцовыя органы, цесна кантактуючыя з насельніцтвам, найбольш зацікаўленыя ў вырашэнні рэгіянальных праблем і задавальненні патрэб людзей. Гэта ўлада, найбольш набліжаная да людзей і занятая перш за ўсё вырашэннем іх паўсядзённых, самых неадкладных праблем. І па тым, наколькі эфектыўна яна кіруе падведамаснай тэрыторыяй, людзі мяркуюць пра ўладу ў цэлым. Аб рабоце органаў мясцовага самакіравання, аб іх свайго роду ўнікальнасці і месцы ў сістэме беларускай дзяржаўнасці мы пагаварылі са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандрам ПАПКОВЫМ. 

Аляксандр Папкоў

– Аляксандр Андрэевіч, чым, на Ваш погляд, сёння найперш павінны займацца Саветы дэпутатаў на месцах? Якія галоўныя накірункі іх работы Вы б адзначылі?

– Перш за ўсё, мясцовае самакіраванне адказвае за вырашэнне сацыяльных пытанняў насельніцтва. Гэта адукацыя, ахова здароўя, прадастаўленне паслуг ЖКГ, добраўпарадкаванне гарадоў і пасёлкаў і іншыя найважнейшыя пытанні якасці жыцця, асабліва ў вёсцы. Таксама рэалізуюцца важнейшыя дзяржаўныя праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, падтрымка прадпрымальніцтва, вырашаюцца праблемы забеспячэння занятасці. А зараз гэта найбольш важна і найбольш актуальна.

Дэпутаты павінны быць актыўнымі людзьмі, праводзіць арганізацыйна-масавую і тлумачальную працу з насельніцтвам па пытаннях рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі на месцах.

Бо эфектыўнасць мясцовага самакіравання шмат у чым залежыць не толькі ад наяўнасці неабходных законаў, якія забяспечваюць прававую, арганізацыйную і эканамічную аснову самакіравання, але і ад разумення насельніцтвам сваіх правоў і абавязкаў. Задача дэпутата – арганізаваць людзей, растлумачыць ім іх абавязкі, бо, на жаль, некаторыя людзі прывыклі да ўтрыманства, яны нярэдка лічаць, што мясцовай ўладзе трэба за іх вырашаць нават іх бытавыя пытанні. Дэпутат павінен умець слухаць, пераконваць выбаршчыкаў, гэта значыць, павінна быць зваротная сувязь паміж выбаршчыкам і канкрэтным дэпутатам. Гэта дазволіць своечасова рэагаваць і вырашаць вострыя пытанні, а галоўнае – пазітыўна адаб’ецца на ўзроўні і якасці жыцця людзей.

– Якія крытэрыі ацэнкі дэпутацкай дзейнасці?

– Узровень развіцця рэгіёна, яго адпаведнасць новым патрабаванням, дабрабыт людзей, іх сацыяльнае самаадчуванне.

Праблема ацэнкі эфектыўнасці работы органаў мясцовага самакіравання адносіцца да ліку найменш прапрацаваных у тэорыі і на практыцы. Але мы над гэтым цяпер працуем.

На маю думку, дзейнасць мясцовых Саветаў дэпутатаў павінна ацэньвацца зыходзячы з рашэння наступных асноўных задач на месцах: рашэнне пытанняў устойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамаснай тэрыторыі, уключаючы пытанні занятасці насельніцтва, экспарту, прыцягненне інвестыцый у свой рэгіён, развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва; узровень падрыхтоўкі і правядзення сесій, актуальнасць пытанняў, якія абмяркоўваюцца, і дзейснасць рашэнняў, што прымаюцца; дакладнай і зладжанай работы ўстаноў сацыяльнай сферы, якасці аказання паслуг насельніцтву; паслядоўнага вырашэння пытанняў добраўпарадкавання населеных пунктаў; эфектыўнай работы органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання; інфармавання насельніцтва аб важнейшых падзеях, якія адбываюцца як у асобных рэгіёнах, так і ў краіне, і задачах, якія стаяць перад грамадствам.

– Ці цалкам сёння выкарыстоўваецца дэпутацкі патэнцыял, правы і паўнамоцтвы дэпутатаў? Ці пазбавіліся мы ад фармалізму ў гэтай сферы? Чым звычайны дэпутат можа дапамагчы свайму выбаршчыку?

– На мой погляд, яшчэ некалькі гадоў таму статус і аўтарытэт мясцовай прадстаўнічай улады быў, мякка кажучы, невысокі. Калі казаць пра выканаўчую ўладу, то тут выбудавана жорсткая вертыкаль, і сістэма зладжана працуе. А вось прадстаўнічыя органы ўлады на месцах засталіся некалькі адарваныя ад гэтай канструкцыі і дзесьці нават бездапаможныя.

