/ / Новости PRAVO.BY
01.11.2017

У Беларусі будзе праведзена навагодняя дабрачынная акцыя «Нашы дзеці»

Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову ад 30 кастрычніка 2017 г. № 805 «Аб праведзенні навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці».

Згодна з дакументам, акцыя будзе праведзена з 11 снежня 2017 г. па 10 студзеня 2018 г.

У рамках акцыі кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў наведаюць дзіцячыя інтэрнатныя ўстановы, апякунскія і прыёмныя сем’і, дзіцячыя бальніцы і інш. Падчас наведвання дзецям будуць уручаны падарункі, а таксама аказана дапамога ў вырашэнні існуючых праблем.

Акрамя таго, 22 снежня 2017 г. у г. Мінску (на базе Палаца Рэспублікі) у рамках названай акцыі адбудзецца дабрачыннае навагодняе свята з уручэннем падарункаў дзецям ва ўзросце 8-14 гадоў з ліку:

  • дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без бацькоўскай апекі, выхаванцаў дзіцячых інтэрнатных устаноў;
  • дзяцей-інвалідаў;
  • дзяцей з мнагадзетных і малазабяспечаных сем’яў, сем’яў бежанцаў;
  • дзяцей, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;
  • навучэнцаў кадэцкіх вучылішч і інш.
Для правядзення гэтага свята будзе створаны арганізацыйны камітэт, у склад якога ўвайдуць: Жарко Васілій Іванавіч (Намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь), Карпенка Ігар Васільевіч (Міністр адукацыі), Карлюкевіч Аляксандр Мікалаевіч (Міністр інфармацыі) і інш.

Таксама пастановай рэкамендавана правесці 26-30 снежня 2017 г. дабрачынныя навагоднія святы для дзяцей у час школьных канікулаў у абласных цэнтрах і г.Мінску, а таксама ва ўсіх гарадах і раёнах краіны з удзелам кіраўніцтва аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, кіраўніцтва гарадоў і раёнаў.

По информации Национального центра правовой информации Республики Беларусь
При использовании материала ссылка на Национальный центр правовой информации Республики Беларусь обязательна!