/ / Общественно-политические
13.12.2017

Пра асаблівасці законапраекта рэспубліканскага бюджэту на 2018 год расказаў член Савета Рэспублікі Уладзімір Панцюхоў

Якім будзе галоўны гадавы фінансавы дакумент краіны? Ад кожнага зробленага намі кроку, прынятага рашэння залежыць (хай гэта і не адразу заўважна), як змяняецца наша жыццё – цяпер, праз пару гадоў ці дзесяцігоддзе. Так і ў выпадку з бюджэтам: ад таго, як ён будзе складзены і выкананы, залежыць вырашэнне задач па праграмах развіцця краіны на пяцігоддзе і далей. Пра асаблівасці законапраекта рэспубліканскага бюджэту на наступны год «МС» расказаў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Уладзімір ПАНЦЮХОЎ.

Бюджет

Вырашэнне сацыяльных задач

«Пагадзіцеся, якасць і ўзровень жыцця насельніцтва краіны шмат у чым вызначаюцца той бюджэтнай палітыкай, якая ў ёй праводзіцца. Задача парламентарыяў разам з урадам праз бюджэтную палітыку падтрымліваць гарантаваны ўзровень жыццезабеспячэння насельніцтва і абавязкова дапамагаць сацыяльна неабароненым групам», – кажа Уладзімір Панцюхоў.

Ужо вядома, што праект рэспубліканскага бюджэту на 2018 год распрацаваны з кансерватыўнага сцэнарыя прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця. Даходы бюджэту на наступны год вызначаны ў суме 20,5 млрд рублёў (або з ростам да чаканага выканання ў адносінах да 2017-га на 7,8%), выдаткі – у суме 19,8 млрд рублёў або 107,0% да мінулага года. Паводле слоў парламентарыя, даходная частка бюджэту сфарміравана зыходзячы з дзеючых падаткаў. Падатковая нагрузка прагназуецца ў памеры не больш за 25,5% да ВУП і не перавысіць узровень, прадугледжаны ў праграмных дакументах.

«Асноўныя пазітыўныя моманты, якія варта адзначыць у праекце бюджэту на 2018 год, звязаныя пераважна з вырашэннем сацыяльных задач. Сацыяльная накіраванасць праяўляецца не толькі праз прамое фінансаванне сацыяльнай сферы (медыцыны, адукацыі, культуры, спорту), але і праз падтрымку сельскай гаспадаркі, транспартнай галіны, жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Канчатковай мэтай яе з'яўляецца зніжэнне коштаў на паслугі гэтых галін для насельніцтва, – тлумачыць член Савета Рэспублікі. – У той жа час праект бюджэту на 2018 год складана назваць бюджэтам развіцця ў поўным сэнсе, паколькі сацыяльныя выдаткі яўна пераважаюць. Таму асноўны фінансавы план краіны, па сутнасці, кансервуе бягучы стан эканомікі».

Адна з перашкод – забюракратызаванасць

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі, у краіне ёсць прыярытэтныя – спецыфічныя або «прарыўныя» – напрамкі, такія як унутраныя і знешнія інвестыцыі, лічбавыя тэхналогіі, АПК і перапрацоўчая прамысловасць, дзяржаўна-прыватнае партнёрства, якія могуць і павінны быць узятыя пад сенатарскую апеку. «Напрыклад, што датычыцца аграпрамысловага комплексу, то ключавая роля ва ўмацаванні фінансавага стану арганізацый АПК павінна належаць Агенцтву па кіраванні актывамі», – упэўнены Уладзімір Панцюхоў. У першую чаргу гэта датычыцца работы Агенцтва ў рамках дасудовага аздараўлення крэдытаатрымальнікаў, забеспячэння адтэрміноўкі ці растэрміноўкі на пагашэнне асноўнага доўгу па крэдытах і іх абслугоўванне.

«Альбо навука. Яна таксама патрабуе фінансаў і не толькі таму, што зараз у нас Год навукі, і не таму, што праходзіць ІІ З'езд вучоных, які павінен стаць «плацдармам» для карэкціроўкі навуковай палітыкі ў краіне. У абгрунтаванні да праекта бюджэту ўрад паказвае, што дадатковай крыніцай фінансавання навуковай сферы будуць выступаць сродкі цэнтралізаванага і мясцовых інавацыйных фондаў. Аднак сёння працэнт асваення гэтых сродкаў нязначны. Лічбы кажуць самі за сябе», – падкрэслівае парламентарый.

На 1 снежня 2017 года выкананне гадавога плана па мясцовых інавацыйных фондах склала 24,1%, а рэспубліканскага цэнтралізаванага фонду – 42,6%.