За апошнія 10 гадоў прыняты шэраг нарматыўных прававых актаў, якія далі магчымасць павысіць ролю органаў мясцовага кіравання і самакіравання ў вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, істотна ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную і прававую базу Саветаў дэпутатаў.

Лічу, што паўнамоцтваў у дэпутацкага корпуса мясцовых Саветаў дастаткова. Існуючая заканадаўчая база дае вялікія магчымасці для іх эфектыўнай дзейнасці.

Гэта – удзел у рабоце сесій Савета, пасяджэннях яго органаў, дэпутацкіх груп, аб’яднанняў, запыты, звароты, удзел у праверках дзяржаўных і іншых арганізацый, унясенне прапаноў аб ліквідацыі парушэнняў законнасці. Пытанне заключаецца толькі ў меры выкарыстання дадзеных паўнамоцтваў і сумленным стаўленні да выканання сваіх дэпутацкіх абавязкаў.

– Пастаянная камісія, якую Вы ўзначальваеце, фактычна каардынуе сувязь Савета Рэспублікі з дэпутатамі ўсіх узроўняў. Ці можна сёння сказаць, што яна зваротная, што дэпутаты «знізу», з месцаў актыўна сябе праяўляюць?

– Перад Пастаяннай камісіяй па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні ставіцца шмат пытанняў. У прыватнасці, гэта пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання дзяржавы, мясцовага самакіравання, аграрнай палітыкі, прыродакарыстання і аховы навакольнага асяроддзя, транспарту, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, гандлю. Па сутнасці, рэгіянальная палітыка ахоплівае ўсе найважнейшыя галіны матэрыяльнай вытворчасці, а таксама занятасці насельніцтва, размяшчэнне сферы абслугоўвання, стымуляванне турызму... Я магу сказаць так: рэгіянальная палітыка мае на ўвазе прыняцце такіх кіраўніцкіх рашэнняў, якія б прынеслі эканамічны росквіт самым далёкім куткам нашай краіны, і кожны чалавек, дзе б ён ні жыў, меў бы магчымасць рэалізаваць свой патэнцыял.

Адным з асноўных і актуальных напрамкаў практычнай дзейнасці Савета Рэспублікі як палаты тэрытарыяльнага прадстаўніцтва з’яўляецца канструктыўнае супрацоўніцтва з мясцовымі органамі ўлады і праца ў рэгіёнах. Хочацца адзначыць, што 23 члены Савета Рэспублікі з’яўляюцца дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў 27-га склікання, у тым ліку 15 – дэпутаты абласных Саветаў дэпутатаў, 9 – раённых і гарадскіх, 4 – сельскіх Саветаў дэпутатаў. У Пастаяннай камісіі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні 4 члены камісіі з’яўляюцца дэпутатамі абласных, раённых і сельскіх Саветаў дэпутатаў.

Думаю, што такое прадстаўніцтва сенатараў у органах мясцовага самакіравання дазволіць выбудаваць больш дакладную сістэмную работу па вывучэнні і абагульненні праблем насельніцтва і фарміраванні на гэтай аснове больш якаснай нарматыўна-прававой базы, яе сістэматызацыі і збалансаванасці на мясцовым узроўні.

Для эфектыўнага вырашэння мясцовымі органамі ўлады задач сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамасных тэрыторый важна палепшыць сістэмны аналіз праблем, якія ўзнімаюцца на сесіях, пасяджэннях выканкамаў, а таксама на сходах грамадзян і ў працоўных калектывах.

У сувязі з гэтым варта ўдасканальваць механізм і каналы інфармавання дэпутатамі мясцовых Саветаў дэпутатаў членаў Савета Рэспублікі і дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, рэспубліканскія і абласныя органы выканаўчай улады аб «балючых пытаннях», якія хвалююць насельніцтва.

Вялікую ролю ў гэтым працэсе павінны адыграць і дэпутаты Саветаў пярвічнага тэрытарыяльнага ўзроўню. Яны стаяць на «перадавым рубяжы» і павінны дайсці да кожнага грамадзяніна, сям’і, вызначыць найбольш вострыя праблемы, запыты людзей, якія пражываюць на выбарчым участку.

– Ці прэстыжна сёння працаваць у сельскіх, раённых Саветах дэпутатаў? Што патрэбна для ўмацавання іх аўтарытэту сярод насельніцтва?

– Што мы разумеем пад прэстыжнасцю работы? Гэта грамадская ацэнка значнасці, прывабнасці пэўнага роду заняткаў. Прэстыж – гэта павага статусу, якая склалася ў грамадскай думцы.

