ПАСТАНОВА ВЯРХОЎНАГА САВЕТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

13 красавіка 1995 г. № 3728-XII

Аб правядзеннi рэспублiканскага рэферэндуму па пытаннях, прапанаваных Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь, i мерах па яго забеспячэнню

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь ПАСТАНАЎЛЯЕ:

1. Правесці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у нядзелю 14 мая 1995 года рэспубліканскі рефэрэндум па важнейшых пытаннях дзяржаўнага і грамадскага жыцця, прапанаваных Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

2. Прыняць да ведама, што Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прапануюцца для ўключэння ў бюлетэнь для галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме наступныя пытанні і варыянты адказаў галасуючых:

2.1. Ці згодны Вы з наданнем рускай мове роўнага статусу з беларускай?

«За» ці «супраць».

2.2. Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь?

«За» ці «супраць».

2.3. Ці падтрымліваеце Вы дзеянні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй?

«За» ці «супраць».

2.4. Ці згодны Вы з неабходнасцю ўнясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі?

«За» ці «супраць».

У адпаведнасці з артыкуламі 1, 14, 39 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь выносіць першае, другое і трэцяе пытанні на абавязковы рэспубліканскі рэферэндум, рашэнне якога з’яўляецца канчатковым, мае абавязковую сілу на ўсёй тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, а чацвёртае – для прыняцця кансультатыўнага рашэння, якое мае рэкамендацыйны характар.

3. Арганізацыю падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага рэферэндуму ўскласці на Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.

4. Устанавіць, што паўнамоцтвы абласных, Мінскай гарадской, раённых, гарадскіх раённых у гарадах, участковых камісій па рэферэндуму ажыццяўляюць адпаведныя тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.

5. Выдачу бюлетэняў для галасавання па пытаннях, вынесеных на рэспубліканскі рэферэндум, праводзіць па спісках выбаршчыкаў, складзеных для правядзення выбараў дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь.

6. Улічваючы, што назначаны на 14 мая 1995 года рэспубліканскі рэферэндум будзе праводзіцца адначасова з выбарамі дэпутатаў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, устанавіць, што прадугледжанае часткай восьмай артыкула 28 Закона «Аб народным галасаванні (рэферэндуме) у Рэспубліцы Беларусь» папярэдняе – за 15 дзён да рэферэндуму – галасаванне не праводзіцца.

7. Кабінету Міністраў Рэспублікі Беларусь, мясцовым Саветам дэпутатаў, мясцовым выканаўчым і распарадчым органам забяспечыць у адпаведнасці з заканадаўствам аб рэферэндуме гарантыі свабоднага волевыяўлення грамадзян па пытаннях, якія выносяцца на рэферэндум, выключыўшы магчымасць аказання на грамадзян любога неправамернага ўздзеяння, што перашкаджае свабоднаму ажыццяўленню імі права ўдзелу ў рэферэндуме.

8. Кабінету Міністраў Рэспублікі Беларусь па прадстаўленню Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў у трохдзённы тэрмін вырашыць пытанні матэрыяльнага і фінансавага забеспячэння правядзення рэспубліканскага рэферэндуму, абслугоўвання яго прадпрыемствамі і арганізацыямі транспарту і сувязі.

9. Рэкамендаваць сродкам масавай інфармацыі арганізаваць усебаковае і аб’ектыўнае растлумачэнне сутнасці пытанняў, якія выносяцца на рэспубліканскі рэферэндум, рэгулярна асвятляць ход падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму.

 

Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

М.Грыб