«Такая сітуацыя з вельмі невысокім узроўнем засваення сродкаў інавацыйных фондаў, што паўтараецца з году ў год, шмат у чым абумоўлена недасканаласцю існуючага алгарытму фарміравання і фінансавання інавацыйных праектаў. Працягласць працэдур узгаднення і розных экспертыз праектаў прыводзіць да таго, што іх рэалізацыя пачынаецца часта толькі ў ІІІ квартале года. Пры гэтым залішнія патрабаванні да праектаў, забюракратызаванасць працэсаў з боку Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях з'яўляюцца бар'ерамі для навукова-даследчых арганізацый, якія ў выніку адмаўляюцца ад удзелу ў праектах», – кажа Уладзімір Панцюхоў. Можа быць, таму ў нас назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя да зніжэння колькасці выдадзеных патэнтаў на вынаходкі – з 1474 у 2011-м да 941 у 2016-м.

Моцныя дапамогуць слабым

Што датычыцца рэгіёнаў, то тут пазіцыя Уладзіміра Панцюхова непахісная: «Моцныя рэгіёны – моцная краіна, моцныя рэгіёны дапамогуць тым, хто слабейшы». Ён лічыць, што ў праекце бюджэту варта ўзмацніць механізмы стымулявання апераджальнага развіцця рэгіёнаў-донараў і падтрымкі рэгіёнаў-рэцыпіентаў. Падыходы па фарміраванні мясцовых бюджэтаў павінны забяспечваць збліжэнне фінансавых магчымасцяў мясцовых бюджэтаў і ствараць стымулы для развіцця рэгіёнаў.

Сёння за мясцовымі бюджэтамі ў поўным аб'ёме замацаваны такія эфектыўныя крыніцы даходаў, як падаходны падатак, падатак на ўласнасць, падатак на прыбытак, што выплачваецца прыватным бізнесам і камунальнымі прадпрыемствамі. Ім адлічваецца каля чвэрці рэспубліканскага падатку на дабаўленую вартасць. Але гэтага мала.

У кіраўнікоў мясцовых органаў улады павінны быць гарантыі, што рост даходаў мясцовых бюджэтаў не абумовіць скарачэнне датацый з рэспубліканскага бюджэту. Кожны дадаткова зароблены рубель павінен застацца ў мясцовым бюджэце.

«Пры фарміраванні бюджэту на 2018 год правы і свабоды мясцовых органаў улады ў распараджэнні сродкамі мясцовых бюджэтаў пашыраны. У прыватнасці, датацыі бюджэтам абласцей разлічаны без уліку дадатковых даходаў ад павышэння мясцовымі Саветамі дэпутатаў ставак падаткаў на ўласнасць і прыросту паступленняў падатку на прыбытак звыш зацверджанага на 2017 год памеру. Гэта дае мясцовым Саветам дэпутатаў магчымасць як зніжэння падатковай нагрузкі для арганізацый і грамадзян, так і нарошчвання даходаў бюджэту. Названыя падыходы патрабуюць далейшага развіцця. Нарошчванне ўласнай даходнай базы мясцовых бюджэтаў і развіццё падатковай аўтаноміі павінны стаць ключавымі прынцыпамі бюджэтнай палітыкі», – адзначае старшыня Пастаяннай камісіі.

Лічбы выклікаюць асцярогу

– Непакояць лічбы, звязаныя з прамымі замежнымі інвестыцыямі. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў сваім звароце да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў красавіку 2017 года назваў прыцягненне інвестыцый разам з нарошчваннем экспарту жыццёвай неабходнасцю. Таму час шукаць і знаходзіць інвестыцыі. Аднак статыстыка такая. З 2011 года доля інвестыцый у асноўны капітал і аб'ём прамых замежных інвестыцый у беларускую эканоміку скараціліся ў 1,6 раза. Актуальным пытаннем застаецца і якаснае змяненне структуры інвестыцый у асноўны капітал. Калі ў 2011 годзе доля машын і абсталявання ў тэхналагічнай структуры інвестыцый складала 45,3%, то ў 2016 годзе – 35,7% (першае паўгоддзе 2017-га – 36,7%), што абумоўлівае зніжэнне аддачы ад інвестыцый.

Шмат гаворыцца прыгожых слоў пра прывабныя ўмовы для інвестара, створаныя ў нашай краіне. І тут можна працытаваць кіраўніка дзяржавы: «Калі ўсе ўмовы створаны, то чаму аб'ёмы інвестыцый скарачаюцца? Дзе мы недапрацоўваем?» Чаму інвестыцыйны клімат у нас, на жаль, рэальна горшы, чым сітуацыя ў эканоміцы?

Разуменне неабходнасці і важнасці інвестыцый, у тым ліку замежных, у рэальны сектар эканомікі ў дзяржаўных органаў сфарміраванае. Аднак сёння інвестыцыйны працэс мае ў большай ступені пасіўны характар. Перакананы, што такі падыход да працы з патэнцыяльнымі інвестарамі ў далейшым недапушчальны і наносіць шкоду інтарэсам дзяржавы.

Але я з аптымізмам гляджу ў будучыню. І веру, што распрацаваныя прагнозныя дакументы, уключаючы меры бюджэтнай палітыкі, дазволяць у 2018 годзе даць жыхарам Беларусі неабходныя пасылы для ўпэўненасці ў заўтрашнім дні.

Вераніка ПУСТАВІТ, «Звязда», 13 снежня 2017 г.