Работа ў органах мясцовага самакіравання – цяжкая, але, я лічу, і прэстыжная. Гэта свайго роду школа, якая фарміруе ключавыя кампетэнцыі пачынаючага кіраўніка, палітыка: здольнасць вырашаць шырокае кола пытанняў, якія датычацца сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамаснай тэрыторыі, паўсядзённых праблем насельніцтва, уменне дамаўляцца з рознымі сацыяльнымі і прафесійнымі групамі, зразумела даносіць свае ідэі да людзей, абараняць правы і інтарэсы выбаршчыкаў. Лічу, што «прафесійную загартоўку» палітыкі, дзяржаўныя служачыя, кіраўнікі арганізацый павінны атрымліваць менавіта ў сістэме мясцовага самакіравання.

Кіраўнікі мясцовых органаў улады павінны быць гаспадарамі на падведамаснай тэрыторыі, дакладна ведаць становішча спраў і аператыўна вырашаць усе наяўныя праблемы, працаваць на апярэджанне.

Ім неабходна вырашаць шырокае кола пытанняў: фарміраваць мясцовыя бюджэты, планаваць сацыяльна-эканамічнае развіццё падведамаснай тэрыторыі, вырашаць многія іншыя жыццёва неабходныя пытанні. Важкую дапамогу ў гэтым могуць аказаць кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў. Так, напрыклад у Гомельскай і Мінскай абласцях прынята практыка правядзення рэгулярных пленарных нарад у старшыні сельсавета, у якіх прымаюць удзел усе кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, што працуюць на адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, незалежна ад формы ўласнасці. Безумоўна, такая форма работы дазваляе абмеркаваць існуючыя цяжкасці і знайсці шляхі для іх пераадолення. На мой погляд, толькі надзейная каманда аднадумцаў можа забяспечыць рэалізацыю пастаўленых задач.

– Ці чакаюць гэтую сферу ў бліжэйшыя гады нейкія рэформы?

– Дадзенае пытанне неаднаразова разглядалася і вывучалася з прыцягненнем шырокага кола навукоўцаў органаў дзяржаўнага кіравання, парламентарыяў, мясцовых Саветаў дэпутатаў і насельніцтва. Было адзначана, што дзеючая ў цяперашні час сістэма мясцовага кіравання і самакіравання ў краіне ў асноўным адпавядае грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай сітуацыі і ў якім-небудзь кардынальным удасканаленні не мае патрэбы. Тым не менш, з улікам пастаўленых кіраўніком дзяржавы новых, маштабных задач па павышэнні ўзроўню жыцця народа, у працы гэтай сістэмы апраўдана правесці шэраг паляпшэнняў, якія павінны насіць узважаны і паслядоўны характар.

У цяперашні час у Савеце Рэспублікі створана рабочая група, якая ўсебакова вывучыла становішча спраў на месцах, праблемныя пытанні работы органаў мясцовага самакіравання і ўнесла адпаведныя прапановы па ўдасканаленні працы названых органаў, якія будуць дэталёва разгледжаны ў Савеце Рэспублікі.

– Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі дзейнічае ўжо дзясяты год. За гэты час якія новыя прыярытэты з’явіліся ў справе каардынацыі дзейнасці мясцовых Саветаў дэпутатаў?

– Стварэнне Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання прыкметна і адчувальна зблізіла нас з органамі ўлады на месцах і дапамагае каардынаваць нашы дзеянні ў адзіным кірунку, выпрацоўваць сістэму ўзаемаадносін з органамі дзяржаўнага кіравання, актывізаваць працу мясцовых Саветаў па рашэнні пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця падведамасных тэрыторый, а галоўнае – уплываць на працэс удасканалення заканадаўства.

Ці апраўдаў сябе Савет па ўзаемадзеянні? Гэта пытанне, вядома, лепш задаць старшыням мясцовых Саветаў дэпутатаў. Аднак скажу, што Саветы атрымалі рэальную магчымасць абмяркоўваць свае праблемы, выносіць іх на дзяржаўны ўзровень, абменьвацца думкамі.

Вядома, гэта сур’ёзная і вялікая работа патрабуе свайго далейшага ўдасканалення.

Падводзячы вынікі сказанаму, хачу адзначыць, што мы можам прылічыць мясцовае самакіраванне да тых рэсурсаў, на якія трэба рабіць стаўку, вырашаючы задачу стварэння новых механізмаў унутранай інтэграцыі і сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Асаблівая каштоўнасць гэтага рэсурсу ў тым, што ён з’яўляецца надзвычай дынамічным і валодае тэндэнцыяй да паскоранага самаразвіцця.

«Звязда», 18 студзеня 2017 г.
(фота – Аксана МАНЧУК)