/ / Общественно-политические
01.12.2017

Кансультацыя па правах спажыўцоў: Хто павінен заплаціць за разбіты ў краме посуд?

Учора ў рэдакцыі «Звязды» прайшла прамая лінія па правах спажыўцоў. На пытанні чытачоў адказвала старшыня Беларускага таварыства абароны спажыўцоў Ганна Уладзіміраўна СУША.

Покупатели

– Выпадкова разбіў бутэльку ў краме. Ці павінен я за яе заплаціць?

– Трэба аналізаваць, з якой прычыны гэта адбылося. Многія лічаць, што пакуль не ўзялі чэк у рукі, не нясуць ніякай адказнасці за тавар. Але па правілах рознічнага гандлю пакупнік, які незнарок нанёс пашкоджанне маёмасці крамы, мусіць яе аплаціць. Нават калі нешта разбіла ваша дзіця, а не вы самі, таксама трэба будзе кампенсаваць урон.

Бывае і віна крамы. Напрыклад, вы разбілі посуд, бо вузкі праход паміж паліцамі быў застаўлены каробкамі. Ці паслізнуліся на нявыцертай падлозе. Часам справа ў дрэннай выкладцы тавару: з-за недахопу плошчы крама спрабуе ўціснуць на стэлажы як мага больш тавараў. Тады спажывец плаціць не павінен. Назірала неяк выпадак за мяжой: пакупніца дацягнулася да верхняй паліцы, вырашыла ўзяць пачак кавы, а той паляцеў на адваротны бок, дзе на такім жа ўзроўні стаяла віно. Шэсць бутэлек разбілася. Але крама не спаганяла грашовыя сродкі за гэты інцыдэнт.

Заўсёды ў гандлёвых аб'ектах ёсць відэакамеры, і, калі ўзнікае спрэчнае пытанне, настойвайце, каб паглядзелі запісы і ўбачылі, у чым насамрэч была прычына пашкоджання тавару.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ, «Звязда», 1 снежня 2017 г.